wd wp Пошук:

Вячаслаў Сцяпанавіч Пратасевіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Пратасевіч. Вячаслаў Сцяпанавіч Пратасевіч (30 (17) красавіка 1913, в. Роспы, цяпер у Капыльскім раёне Мінскай вобласці — 2 лістапада 1992) — беларускі народны майстар традыцыйных музычных інструментаў, выканаўца на дудцы, скрыпцы, жалейках з саломкі, кмену, чароту і інш.

3 1977 г. працаваў у Мінску — у Дзяржаўным акадэмічным народным хоры Беларусі імя Г. І. Цітовіча, у фальклорна-этнаграфічным ансамблі «Харошкі» — майстар па рамонце і настройцы ўнікальных народных музычных інструментаў. Вырабляў дудкі, жалейкі, альты, скрыпкі, цымбалы, ліры і іншае, якія вылучаюцца прыемным тэмбрам, добра трымаюць строй. Спрабаваў таксама рэканструяваць беларускую дуду. Інструменты Пратасевіча выкарыстоўваюць у канцэртнай практыцы вядомыя творчыя калектывы Беларусі.

Біяграфія

Дзяцінства і юнацтва

Нарадзіўся 30 (17) красавіка 1913 года ў в. Роспы ў сям’і беззямельнага селяніна. Яго дзед Іван праслужыў капельмайстарам у царскай арміі 25 гадоў, таму аднавяскоўцы называлі Пратасевічаў «Салдатавы». Ён меў сем сыноў і дзвюх дачок. Людзі ведалі пра сямейны ансамбль Пратасевічаў. Ігралі ўсе, але асабліва вызначаліся сыны Алесь, Сцяпан (бацька Вячаслава), Канстанцін і Фёдар. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі да сямейнага ансамбля Пратасевічаў далучыліся многія аднавяскоўцы.

Музыкі з Роспаў часта выступалі пасля сялянскіх сходаў, на вясковых вечарынах, у першых вясковых клубах. Рэпертуар быў рознабаковы. Ігралі «Грабелькі», «Крыжачок», «На рэчаньку», вальсы «Галубкі», «Майскі сон», маршы «Развітанне славянкі», «Дні нашага жыцця», «Казачок», полькі «Бульба», «Паўлінка», «Смех». Праз некаторы час у ансамблі, спачатку з бубнам, а пасля з маленькай скрыпачкай у руках з’явіўся васьмігадовы хлопчык Веця. Ён тры зімы наведваў пачатковую школу, якая знаходзілася ў панскім доме ва ўрочышчы Гарбахі. Улетку пасвіў кароў у заможных сялян. Гэта быў незвычайны хлопчык. Ён па-свойму ўспрымаў гоман птушак, шапаценне чароту, журчанне вады ў рацэ (жылі побач з ракой Лоша). Прырода стала для яго музычнай школай. Ад бацькі Сцяпана Веця пераняў сталярную і бондарскую справу. Выразаў з дрэва лыжкі і апалонікі, розныя кухонныя прылады, выгінаў з дроту дзівосныя фігуркі-цацкі. А пазней з клёпкі бочкі зрабіў штосьці падобнае на скрыпку, замест струн нацягнуў валасы з конскага хваста. І зайграў… З таго часу пачаў развівацца яго музычны талент.

Здольнасці пляменніка першым заўважыў родны дзяцька Фёдар і вырашыў дапамагчы юнаму таленту. Ён у 1920 годзе, прадаўшы карову, выпісаў з Лейпцыга скрыпку Цімермана пад нумарам трынаццаць і падарыў таленавітаму сваяку. Малады музыкант хутка асвоіў новы інструмент.

У 15-гадовым узросце Вячаслаў навучаўся кавальскай справе ў яўрэя Лейбы Хацкеля з вёскі Харытонаўка. Хутка пра «залатыя рукі» юнака ведалі ва ўсёй акрузе. Сякеры, косы і сярпы карысталіся попытам у Капыльскім і Уздзенскім раёнах. Спачатку з бацькам і дзедам Вячаслаў працаваў у камуне вёскі Мрочкі. Калі пачалі стварацца калгасы, яго першага накіравалі ў Капыльскую МТС на курсы трактарыстаў. І ён хутка асвоіў знатную на той час, амаль «лётчыцкую» справу. Працуючы ў калгасе «Чырвоныя Роспы», юнак займаўся кавальскай справай і рамантаваў гадзіннікі, швейныя машыны, вырабляў розныя рэчы з дрэва і металу.

Дарослае жыццё

У 1939 годзе ажаніўся з мясцовай дзяўчынай Аленай Рудакоўскай. Склалася шчаслівае сямейнае жыццё, нарадзіўся сын, пабудавалі хату. У чэрвені 1941 г. вёска Роспы апынулася ў партызанскай зоне. У хаце Пратасевічаў камандаванне брыгады імя Чапаева размясціла радыёапаратуру і друкарскі станок для лістовак. Майстар на ўсе рукі выклёпваў, выточваў і паяў дэталі, суткамі не адходзіў ад горна: рамантаваў вінтоўкі і кулямёты, падкоўваў партызанскіх коней. Карнікі расправіліся з партызанскімі сем’ямі ў лютым 1943 года. А вясной 1944-га нямецкія самалёты разбурылі вёску. Уцалела некалькі хат. Сярод іх — хата Пратасевічаў. У час бамбёжкі там знаходзілася жонка Алена з нованароджанай дачушкай.

Пасляваеннае аднаўленне

Пасля вызвалення Беларусі пачалося аднаўленне народнай гаспадаркі. Многія жылі ў зямлянках. Працавала кузня Пратасевіча. Майстар сам намываў рачны пясок для лепшай плаўкі і зваркі металу. Са шчыта станкавага кулямёта «Максіма» нарэзваў палоскі і наварваў іх на сярпы, кавалкі шчыта гарматы ішлі на кляпанне сякер. З дроту вырабляў цвікі. Усім гэтым дапамагаў аднавяскоўцам будавацца. Адзін каваль на тры калгасы — ладзіў плугі, бароны. Людзі прыходзілі да яго кожны дзень: каму чыгунок ці патэльню зрабіць, каму рыдлёўку падрабіць. Знайшлі на пажарышчы швейную машынку. І тую адрамантаваў пагарэльцам.

Творчасць

Адначасова з асноўнай працай Вячаслаў Сцяпанавіч займаўся вырабам традыцыйных беларускіх музычных інструментаў: басовыя жалейкі, дудкі-рагаткі і дудкі са свістковым прыстасаваннем, сурмы, валынкі, скрыпкі, альты, цымбалы, ліры выходзілі з-пад яго умелых рук. Перабраўшы мноства кулёў саломы, ён змайстраваў першую дудачку, на якой тады і выканаў папулярную і любімую людзьмі «Кацюшу». Толькі ён ведаў, колькі трэба зрабіць адтулін і на якой адлегласці, пад якім вуглом зрабіць зрэз саломінкі. У 1950 годзе вясковы музыкант становіцца лаўрэатам раённага конкурсу самабытных артыстаў.

У 1961 годзе Пратасевічы пераязджаюць у пасёлак Узда. Там гаспадар уладкоўваецца майстрам па рамонце гадзіннікаў і бытавым абслугоўванні насельніцтва. Разам з сынам Анатолем займаецца пошукам неабходных матэрыялаў для музычных інструментаў. Матэрыялы знаходзілі ў наваколлі роднай вёскі Роспы, таксама ў Белавежскай і Налібоцкай пушчы. (Дазвол на гэта даў сам Міністр культуры).

Ляснікі здзіўляліся, як Вячаслаў Сцяпанавіч выбіраў неабходныя сухія яліны. Да аднаго дрэва падыходзіў, прыкладваў вуха, стукаў і чуў толькі аднаму яму вядомы чароўны звон. А на другое адразу паказваў, што з яго будзе добры інструмент. Што скажаш — талент ад Бога!

У 1978 годзе майстар Пратасевіч перабіраецца да сына і дачкі ў Калодзішчы, што пад Мінскам. Частымі гасцямі ў майстра былі навучэнцы школ, педагогі, навуковыя супрацоўнікі. У яго доме дзеці не толькі майстравалі, але і спазнавалі азы музычных ведаў. У пакоях уздоўж сцен стаялі дудкі з саломінак, кмену, чароту, жалейкі і трубы. На падлозе размясціліся бубны, цымбалы, гуслі, ліры, віяланчэлі. Тут былі і першыя скрыпачкі дзеда Веці.

Успамінае сын Анатоль: «Дом Пратасевічаў быў заўсёды адчынены для гасцей, якіх сустракалі і праважалі маршам. Бацька іграў на скрыпцы, а маці Алена Мікалаеўна брала бубен. Шчырыя і адкрытыя былі яны для людзей».

Вячаслаў Сцяпанавіч знайшоў сваё прызванне: сем гадоў працаваў майстрам па рамонце і настройцы ўнікальных народных музычных інструментаў у Белдзяржфілармоніі, выступаў перад слухачамі ў школах, клубах, на святах. Яго мелодыі запісваліся на Беларускім і Усесаюзным тэлебачанні. Заслужаная артыстка БССР Валянціна Карэлікава, артысты Васіль Купрыяненка, Іосіф Несцяровіч у складзе фальклорнага ансамбля «Харошкі» ў час гастрольных паездак ігралі на яго інструментах перад слухачамі ў Англіі, Італіі, Польшчы, Японіі, многіх іншых краінах. На Кіпры шырокая аўдыторыя параўноўвала гучанне дудак з Беларусі з голасам скрыпак Страдывары.

Вячаслаў Пратасевіч пакінуў багатую культурную спадчыну. Яго музычныя інструменты прывабліваюць наведвальнікаў у Нацыяльным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, краязнаўчых музеях Капыля і Узды. Разышліся яны па блізкім (Расія, Украіна, Прыбалтыка) і далёкім замежжы (Англія, Індыя, Японія, ЗША) разам з беларускімі дыяспарамі. Ён стаў лаўрэатам 1-га Усесаюзнага фестывалю самадзейнай мастацкай творчасці працоўных, узнагароджаны залатым медалём, шматлікімі дыпломамі ўсіх узроўняў. Імя яго назаўсёды ўнесена ў Энцыклапедыю літаратуры і мастацтва Беларусі. Як удзельнік партызанскага руху ўзнагароджаны медалямі «Партызану Айчыннай вайны» ІІ ступені, «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» і інш.

Дзеці народнага творцы знайшлі сваё месца ў жыцці. Сын Анатоль стаў спецыялістам па рамонце швейнага абсталявання. У час адпачынку ў санаторыі «Лясныя азёры» вырабляў з карчоў дрэў фігуры жывёл. Дзве дачкі Ганна і Зоя вывучыліся на фельчараў. Сярод пяці ўнукаў ёсць інжынер-эканаміст (добра грае на акардэоне), майстар-наладчык аўтамабільнага абсталявання, будаўнік. А ўнучка ў Расіі — мастак-мадэльер. Усе яны пакрысе ўзялі цудоўнае і прыгожае ад дзеда.

На месцы былога дома ў вёсцы Роспы ўстаноўлены помнік з прозвішчамі загінуўшых землякоў.

«У мяне столькі задум, што не хопіць майго жыцця!» — апошнія словы Вячаслава Сцяпанавіча для нашчадкаў.

Узнагароды

Лаўрэат 1-га Усесаюзнага фестывалю самадзейнай мастацкай творчасці працоўных (залаты медаль; 1975—1977), неаднаразова ўдзельнічаў у перадачах Беларускага тэлебачання і радыё, музычна-этнаграфічных канцэртах.

Памяць

19 лютага 2003 года завулку Нікалаеўскі ў аг. Калодзішчы Мінскай вобласці было нададзена імя В. С. Пратасевіча. Многія інструменты захоўваюцца ў Дзяржаўным музеі БССР, Уздзенскім краязнаўчым музеі, Літаратурным музеі Янкі Купалы ў Мінску.

Літаратура

  • Низина, И. Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Самозвучащие, ударные, духовые. — Мн., 1979. — С. 81, 96 — 98.
  • Пратасевіч В. С. // Сахута, Я. М. Беларускае народнае мастацкае кавальства. — Мн.: Полымя, 1990. — С. 56 — 58.
  • Я. М. Сахута аб майстры Пратасевіч В. С.
  • Уладзімір Аляхновіч «Народнае мастацтва. Саломінкі чароўная ігра».
  • Н. И. Гарковенко, Колодищи — неиссякаемый родник удивительных судеб. Музыка сонечнага куста , Минск «Бестпринт» 2019.
  • Ядвига Малевич «Самародак зямлі Капыльскай».
  • Белорусские народные музыкальные инструменты, 1979.
  • Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі, 1987; Пратасевіч Вячаслаў Сцяпанавіч // Т. 4. — С. 380—381.
  • Беларуская народная інструментальная музыка, 1989.
  • Памяць. Уздзенскі раён, 2003.
  • Летописи поселка Колодищи, 2015.
  • Колодищи — неиссякаемый родник удивительных судеб, 2019.
  • Бярозка № 9, 1986. Играй, соломинка, играй.
  • Беларусь № 4, 1987. Іграй жа, дудачка, іграй на радасць.
  • Мастацтва Беларусі № 2, 1988. Саломінкі чароўная ігра.
  • Помнікі гісторыі і культуры Беларусі № 2, 1989. Музычны летапіс народа.
  • Знамя юности, сентябрь 1975. Родники.
  • Вечерний Минск,27.12.1980. Мелодии золотой соломинки.
  • Літаратура і мастацтва, 15.05.1981. Музыка сонечнага куста.
  • Слава працы, 12.09.1981. Просьба з Бельгіі.
  • Наша слова, 30.06.1983. Прысвечана самабытнаму майстру.
  • Советская Белоруссия, 01.09.1985. Пой, моя скрипка.
  • Чырвоная змена,13.10. 1985. Майстар і музыка.
  • Слава працы, 02. 06.2013. Дзед Веця — майстар і музыка з Роспаў.
  • Советская Белоруссия, 02.04.1987. Минская весна. Свята.
  • Железнодорожник Беларуси, 23.07.1987. Живет такой мастер.
  • Вечерний Минск, 28.11.1989. Добрый день, мастер.
  • Вечерний Минск, 16.06. 1993. Выставка Памяти мастера.
  • Вечерний Минск, 22.06.1993. К истокам.
  • Вечерний Минск, 23.06.1993. Возрождение традиций. Цэнтр гульні і цацкі. Лауреат I -го Всесоюзного конкурса 1975—1977.
  • Культура, № 24 23.06.1993 Памяти мастера.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (19):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Слуцкім павеце
Катэгорыя·Памерлі 2 лістапада
Катэгорыя·Узнагароджаныя медалём «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Стылістычна некарэктныя артыкулы
Катэгорыя·Нарадзіліся 30 красавіка
Катэгорыя·Музыканты Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Капыльскім раёне
Катэгорыя·Майстры музычных інструментаў
Катэгорыя·Музыканты паводле алфавіта
Катэгорыя·Артыкулы пра музыкантаў без партрэтаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы да вікіфікацыі
Катэгорыя·Памерлі ў 1992 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся 17 красавіка
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы без зносак
Катэгорыя·Постаці Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1913 годзе
Катэгорыя·Асобы