wd wp Пошук:

Бітва пад Палонкай

Бітва пад Палонкай, Палонкаўская бітва (28 чэрвеня 1660) — адна з пераломных бітваў Трынаццацігадовай вайны (16541667). Адбылася каля мястэчка Палонка на Наваградчыне. Скончылася перамогай аб’яднаных сіл Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага над войскам Маскоўскай дзяржавы.

Палонкаўская бітва — першая буйная перамога Рэчы Паспалітай на канцавым этапе вайны, якая спыніла маскоўскую аблогу Ляхавіцкага замка і прывяла да вызвалення земляў Вялікага Княства Літоўскага па Дняпро на ўсходзе і Дзвіну на поўначы.

Перадумовы

Па паразе абаронцаў Вялікага Княства Літоўскага ў бітве пад Шапялевічамі (1654) войска Маскоўскай дзяржавы, не сустракаючы супраціву, на працягу 16541655 заняло амаль усе землі дзяржавы. Захопнікі ўзялі нават сталіцу Вільню. Далейшы наступ спыніла ў 1655 годзе войска Швецыі, якая склала Кейданскую унію з Літвой і распачала вайну з Польшчай. 3 лістапада 1656 у Нямежы пад Вільняй Рэчы Паспалітая склала перамір’е з Маскоўскай дзяржавай. За царом прызнаваўся тытул вялікага князя літоўскага, а польская шляхта пагаджалася з яго ўладай над украінскімі і беларускімі землямі і забавязвалася абраць цара на найбліжэйшым сойме каралём польскім. Маскоўскае войска распачала вайну са шведамі.

У 1658 годзе, аднак, казакі перайшлі на бок Рэчы Паспалітай. Вайна паміж РП і Масквою аднавілася, аднак польска-літоўскае войска атрымала шэраг паразаў. Да таго ж цар пад канец 1658 года падпісаў перамір’е са Швецыяй і накіраваў войскі на землі Рэчы Паспалітай, якая працягвала з ёй ваяваць.

Пад канец 1659 РП распачала новыя перамовы з царом. Кароль спрабаваў адцягнуць час, каб таксама паспець замірыцца са шведамі. Гэта разумелі і рускія, якія ў часе перамоў распачалі з Полацку новы наступ на ВКЛ. На чале маскоўскага войска быў князь Іван Хаванскі.

Праз Вільню, узяўшы Гродна, захапіўшы Падляшша і выразаўшы абаронцаў Брэста, Хаванскі збіраўся рушыць на Варшаву. Але аб’яднанне харугваў ВКЛ на чале з гетманам вялікім Паўлам Янам Сапегам і войскаў Кароны на чале з ваяводам рускім Стэфанам Чарнецкім прымусілі захопнікаў у лютым 1660 адыйсці да Навагрудку. Маскоўскае войска распачало амаль паўгадавую аблогу Ляхавіцкага замка.

3 Брэста праз Слонім сілы Рэчы Паспалітай рушылі на дапамогу абаронцам Ляхавічаў. Па атрыманні адпаведных звестак Хаванскі з большай часткай свайго войска (8 тыс. чал.) выступіў ім насустрач.

Пачатак

Войскі сустрэліся пад Палонкай. Хаванскі з конніцай стаў на правым флангу, на левым — князь В. Шчарбаты, пасярэдзіне — рэйтары і пяхота. У цэнтры баявога шыхту войска Рэчы Паспалітай размясцілася дывізія С. Чарнецкага (4 тыс. чал.), а на флангах — харугвы П. Я. Сапегі, А. Г. Палубінскага і С. Кміціча (6 тыс. чал.).

Ход бітвы

Гусары Рэчы Паспалітай распачалі імклівую атаку, у выніку якой змялі, пасеклі і патапілі маскоўскую пяхоту. Непрыяцель, што стаяў перад пераправай, змог зрабіць толькі адзіны залп.

Паспяховай была атака гусараў і панцырных, якія прымусілі маскоўскую конніцу ўцякаць. Гэта дазволіла арміі Рэчы Паспалітай нанеслі супольны ўдар па астатняй пяхоце захопнікаў.

Вынікі

Бітва скончылася поўным разгромам войскаў Хаванскага: загінула каля 2 тыс. чал. пяхоты, яшчэ больш коннікаў. Мноства ратнікаў, у тым ліку Шчарбаты, трапіла ў палон. Хаванскі з рэшткамі войска адступіў да Ляхавічаў, зняў аблогу замка і пачаў імклівы адыход на Полацк. Абаронцы Рэчы Паспалітай здабылі шматлікія трафеі, мноства пораху, гармат, харчу.

Бітва засведчыла пераход да Рэчы Паспалітай стратэгічнай ініцыятывы ў вайне[1].

Памяць

2 лістапада 1994 на месцы бітвы каля ўскрайку дарогі ля вёскі Палонка быў урачыста ўсталяваны памятны камень. Праваслаўны і каталіцкі святары асвяцілі гэты памятны знак. Праз нейкі час памятны знак зруйнавалі невядомыя[4].

У 2000 годзе сябры Баранавіцкай Рады ТБМ аднавілі драўляную шыльду ў гонар Палонкаўскай бітвы. Аднак яна прастаяла нядоўга і таксама была знішчана невядомымі.

На 350-я ўгодкі 28 чэрвеня 2010 на месцы бітвы быў зладжаны невялікі фестываль з удзелам прадстаўнікоў рыцарскага клубаў[5].

Зноскі

  1. 1 2 3 ЭнцВКЛ, 2005
  2. Арлоў У., Герасімовіч З. КРАІНА БЕЛАРУСЬ. ВялікАЕ КняствА ЛітоўскАЕ. ІЛЮСТРАВАНАЯ ГІСТОРЫЯ. — Martin, Slovakia, 2012.— 320 с, іл.
  3. Kurbatow O. A. Połonka 1660 — spojrzrnie z Moskwy // Mowią wieki. Magazyn historiczny. № 10/00 (490). 2000. S. 27—36.
  4. Віктар Сірыца. Сталінград XVII стагоддзя // «Наша Ніва», 26 чэрвеня 2010.
  5. Віктар Сірыца. Адсвяткавалі ўгодкі Палонкаўскай бітвы Архівавана 27 ліпеня 2013. // Intex-Press, 30 чэрвеня 2010.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без аўтара
Катэгорыя·1660
Катэгорыя·Бітвы вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў
Катэгорыя·Падзеі 28 чэрвеня