wd wp Пошук:

Валерый Антонавіч Урублеўскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Урублеўскі. Валерый Урублеўскі (27 снежня 1836, Жалудок, Лідскі павет, Гродзенская губерня, Расійская імперыя — 5 жніўня 1908, Уарвіль, Эр і Луар, Цэнтр — Даліна Луары, Францыя) — адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 г. у Беларусі, дзеяч польскага і міжнароднага рэвалюцыйнага руху[2].

Біяграфія

Нарадзіўся ў мястэчку Жалудок непадалёк ад Шчучына на Лідчыне. Скончыў Віленскі дваранскі і Пецярбургскі лясны інстытуты[2] (На будынку ўніверсітэта ўсталявана мемарыяльная дошка)[3].

Падчас вучобы ўдзельнічаў у студэнцкім руху, быў членам нелегальнага рэвалюцыйнага гуртка, якім кіравалі польскія рэвалюцыянеры-дэмакраты Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі. Праз гэта завязаў знаёмства са многімі рэвалюцыянерамі, пасябраваў з К. Каліноўскім.

З 1857 г. працаваў памочнікам загадчыка, а пасля загадчыкам лясной школы ў Саколцы на Гарадзеншчыне[2]. Актыўна дапамагаў Каліноўскаму ў яго падпольнай працы, у тым ліку ў выданні і распаўсюджванні «Мужыцкай праўды»[2].

Падчас паўстання кіраваў ваеннымі дзеяннямі інсургентаў. Быў начальнікам штаба паўстанцаў, пазней — камандуючы сіламі Гародзенскага, Люблінскага і Падляшскага ваяводстваў. Ён быў прыхільнікам левага крыла «чырвоных»[2] найбольш актыўных змагароў, якія прытрымліваліся рэвалюцыйных поглядаў, — апоры на сялянскія масы, ліквідацыі памешчыцкага землеўладання, роўных правоў усіх народаў краю. Падчас бою з казакамі 7 жніўня 1864 г. Урублеўскі быў пасечаны шаблямі.

Трохі падлекаваўшыся, ён эмігрыраваў у Францыю[2]. У Парыжы кіраваў дэмакратычнымі арганізацыямі беларуска-польскіх эмігрантаў. Калі 18 сакавіка 1871 года ў Францыі адбылася рэвалюцыя і быў створаны першы ў гісторыі чалавецтва працоўны ўрад Парыжскай Камуны, Урублеўскі, як і многія іншыя яго суайчыннікі, актыўна падтрымаў рэвалюцыйныя памкненні парыжан. У гэтым выступе ён бачыў «сацыяльную рэвалюцыю, якая пры поспеху можа перавярнуць увесь парадак, што існуе цяпер у Еўропе…». У званні палкоўніка (атрымаў напярэдадні паўстання) Урублеўскі прапанаваў камунарам свае паслугі і план ваенных дзеянняў. Неўзабаве яму было прысвоена званне генерала і ён узначаліў адну з трох рэвалюцыйных армій, якая абараняла паўднёвую частку Парыжа.

У баях Урублеўскі паказаў сябе ўмелым, разважлівым і прадбачлівым палкаводцам і змагаўся на чале арміі да апошняга дня існавання Парыжскай камуны. Версальцы завочна прысудзілі яго да смяротнага пакарання.

З фальшывым пашпартам Урублеўскі пераехаў у Вялікабрытанію, дзе блізка пазнаёміўся з Карлам Марксам і Фрыдрыхам Энгельсам[2]. У гэты ж час здароўе яго ў выніку шматлікіх раненняў моцна пахіснулася, яму з цяжкасцю ўдалося пазбегнуць ампутацыі рукі.

Магіла Урублеўскага на могілках Пер-Лашэз

Падлекаваўшыся ў бальніцы Лонданскага ўніверсітэта, Урублеўскі ўступіў у I Інтэрнацыянал[2]. У кастрычніку 1871 г. яго абралі членам Генеральнага савета I Інтэрнацыяналу, сакратаром-карэспандэнтам для Польшчы. Ідэі Інтэрнацыяналу Урублеўскі прапаведаваў у эмігранцкай арганізацыі «Люд польскі», створанай у Лондане па яго ініцыятыве. У 1871—1872 гадах Урублеўскі быў старшынёй судовай («трацейскай») камісіі, якая разбірала канфлікты паміж членамі I Інтэрнацыянала. Падтрымліваў Маркса і Энгельса супраць Бакуніна[4]

Пасля распаду I Інтэрнацыяналу і арганізацыі «Люд польскі» (1876) Урублеўскі перабраўся ў Жэневу. У 1878 годзе ён нелегальна прыязджаў у Расію (Адэса, Пецярбург), сустракаўся з народнікамі-землявольцамі[2].

Калі французскі ўрад аб’явіў амністыю ўдзельнікам Парыжскай камуны, у 1885 г. Урублеўскі пераехаў у Францыю і пасяліўся ў горадзе Ніцы[2]. У 1901 г. французскі ўрад прызначыў яму пенсію. Апошнія гады жыцця ён правёў ва Уарвілі(руск.) бел. (каля Парыжа) у доме былога камунара і земляка Г. Геншынскага(руск.) бел.. Пахаваны ў Парыжы на могілках Пер-Лашэз, каля сцены Камунараў(руск.) бел.[2]. На надмагіллі надпіс: «Гераічнаму сыну Польшчы — народ Парыжа»[5]

Памяць

У Гродне і Катавіцах імем Урублеўскага названы вуліцы.

Ацэнка дзейнасці Урублеўскага дадзена ў словах У. І. Леніна: «…Памяць Дамброўскага і Урублеўскага непарыўна звязана з найвялікшым рухам пралетарыяту ў XIX стагоддзі…»[6].

Зноскі

  1. Find a Grave — 1996. Праверана 29 жніўня 2019.
  2. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 Белорусская ССР: Краткая энциклопедия: [в 5 т.]. Т. 5 Биографический справочник. — Мн.: «БелСЭ» им. П. Бровки, 1982. — 737, [1] с.: портр. — С. 128—129.
  3. Санкт-Петербург. Петроград. Ленинград: Энциклопедический справочник / [Редкол.: Л. Н. Белова, Г. Н. Булдаков, А. Я. Дегтярев и др.]. — М.: Большая Российская Энциклопедия, 1992. — 687 с.: ил., карт.— ISBN 5-85270-037-1
  4. Советская историческая энциклопедия : [в 16 т.] / АН СССР, Ин-т истории. [Т.] 3: Вашингтон — Вячко. — М.: Советская энциклопедия, 1963. — 976 стлб., 14 л. ил. и карт. — (Энциклопедия. Словари. Справочники).
  5. Валерыю Урублеўскаму — ад нашчадкаў… Архівавана 10 студзеня 2014.
  6. В. И. Ленин Собрание сочинений. — Т. 6. — С. 416.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (25):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1836 годзе
Катэгорыя·Члены ППС
Катэгорыя·Вікіпедыя·Старонкі з неадназначнымі геаланцужкамі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Рэвалюцыянеры Польшчы
Катэгорыя·Нарадзіліся 27 снежня
Катэгорыя·Урублеўскія
Катэгорыя·Рэвалюцыянеры Францыі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі 5 жніўня
Катэгорыя·Выпускнікі Віленскага шляхецкага інстытута
Катэгорыя·Сацыялісты Францыі
Катэгорыя·Парыжская камуна
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Генералы Францыі
Катэгорыя·Пахаваныя на могілках Пер-Лашэз
Катэгорыя·Прысуджаныя да смяротнага пакарання
Катэгорыя·Памерлі ў 1908 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў дэпартаменце Эр і Луар
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Жалудку
Катэгорыя·Удзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Марксісты
Катэгорыя·Рэвалюцыянеры Беларусі