wd wp Пошук:

Віла Папірусаў

Раскапаная частка вілы Папірусаў

Віла папірусаў (італ.: Villa dei Papiri) — раскошная старажытнарымская загарадная віла, якая раскінулася на плошчы 2 790 м² [1] і аддаленая ад Геркуланума на адлегласць некалькіх сотняў метраў. Пахаваная пад пластом попелу разам з Пампеямі і Геркуланумам пры вывяржэнні Везувія ў 79 годзе, яна была адкрыта ў канцы 1740-х гадоў. Пад кіраўніцтвам Карла Вебера яна даследавалася на працягу шасці гадоў шляхам прабівання калідораў у пародзе, але ў 1765 годзе з-за выхаду газу раскопкі былі згорнутыя. Археалагічныя працы аднаўляліся ў 1930-х і 1990-х гадах, калі за восем гадоў было вычышчана ад пароды каля 10 % тэрыторыі вілы. У 1998 годзе раскопкі былі прыпынены з-за недахопу сродкаў[2].

Апісанне

«Атлет», антычная бронзавая статуя з Вілы папірусаў.
Гарады ў Неапалітанскім заліве, якія спынілі сваё існаванне пасля вывяржэння Везувія ў 79 годзе.
Размяшчэнне вілы Папірусаў і рымскага Геркуланума (чырвоным) сярод сучаснай забудовы (чорным колерам).

Віла была ўзведзена меркавана ў I стагоддзі да н.э. і першапачаткова мела значна больш сціплыя памеры, але пазней была дабудавана. Тэрыторыя вілы мела форму прамавугольніка ў чвэрць кіламетра даўжынёй. У яе заходняй частцы размяшчаўся прасторны перыстыль памерам 90 х 35 м з басейнам па цэнтры і дзясяткамі бронзавых і мармуровых статуй (частка з іх выстаўлена ў Нацыянальным археалагічным музеі Неапаля).

Статуі бегуноў з Вілы папірусаў.

На тэрыторыі вілы было ўстаноўлена мноства бюстаў антычных літаратараў і дзяржаўных дзеячаў — палкаводца Сцыпіёна Афрыканскага, пісьменніка Арыстафана, цара Спарты Архідама III, паэтаў Паніясіса і Феспіса, аратара Дэмасфена, філосафа Эпікура і шматлікіх іншых. Гэтыя знаходкі дазваляюць выказаць здагадку, што ўладальнік вілы быў высокаадукаваным чалавекам і прыхільнікам мастацтваў. Лічыцца, што віла належала Луцыю Кальпурнію Пізону Цэзонію, бацьку Кальпурніі, трэцяй жонкі Цэзара.

Бібліятэка

Найбольш уражваючым адкрыццём вілы з’яўляецца ўнікальная прыватная бібліятэка (адзіная захаваная бібліятэка часоў антычнасці) з 1 800 скруткаў папірусаў з тэкстамі на грэчаскай мове, якія былі складзены ў кошыках і на паліцы шэрагу пакояў. Скруткі (тая частка, якая расшыфравана) утрымліваюць пераважна сачыненні Філадэма, а таксама Цэцылія Стацыя, Хрысіпа, Калотэса, Эпікура і яго вучняў Лукрэцыя, Метрадора з Лампсака, Палістрата і іншых.

Устанавіць аўтараў атрымалася не адразу. У выніку вывяржэння папірусы ператварыліся ў асмаленыя і запечаныя скруткі, якія ламаліся пры першых спробах разгарнуць і прачытаць іх. У 1756 годзе Антоніа П’яджа, святар з Бібліятэкі Ватыкана, збудаваў машыну, якая была здольная разгортваць скруткі, не пашкоджваючы іх. Хоць гэты спосаб адымаў шмат часу, некаторыя найменш асмаленыя папірусы былі расшыфраваны.

У наш час даследаванне скруткаў вядзецца з дапамогай шматзанальнай здымкі, але змест каля паловы з іх усё яшчэ застаецца ўтоеным. Вучоныя таксама мяркуюць, што ў недаследаваных абласцях вілы могуць захоўвацца скруткі са згубленымі тэкстамі дыялогаў Арыстоцеля, п’ес Сафокла, Эўрыпіда і Эсхіла, і невядомыя кнігі «Гісторыі ад заснавання горада», фундаментальнай працы Лівія[3].

Перспектывы даследаванняў

Віла Геці ў Малібу, ЗША.

Пра тое, ці вернуцца археолагі да працы на Віле папірусаў, пакуль не паведамляецца. У 2005 годзе Дэвід В. Пакард, сын сузаснавальніка кампаніі Hewlett-Packard, выказаў гатоўнасць фінансаваць раскопкі[4]. Тым не менш некаторыя вучоныя, у прыватнасці, прафесар Эндру Уолес-Хадрыл, дырэктар Брытанскай школы ў Рыме, лічаць, што не варта фарсіраваць новыя раскопкі без старанна складзенага плану прац, бо гэта можа пагражаць абвальваннем сцен і даху вілы. Паводле меркавання Уолеса-Хадрыла, першым чынам варта заклапаціцца тым, як захаваць яе ўжо адкрытыя часткі, а таксама скончыць працу па расшыфроўцы папірусаў. Дадатковыя складанасці стварае той факт, што віла часткова знаходзіцца пад сучасным паселішчам Эркалана[5].

Віла Геці

У 1974 годзе амерыканскі прадпрымальнік Пол Геці пабудаваў у Малібу копію Вілы папірусаў, якая ўваходзіць у комплекс заснаванага ім музея. Хоць яна і не з’яўляецца дакладнай копіяй — бо арыгінальная віла раскапана толькі часткова, фрагменты будынка, якія адсутнічаюць, былі збудаваны па матывах антычных пабудоў іншых знішчаных вывяржэннем гарадоў, — усё ж дзякуючы ёй можна атрымаць некаторае ўяўленне пра тое, як выглядала Віла папірусаў у часы росквіту Геркуланума.

Гл. таксама

Крыніцы

Зноскі

  1. Lost library, villa emerges after 2,000 years
  2. Hunt for treasures of villa buried by Vesuvius
  3. Classical treasures threatened by Vesuvius
  4. Millionaire to fund dig for lost Roman library
  5. Should Ancient Library Be Excavated? Архівавана 5 снежня 2008.
Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Старажытнарымскія вілы
Катэгорыя·Вілы Італіі
Катэгорыя·Пампеі
Катэгорыя·Сусветная спадчына паводле алфавіта
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96