Во́гынь[1] (польск.: Wohyń, традыцыйная беларуская назва — Воінь ці Вогінь) — вёска ў Польшчы, на рацэ Півоні, за 12 км на ўсход ад Радзыня Падляскага і за 58 км на поўнач ад Любліна. Уваходзіць у склад Радзыньскага павета Люблінскага ваяводства, сядзіба вясковай гміны Вогынь.
Першы пісьмовы ўcпамін пра Воінь (Воін) датуецца 1282 годам. 26 ліпеня 1531 года вялікі князь Жыгімонт Стары надаў гораду магдэбургскае права. У 1537 годзе тут, відаць, збудавалі царкву. 17 чэрвеня 1555 года вялікі князь Жыгімонт Аўгуст надаў гораду герб «у чырвоным полі чорны рак»[2].
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Воінь увайшоў у Берасцейскі павет Берасцейскага ваяводства. Места было цэнтрам ключу. У 1661 годзе кароль і вялікі князь Ян Казімір надаў пляц царкве ў Воіні. У 1794 годзе згарэў драўляны касцёл.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Воінь апынуўся ў складзе Аўстрыі, з пачатку XIX стагоддзя — у складзе Расійскай імперыі, у Радзынскім павеце Сядлецкай губерні. Гэта адарвала мястэчка ад губерняў з пераважна беларускім насельніцтвам. У 1817 годзе Воінскае войтаўства налічвала 17 будынкаў, агулам у месце было 228 будынкаў (у 1864 годзе — 264). У 1844 годзе тут збудавалі мураваны касцёл. У 1881 годзе пажар знішчыў 100 будынкаў.
У часы Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе Воінь занялі нямецкія войскі.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 года Вогынь апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. З пачаткам Другой сусветнай вайны ў 1939 годзе горада занялі войскі Трэцяга Рэйха.
У 1944 годзе Вогынь занялі савецкія войскі, пасля чаго яго зноў перадалі Польшчы.