wd wp Пошук:

Гаіці

Гаі́ці (гаіц. крэольск.: Ayiti, фр.: Haïti), Рэспу́бліка Гаі́ці (гаіц. крэольск.: Repiblik Ayiti, фр.: République d’Haïti) — дзяржава ў Карыбскім моры, займае заходнюю частку вострава Гаіці і шэраг прылеглых невялікіх астравоў. Тэрыторыя — 27,8 тыс. кв. км. Насельніцтва — больш за 10 млн чалавек. Другая ў Карыбскім рэгіёне па колькасці насельніцтва пасля Кубы. Сталіца — Порт-о-Прэнс (каля 2,4 млн жыхароў). Насельніцтва пераважна негроіднае. Дзяржаўныя мовы — французская і крэольская, на якой гаворыць 85 % насельніцтва. Грашовая адзінка — гурд. Нацыянальнае свята — 1 студзеня — Дзень незалежнасці (1804). Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне — 10 дэпартаментаў. Найбяднейшая краіна Заходняга паўшар’я.

Этымалогія

Назва вострава з мовы індзейцаў таіна перакладаецца як «Горная краіна».

Геаграфічнае становішча

Займае заходнюю частку (35 % плошчы) аднайменнага вострава і прыбярэжныя астравы, найбуйнейшыя з якіх - Тарцю, раней Тартуга (на поўнач ад вострава Гаіці), Ганаў (у заліве Ганаў), Ваш (на поўдні). Трэцяя па плошчы дзяржава Антыльскіх астравоў. На поўначы абмываецца Атлантычным акіянам, а на поўдні - Карыбскім морам. На захадзе ў востраў удаецца заліў Ганаў. Ўсходнюю частка вострава займае Дамініканская Рэспубліка, адзіная краіна, з якой у Гаіці ёсць сухапутная мяжа (360 км). Ад Кубы адасоблена Наветреным пралівам.

Прырода

Востраў размешчаны ў зоне сутыкнення Паўночна-Амерыканскай і Карыбскай літасферных пліт, што абумовіла горны рэльеф і высокую сейсмічнасць тэрыторыі (самы моцны землятрус адбыўся ў 2010). Рэльеф Гаіці ўяўляе сабой чаргаванне сярэдневысокіх моцна расчлененых гор і нізін. Усе горныя хрыбты маюць больш высокі працяг у дамініканскай частцы вострава Гаіці. Хрыбты поўначы (Паўночных хрыбет) і поўдня (хрыбет Ла-Сёль) фармуюць паўастравы. Да гор Ла-Сёль належыць вышэйшы пункт Гаіці Ла-Сёль (2680 м). Да заліва Ганаў прымыкае пласкагор’е Плато-Сантраль. З карой выветрывання звязаны паклады баксітаў.

Клімат — трапічны пасатны. Сярэднегадавая тэмпература складае каля +25 ° С. Для Гаіці характэрны летні максімум ападкаў з пікамі ў красавіку-чэрвені і верасні-кастрычніку; на падветраных схілах выпадае 500-800 мм ападкаў у год, у той час як на наветреных схілах — да 2500 мм. У Гаіці часта завітваюць разбуральныя трапічныя ўраганы («Іван» і «Жанна» ў 2004 годзе).

З Дамініканскіх гор у заліў Ганаў сцякае рака Артыбаніт, на ёй пабудавана вадасховішча Пялігр.

Расліннасць падветраных схілаў — кактусы, багаткі, пальма сабаль; унутраныя даліны пакрываюць саваны з хвоямі. У гарах поўдня — вільготныя трапічныя лясы (махагоні, дальбергія). З млекакормячых — агуці і завезеныя для барацьбы з пацукамі мангусты. Сустракаюцца тры віды кракадзілаў.

Гісторыя

Асноўны артыкул: Гісторыя Гаіці

Дакалумбавы перыяд

Востраў Гаіці (Эспаньёла) быў населены прыблізна з 5000 года да н.э. групай індзейцаў, якія, як мяркуецца, прыбылі з Цэнтральнай ці Паўднёвай Амерыкі[1]. Сярод гэтых ранніх пасяленцаў былі народы Сібанеі, а за імі — Таіна, якія размаўлялі на аравакскіх мовах, элементы якіх захаваліся ў Гаіцянскай крэольскай мове.

Каланіяльны перыяд

Іспанская каланізацыя (1492–1625)

Асноўны артыкул: Новая Іспанія

Піктаграма таіна 1510 года, якая распавядае пра місіянераў, якія прыбылі на Гаіці

Востраў, заселены плямёнамі аравакаў (зборная назва - таіна), быў адкрыты 6 снежня 1492 года Хрыстафорам Калумбам і названы ім Эспаньола («Маленькая Іспанія»); падчас другога плавання Калумба тут была заснавана першая іспанская калонія ў Новым Свеце (Ла-Навідад). «Я загадаў пабудаваць вежу, крэпасць і вялікі склеп, - пісаў Калумб ў журнале. - Я ўпэўнены, што мае людзі здольныя скарыць увесь востраў … бо насельніцтва голае, без зброі і вельмі баязлівае ». Аднак «голыя» індзейцы аказалі супраціў іспанскім канкістадорам і ў той жа год спалілі Ла-Навідад. У XVIXVII стагоддзях індзейскае насельніцтва востава вымерла.

Французская каланізацыя (1625–1804)

Асноўныя артыкулы: Сан-Дамінга і Французская Вест-Індыя У 1697 годзе быў падпісаны Рейсвейкскі мір, паводле якога заходняя частка вострава адышла да Францыі пад назвай Санта-Дамінга, а ўсходняя частка засталася ў Іспаніі. Французы разбілі плантацыі цукровага трыснягу, для якіх завозілі рабоў з афрыканскіх калоній. У 1795 годзе Францыя атрымала кантроль над усім востравам.

Гаіцянская рэвалюцыя (1791–1804)

Асноўны артыкул: Гаіцянская рэвалюцыя Гаіці заваёўвае незалежнасць ад Францыі ў 1804 годзе ў ходзе паспяховай гаіцянскай рэвалюцыі (1791-1804) і становіцца другой пасля ЗША незалежнай дзяржавай у Амерыцы і першай у свеце рэспублікай на чале з чарнаскурымі.

Перыяд незалежнасці

У 1804-1806 была імперыяй на чале з Жан-Жакам Десалінам (Жак Першы), а ў 1806-1820 рэспубліка суіснавала з каралеўствам (кароль Анры Крыстаф). У 1808 годзе Іспанія зноў вярнула сабе ўсходнюю частку вострава. У 1822 годзе Гаіці вяртае пад свой кантроль тольки вызваліўшуюся ад Іспаніі Дамінікану і валодае ёй да канчатковага “разводу” ў 1844, калі ў выніку антыгаіцянскага паўстання ва ўсходняй частцы вострава была абвешчана Дамініканская Рэспубліка. 1849 - 1859 - Другая Імперыя (імператар Фаустын Першы). 1915-1934 - акупацыя Гаіці войскамі ЗША. У 1957 годзе пасаду прэзідэнта Гаіці заняў былы міністр аховы здароўя, змагар з тыфам Франсуа Дзювалье, які пасля стаў дыктатарам. Апорай яго ўлады былі Тантон-Макуты - карныя паліцэйскія атрады. У міжнароднай супольнасці Дзювалье атрымаў вядомасць пад мянушкай Папа Док.

Справа - Франсуа Дзювалье

У 1971 годзе ўладу ўспадкаваў ягоны сын, двадцацігадовы Жан-Клод Дзювалье (Бэйбі Док). Ён не быў настолькі жорсткім і бескампрамісным, як бацька, і ў 1986 годзе рэжым клана Дзювалье быў зрынуты.

Першыя ў гісторыі Гаіці свабодныя прэзідэнцкія выбары, якія адбыліся ў 1990 г. прынеслі перамогу святару Ж.-Б. Арыстыду. Аднак у 1991 г. у Гаіці ізноў адбыўся ваенны пераварот, у выніку якога ён быў выгнаны з краіны. Пасля ўводу ў Гаіці на аснове рэзалюцыі Савета Бяспекі (СБ) ААН шматнацыянальных сіл для падтрымання парадку і стабільнасці атрымалася дабіцца добраахвотнага сыходу путчыстаў. На выбарах 1995 г. перамогу атрымаў створаны Ж.-Б. Арыстыдам (апорай якому служыла «Армія канібалаў») палітычны рух «Лавалас». Прэзідэнтам стаў яго кандыдат Рэне Прэваль. Аднак рух раскалоўся на прыхільнікаў Арыстыда — Прэваля («Сям’я Лавалас») і апазіцыю, якая паўстала ў выніку аб’яднання неаднастайных па сваім складзе палітычных груп і няўрадавых арганізацый. Выбары 2000 выйграў Ж.-Б. Арыстыд, які, знаходзячыся ў улады ў 2001—2003, не змог забяспечыць нацыянальнае прымірэнне, утаймаваць злачыннасць, рашыць складаныя ўнутрыпалітычныя і сацыяльна-эканамічныя праблемы. 2004 г. — мяцеж Арміі канібалаў, з удзелам былых вудуісцкіх узброеных фарміраванняў — былых Тантон-Макутаў, падтрыманы Францыяй ды ЗША, Арыстыд быў эвакуяваны ў ЦАР.

У 2004 г. СБ ААН прыняў рэзалюцыю № 1529, на падставе якой у Гаіці былі ўведзеныя Часовыя шматнацыянальныя сілы, а з 1 чэрвеня 2004 наўзамен іх разгорнутая Місія ААН па стабілізацыі ў Гаіці (МААНСГ). У выніку, першым чынам, яе мэтанакіраванай працай атрымалася некалькі падвысіць узровень бяспекі ў краіне і правесці 7 лютага 2006 г. прэзідэнцкія выбары, перамогу на якіх атрымаў Р. Прэваль. У 2011 перамогу на выбарах атрымлівае музыка Мішэль Мартэі.

Дзяржаўны лад

Паводле канстытуцыі 1987 выканаўчая ўлада ажыццяўляецца ўрадам на чале з прэзідэнтам, абіраным шляхам прамых і таемных выбараў на 5-гадовы тэрмін без права перавыбрання на другі тэрмін запар, але можна пераабраць прэзідэнта з інтэрвалам у 5 гадоў.

Заканадаўчая ўлада — парламент (Нацыянальная асамблея), які складаецца з Сената і Палаты дэпутатаў (30 сенатараў, 99 дэпутатаў, абіраюцца па сістэме, што працуе ў Злучаных Штатах). У цяперашні час у Гаіці маецца каля 30 палітычных партый і аб’яднанняў.

Насельніцтва

Другая па колькасці насельніцтва Карыбскае дзяржава. Пры прагназаванні паказчыкаў для насельніцтва Гаіці (працягласць жыцця, дзіцячая смяротнасць і т.п.) эксперты ўлічваюць наступствы СНІДу (заражанасць ВІЧ - больш за 2 % насельніцтва). Натуральны прырост 1,35 % (2017), міграцыйны - -0,2 %. Каля 1 млн гаіцян пражываюць у ЗША, 0,8 млн - у Дамініканскай Рэспубліцы. Палова насельніцтва маладзей за 20 гадоў. Сярэдняя працягласць жыцця ў 2017 склала 64 гады. Дзіцячая смяротнасць - каля 46,8 на 1000 чал (2017), вышэй толькі ў Афрыцы.

Порт-о-Прэнс

У 1789 на востраве пражывалі 36 тыс. белых і каля паўмільёна чарнаскурых, а таксама 28 тыс. вольных мулатаў. Прапорцыі расавых груп праз дзвесце гадоў не змяніліся. Дзяржаўныя мовы - французская і гаіцянская крэольская. Па дадзеных на 2017 год каля 54,7 % гаіцян вызнаюць каталіцтва, у той час як пратэстанты складаюць каля 28,5 % насельніцтва (баптысты 15,4 %, пяцідзясятнікі 7,9 %). Вуду, рэлігія з афрыканскімі каранямі, паўстала ў каланіяльныя часы, калі рабы былі вымушаныя маскіраваць сваіх лоа або духаў пад рымска-каталіцкіх святых, па-ранейшаму практыкуецца некаторымі гаіцянамі. Дакладную колькасць адэптаў вуду назваць складана праз сінкрэтызм культу з каталіцтвам. Насельніцтва Гаіці размешчана даволі раўнамерна, вялікая шчыльнасць ў раёнах буйных гарадоў. Урбанізацыя - 61% (2017). У агламерацыі Порт-о-Прэнс пражывае 2,44 млн чалавек. (2015), у Кап-Айцьене - 534 тысячы. Узровень пісьменнасці - 60,7 % (2015).

Эканоміка

Гаіці - адна з самых бедных, нестабільных краін свету, самая бедная краіна Амерыкі і Заходняга паўшар’я. Эканоміка Гаіці да гэтага часу не акрыяла ад наступстваў землятрусу 2010 і эпідэміі халеры, што рушыла за ім. У год пасля землятрусу галадалі 58 % гаіцян. Асноўная крыніца валютных даходаў краіны - грашовыя пераводы ад эмігрантаў (25 % ВУП, удвая больш за даходы ад экспарту). Вялікае значэнне для эканомікі мае міжнародная дапамога.

Прамысловасць развіта слаба, хоць у Гаіці маюцца паклады медных і малібдэнавых руд, золата, серабра, баксітаў. У малой колькасці здабываюцца баксіты і золата. У 1960-я Пялігрская ГЭС выпрацоўвала амаль усю неабходную электраэнергію, сёння яе доля не перавышае і траціны (у асноўным з-за змяншэння расходу вады ў рацэ і заглейвання вадасховішча). Галоўныя галіны прамысловасці - цукровая, мукамольная, тэкстыльная (дае 80% экспартных паступленняў).

У сельскай гаспадарцы занята 38 % насельніцтва (2010). У даліне ракі Артыбаніт знаходзіцца асноўны раён вырошчвання збожжавых культур (рыс, кукуруза, сорга). Вырошчваюцца таксама кава, манга, цукровы трыснёг. Гаіці - сусветны лідар па вырошчванні веціверу - травы, з каранёў якой атрымліваюць эфірны веціверавы алей, які выкарыстоўваецца ў касметалогіі. Высечка лясоў прывяла да катастрафічнай эрозіі некалі ўрадлівых глеб. Драўніна выкарыстоўваецца як паліва і як сыравіна для лёгкай прамысловасці.

На ЗША прыходзіцца 50% знешняга гандлю. Іншыя важныя партнёры - краіны Еўрасаюза, Канада, Дамініканская Рэспубліка. Імпарт пераважна складаецца з прадуктаў харчавання і паліва.

Некаторыя цікавінкі

Цытадэль Лафер'ер

Гл. таксама

Зноскі

  1. James A. Ferguson, Murdo J. MacLeod, Christian Antoine Girault, Robert Lawless Haiti (англ.) . Encyclopædia Britannica. Праверана 18 сакавіка 2020.
Тэмы гэтай старонкі (6):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Гаіці
Дзяржавы паводле алфавіта
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Франкамоўныя краіны
Вікіпедыя:Старонкі з модулем Hatnote з чырвонай спасылкай