Гусі́ная цыбу́ля[3] (Gagea) — род кветкавых раслін сямейства Лілейныя.
Невысокія (зрэдку да 30 см[4]) шматгадовыя травяністыя расліны, рана квітнеючыя цыбульныя эфемероіды (улетку надземныя часткі адміраюць) з адной-трыма цыбулінамі (іншы раз каля асновы галоўнай цыбуліны развіваецца шмат дробных цыбулінак). Прыкаранёвы ліст адзін, зрэдку два. Кветкі дробныя, жоўтыя (рознага адцення), радзей белаватыя, зеленаватыя ці чырванаватыя, у раскідзістых гронка-парасоналадобных суквеццях. Плод — трохгнездавая каробачка.
Вядома больш за 130 відаў (некаторыя аўтары даюць лічбу 280[5]). Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі, а таксама ў Паўночнай Афрыцы. На тэрыторыі Беларусі трапляюцца 8 відаў. Найбольш вядомыя і пашыраныя гусіная цыбуля жоўтая (Gagea lutea) і гусіная цыбуля малая (Gagea minima), растуць пераважна ў вільготных лісцевых і мяшаных лясах, хмызняках, садах і парках; рэдка трапляюцца гусіная цыбуля зярністая (Gagea granulosa), гусіная цыбуля пакрывальцавая (Gagea spathacea), гусіная цыбуля Пачоскага (Gagea paczoskii)[6], па звестках навуковай літаратуры вядомы гусіная цыбуля лугавая (Gagea pratensis), нізкая (Gagea pusilla) і чырванеючая (Gagea liotardii).
Лекавыя, харчовыя, кармавыя, меданосныя і дэкаратыўныя расліны.