wd wp Пошук:

Валасаткаўская капліца

Валасаткаўская капліца — драўляная каталіцкая капліца ва ўрочышчы Валасатка Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці, помнік народнай архітэктурна-скульптурнай творчасці.

Гісторыя

Пабудавана ў 1848 годзе на ўскраіне колішняй вёскі Валасаткі, у полі пры дарозе на Докшыцы. Узведзена як абярэг ад эпідэміі халеры, аб чым сведчыць надпіс на шыльдзе над уваходам: «Zmiłuj się nad nami, Panie. Od nagłej nespodzewanej śmerci i gnewu Twego zachowaj nas. Ratuj [od] choroby cholery. 1848 R» (бел.: Змілуйся над намі, Пане. Ад трагічнай нечаканай смерці і гневу Твайго захавай нас. Ратуй [ад] хваробы халеры. 1848 г)[1].

Нягледзячы на тое, што сама вёска была ліквідавана ў 2003 годзе, капліца дзейнічае. Яе даглядаюць мясцовыя жыхары. На другім баку колішняга паселішча таксама захаваўся каталіцкі крыж.

Архітэктура

Уяўляе сабой невялікае шасціграннае ў плане збудаванне каркаснай канструкцыі з драўлянага бруса. Аснова капліцы — невысокі цокаль (зруб), пастаўлены на валунах. Нясучую канструкцыю складаюць шэсць кутніх брусоў, якія абапіраюцца на цокаль, а ўверсе злучаны гарызантальнымі бэлькамі. Паміж брусамі — сцены з гарызантальных дошак з нашчыльнікамі[2].

Пабудова завершана невысокім гонтавым шатром з макаўкай, які знутры абапіраецца на крыжавіну. У арыгінальным выглядзе дах завяршаўся разной вазай-кубкам[3]. На адной з граняў капліцы размешчаны дзвярны праём, на дзвюх процілеглых — вузкія аконныя праёмы ўверсе на шырыню грані.

У інтэр’еры вылучаецца драўляная скульптура XVIII стагоддзя «Укрыжаванне з прадстаячымі», выкананая народнымі майстрамі. У цэнтры кампазіцыі — укрыжаваны Хрыстос, па баках ад яго Дзева Марыя і Іаан Прадцеча. Унутры капліцы змешчаны выявы як каталіцкіх, так і праваслаўных крыжоў[2].

Зноскі

  1. Зьміцер Лупач. 166-гадовую каплічку і крыж даглядаюць людзі ў нежылой вёсцы на Докшыччыне(недаступная спасылка). — Tut.by, 1 жніўня 2014 (бел.)
  2. 1 2 Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5. С. 102
  3. к // Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд.. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5. С. 49

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (11):
Катэгорыя·Храмы паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з вікі-разметкай у малюнку карткі
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·1848 год у Беларусі
Катэгорыя·З’явіліся ў 1848 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Помнікі беларускага народнага дойлідства
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Капліцы Віцебскай вобласці
Катэгорыя·Культавыя збудаванні Докшыцкага раёна