wd wp Пошук:

Аляксей Дудараў

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Дудараў. Аляксей Ануфрыевіч Дудараў (нар. 6 чэрвеня 1950, в. Кляны, Дубровенскі раён, Віцебская вобласць) — беларускі драматург.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і калгаснікаў. Скончыў у 1968 годзе Наваполацкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча нафтавікоў, працаваў слесарам на нафтаперапрацоўчым заводзе. Скончыў у 1976 годзе Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці «акцёр драмы і кіно». Працаваў акцёрам, загадчыкам літаратурнай часткі ТЮГа (1976—1979), членам сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі «Тэлефільм» (Мінск, 1976—1983). З’яўляўся сябрам Саюза пісьменнікаў СССР (з 1979). З’яўляецца сакратаром Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі (з 1987). Член Беларускага ПЭН-цэнтра (з 1989). У 1991—2002 г. займаў пасаду галоўнага рэдактара часопіса «Мастацтва». З 2003 па 2013 г. з’яўляўся мастацкім кіраўніком Драматычнага тэатра Беларускай арміі.

Творчасць

Дэбютаваў у друку ў 1973. Пісаў апавяданні, казкі для дзяцей. Вядомы як драматург і кінадраматург. Выдаў зборнікі апавяданняў «Святая птушка» (1979). Па сцэнарыях А. Дударава пастаўлены кароткаметражныя і мастацкія фільмы («Суседзі», 1979, «Белыя росы», 1984, і інш.).

Аўтар п’ес «Выбар» (паст. 1979), «Парог» (паст. 1981), «Вечар» (паст. 1983), «Злом» (1989). П’есы «Апошні ўзлёт» (паст. 1982) і «Радавыя» (паст. 1984) прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Трагедыя «Купала» (1994) увасабляе трагізм міжусобнай барацьбы ў ВКЛ напярэдадні Крэўскай уніі 1385, «Адцуранне» (1994) — фантасмагарычны погляд на эсхаталагічную загадку краю і народа. «Песня пра зубра» (1994) — сцэнічная варыяцыя па матывах паэмы М. Гусоўскага. Гістарычныя асобы ў яго творах не пафасна рамантызаваныя, а людзі, падуладныя моцным пачуццям, часам здольныя памыляцца, але ўнутрана годныя.

У п’есе «Палачанка» (1998) Аляксей Дудараў паказвае гісторыю шлюбу Рагнеды і Уладзіміра ў святле вялікіх пачуццяў, страсцей. Палачанка праклінае Уладзіміра, і праклён гэты, у духу рамантызаваных твораў, пераносіцца на лёс усёй радзімы. А. Дудараў вельмі актыўна працуе ў жанры гістарычнай драмы: п’есы «Князь Вітаўт», «Ядвіга», «Чорная панна Нясвіжа», «Крыж» і інш. Гледача ў творах А. Дударава на гістарычную тэму прывабліваюць дынамічнасць сюжэта, займальнасць інтрыгі, экзотыка і захаваны каларыт эпохі. У творах драматурга сустракаем незвычайнага героя, надзеленага такімі вартасцямі, як вернасць ідэалу, высакароднасць, шляхетнасць, самаахвярнасць, адданасць Бацькаўшчыне.

Драматург абапіраўся на пэўную літаратурную традыцыю, калі ствараў меладраму «Кім» (2001). У гэтым творы падлетак шукае сродкі, каб вылечыць ад цяжкай хваробы сваю названую сястру, кідаецца ў розныя авантуры, якія прыводзяць да самых неверагодных метамарфозаў і супадзенняў. У фінале расчулены глядач атрымлівае чаканы «хэпі-энд». Да жанру «меладраматычнага дэтэктыву» належыць таксама п’еса А. Дударава «Люці» (2002).

Пераклаў на беларускую мову хроніку У. Шэкспіра «Рычард III».

Тэатральныя пастаноўкі

Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета:

Дняпроўскі акадэмічны тэатр драмы і камедыі:

Прэміі і ўзнагароды

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і інш. узнагародамі. Лаўрэат прэмій Ленінскага камсамола Беларусі (1982) за зборнік апавяданняў «Святая птушка» і п’есу «Выбар», Ленінскага камсамола (1984) за творы апошніх год, Дзяржаўнай прэміі СССР (1985) за спектакль «Радавыя», прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва (2002).

Бібліяграфія

Зноскі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (19):
Катэгорыя·Выпускнікі Беларускай акадэміі мастацтваў
Катэгорыя·Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі СССР
Катэгорыя·Члены Беларускага ПЭН-цэнтра
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Члены Саюза пісьменнікаў СССР
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Дубровенскім раёне
Катэгорыя·Нарадзіліся 6 чэрвеня
Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1950 годзе
Катэгорыя·Супрацоўнікі часопіса «Мастацтва»
Катэгорыя·Лаўрэаты прэміі Ленінскага камсамола
Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі
Катэгорыя·Кавалеры ордэна «Знак Пашаны»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Постаці Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача
Катэгорыя·Члены Беларускага саюза тэатральных дзеячаў
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Драматургі Беларусі
Катэгорыя·Пісьменнікі СССР