Вера Раманаўна Лінке́віч[1] (6 ліпеня 1924, Юркевічы, Жыткавіцкі раён, Гомельская вобласць) — беларускі акушэр-гінеколаг, доктар медыцынскіх навук, прафесар.
У 1940 г. скончыла сярэднюю школу, а ў 1948 — лячэбны факультэт Мінскага медыцынскага інстытута.
З 1948 па 1950 гг. працавала раённым акушэр-гінеколагам у Пліскай цэнтральнай раённай бальніцы, у 1951—1954 гг. — ардынатар акушэрска-гінекалагічнага аддзялення Полацкай абласной бальніцы імя У. І. Леніна.
З 1954 па 1956 гг. — Клінічнай ардынатуры на кафедры акушэрства і гінекалогіі Кішынёўскага медыцынскага інстытута, з 1956 па 1959 гг. аспірантура, пасля яе заканчэння па 1963 г. працавала асістэнтам той жа кафедры.
У 1962 г. В. Р. Лінкевіч прысуджана вучоная ступень кандыдата медыцынскіх навук. Тэма кандыдацкай дысертацыі «Развіццё інервацыі жаночых вонкавых палавых органаў».
З 1963 па 1971 гг. працавала асістэнтам, затым дацэнтам 1-й кафедры акушэрства і гінекалогіі Беларускага дзяржаўнага інстытута ўдасканалення ўрачоў (БелДІУУ).
У 1971 г. прысуджана вучоная ступень доктара медыцынскіх навук па дысертацыі «Матэрыялы аб развіцці органаў малога таза жанчыны, развіццё іх інервацыі і значэнне для клінікі».
З 1971 па 1990 гг. загадвала 1-й кафедрай акушэрства і гінекалогіі БелДІУУ. У 1972 г. прысвоена вучонае званне прафесара. Вынікі навуковых даследаванняў В. Р. Лінкевіч атрымалі шырокае прызнанне не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Матэрыялы кандыдацкай і доктарскай дысертацый, прысвечаных эмбрыялогіі палавых органаў і іх інервацыі, дазволілі абгрунтаваць метады пара- і прэсакральнага ўвядзення лекавых рэчываў з мэтай абязбольвання і паскарэнні родаў, а таксама лячэння запаленчых захворванняў жаночых палавых органаў.
Апублікавала 180 навуковых прац, 2 практычныя кіраўніцтвы для ўрачоў па акушэрстве і гінекалогіі (у сааўтарстве), 5 рацыяналізатарскіх прапаноў. Падрыхтавала 7 кандыдатаў навук.