wd wp Пошук:

Валянцін Іванавіч Даніловіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Даніловіч. Валянцін Іванавіч Даніловіч (15 лютага 1936, Калодзішчы, Мінскі раён, Мінская вобласць, БССР — 20 мая 1970, Крым) — савецкі выпрабавальнік парашутнай і касмічнай тэхнікі, майстар парашутнага спорту СССР[d]. Шасціразовы рэкардсмен свету па парашутным спорце[d][1]. Першы чалавек у свеце, які пабываў у стане бязважкасці ў самалёце-лабараторыі[2][3].

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям’і вайскоўца Івана Іосіфавіча і хатняй гаспадыні Марыі Данілаўны Даніловічаў. Дзед працаваў старшынёй калгаса ў Негарэлым, быў расстраляны як польскі шпіён[4].

У дзяцінстве пераехаў з сям’ёй у вёску Дубовы Лог, дзе пайшоў у школу. Потым жыў у Асіповічах, Лапічах, скончыў школу на Сахаліне.

У 1954 годзе паступіў у Маскоўскі авіяцыйны інстытут, падчас навучання захапіўся парашутным спортам. 11 лютага 1956 года ўстанавіў свой першы сусветны рэкорд у скачках з парашутам на дакладнасць прызямлення. У 1957 годзе стаў удзельнікам сусветнага парашутнага групавога рэкорда.

Падчас вучобы ў інстытуце пачаў займацца фатаграфіяй, удзельнічаў у фотавыстаўках, стаў адным з піянераў паветранай здымкі з замацаваным на ахоўным шлеме фотаапаратам[4]. У 1961 годзе скончыў інстытут па спецыяльнасці «інжынер-электрамеханік», пасля чаго працаваў інжынерам-канструктарам у навукова-даследчым інстытуце парашутабудаўніцтва.

У 1962 годзе ўдзельнічаў ва ўстанаўленні двух сусветных парашутных групавых рэкордаў.

У жніўні 1963 — красавіку 1965 года працаваў старшым інжынерам і парашутыстам-выпрабавальнікам Лётна-даследчага інстытута імя М. М. Громава[d]. Выканаў чатыры катапультаванні і каля пяцідзесяці выпрабавальных скачкоў з парашутам. Правёў выпрабаванні некалькіх тыпаў парашутаў і катапультнага крэсла К-5.

У чэрвені 1964 года напісаў заяву камандуючаму Ваенна-паветранымі сіламі СССР, галоўнаму маршалу авіяцыі Канстанціну Вяршыніну з просьбай уключыць яго для палёту ў космас у якасці інжынера і кінааператара.

У рамках падрыхтоўкі да першага выхаду чалавека ў адкрыты космас Сяргей Каралёў паставіў задачу выпрабаваць адмысловы скафандр і шлюзавую камеру, якія ў самыя кароткія тэрміны былі сканструяваны і выраблены пад кіраўніцтвам Гая Севярына[d].

Валянцін Даніловіч выпрабоўваў і адпрацоўваў сістэму шлюзавання і выхаду ў адкрыты космас[3]. Для стварэння бязважкасці выкарыстоўваўся самалёт Ту-104[d], усярэдзіне якога знаходзіўся макет касмічнага карабля «Усход-2[d]» са шлюзавай камерай. Лётчык разганяў самалёт да максімальнай хуткасці, браў штурвал «на сябе» і адразу ж «ад сябе»: Ту-104 рабіў «доўгую горку» — ляцеў па «парабале Кеплера». На вяршыні парабалы на 30 секунд стваралася бязважкасць — выпрабавальнік павісаў у паветры, пасля чаго самалёт зноў прымаў гарызантальны палёт, і выпрабавальнік падаў на падлогу[1].

У 1965 годзе перайшоў на службу ў Дзяржаўны навукова-даследчы інстытут ВПС імя В. П. Чкалава[d], дзе працягваў выпрабоўваць парашуты і катапультавыя крэслы. На працягу жыцця зрабіў каля 1000 парашутных скачкоў, 6 спроб катапультавання, удзельнічаў ва ўстанаўленні 3 сусветных парашутных рэкордаў[1].

20 мая 1970 года Валянцін Даніловіч выпрабоўваў новае катапультнае крэсла К-36[d] на палігоне пад Феадосіяй. З-за памылкі штурмана Су-7[d] ён прызямліўся не на сушы, а ў заліве, заблытаўся ў стропах і захлынуўся. Лекары засведчылі смерць ад утаплення. Па іншай версіі, у час катапультавання лётчык атрымаў пералом пазваночніка, што замінала яму дзейнічаць у вадзе[4].

У далейшым за паспяховае выпрабаванне катапультнага крэсла К-36 быў узнагароджаны званнем Героя Савецкага Саюза Алег Хамутоў[d][1].

Узнагароды

Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі. У 1956 годзе прысвоена званне майстара парашутнага спорту СССР[d].

Памяць

У 1994 годзе ў музеі школы № 2 горада Асіповічы адкрыўся пакой, прысвечаны Валянціну Даніловічу[5].

У 2001 годзе камандуючы паветрана-дэсантнымі войскамі Расіі генерал-палкоўнік Георгій Шпак звярнуўся да Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з просьбай пасмяротна прысвоіць Валянціну Даніловічу званне Героя Беларусі «за вялікі ўнёсак у стварэнне і выпрабаванне новых узораў парашутна-дэсантнай тэхнікі, праяўленыя пры гэтым высокае прафесійнае майстэрства, мужнасць і гераізм»[4][1].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 Николай Качук. Полет длиною в жизнь (руск.) . Мінск: СБ. Беларусь сегодня (19 мая 2001). Праверана 2 красавіка 2020.
  2. Нашыя на арбіце: беларусы, якія ляталі ў космас (бел.) . Мінск: Новы Час (12 красавіка 2018). Праверана 2 красавіка 2020.
  3. 1 2 Наши на орбите. Кто из белорусов осваивал космос (руск.) . Мінск: Аргументы и факты (11 красавіка 2014). Праверана 2 красавіка 2020.
  4. 1 2 3 4 Анна Крючкова. Космос начинался на Земле (руск.) . Мінск: Аргументы и факты № 15 ад 14 красавіка 2010 года (14 красавіка 2010). Праверана 2 красавіка 2020.
  5. Акцёр Папанаў заплакаў, калі пачуў, як ён загінуў (бел.) . Магілёў: Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт (16 красавіка 2015). Праверана 3 красавіка 2020.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (18):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1936 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую Савецкую Энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Памерлі ў Крыме
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Выпускнікі Маскоўскага авіяцыйнага інстытута
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую Савецкую Энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Нарадзіліся 15 лютага
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі 20 мая
Катэгорыя·Загінулі ў авіякатастрофах
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мінскім раёне
Катэгорыя·Постаці авіяцыі СССР
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з вікі-разметкай у малюнку карткі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую Савецкую Энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Чырвонай Зоркі
Катэгорыя·Памерлі ў 1970 годзе