wd wp Пошук:

Беларуская партыя працы

Белару́ская па́ртыя пра́цы (БПП) — ліквідаваная ўладамі палітычная партыя ў Беларусі, якая знаходзілася ў апазіцыі да прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Гісторыя

Створана 25 лістапада 1993 года па ініцыятыве старшыні Савета прафсаюзаў работнікаў аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудавання Аляксандра Бухвостава і старшыні Савета прафсаюзаў работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзя Фядыніча. 24 лютага 1994 года партыя зарэгістравана Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

БПП дзейнічала на аснове захавання і развіцця традыцый і прынцыпаў сацыял-дэмакратычнага і рабочага руху. Асноўная мэта — пабудова ў Рэспубліцы Беларусь дэмакратычнага грамадства, стварэнне прававой дзяржавы на прынцыпах духоўнай палітычнай і эканамічнай свабоды чалавека, дабрабыту, маральнасці, сацыяльнай справядлівасці і згоды грамадзян. Выступае за аптымальнае спалучэнне рыначных механізмаў і дзяржаўнага рэгулявання, за ўдзел работнікаў наёмнай працы ў кіраванні дзяржаўнымі справамі, у абарону правоў і інтарэсаў рабочых, за палітычную падтрымку прафсаюзнага руху.

Арганізацыйная структура

Арганізацыі (партыйныя клубы) БПП былі створаны ў Мінску, Брэсце, Гомелі, Барысаве, Жодзіне, Асіповічах, Салігорску, Бабруйску і інш. Партыйныя клубы ствараліся пры наяўнасці не менш за 5 членаў партыі. На тэрыторыі аднаго раёна або горада абласнога падпарадкавання два і больш партыйных клуба аб’ядноўваліся ў рэгіянальную асацыяцыю партыі.

Кіруючы орган партыі — з’езд, на якім абіраліся старшыня партыі тэрмінам на 2 гады, намеснік старшыні, Савет партыі і рэвізійная камісія. Паміж з’ездамі кіруючы орган — Савет партыі. Савет партыі фармаваў выканаўчы камітэт партыі, які здзяйсняў арганізацыйна-партыйную працу і працу па выкананню рашэнняў Савета партыі.

Дзейнасць

На парламенцкіх выбарах 1995 года партыя атрымала адзін мандат у Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь 13-га склікання, дэпутатам быў абраны Аляксандр Бухвостаў.

У ліпені 2000 года партыя далучылася да Каардынацыйнай рады дэмакратычных сіл, але пасля прыпынення членства ў гэтай структуры БСДП (НГ) у знак салідарнасці перастала браць удзел у пасяджэннях Рады.

9 ліпеня 2001 года Беларуская партыя працы, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада) і іншыя прафсаюзныя, экалагічныя, жаночыя і моладзевыя арганізацыі аб’ядналіся ў левацэнтрысцкую Канфедэрацыю «За сацыяльныя перамены», якая прэтэндавала на ролю супрацьвагі Каардынацыйнай радзе дэмакратычных сіл.

13 жніўня 2001 года старшыня партыі А. Бухвостаў падпісаў пагадненне «Аб узаемных забавязаннях адзінага кандыдата і шырокай грамадянскай кааліцыі ў перыяд і пасля выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2001 года А. Бухвостаў быў даверанай асобай кандыдата Уладзіміра Ганчарыка.

У 2003 годзе партыя далучылася да кааліцыі «Народная кааліцыя 5+».

2 жніўня 2004 года Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь ліквідаваў Беларускую партыю працы за парушэнне заканадаўства. Аднак партыя працягнула неафіцыйную дзейнасць. У кастрычніку 2005 года А. Бухвостаў стаў адным з арганізатараў Кангрэса дэмакратычных сіл, пасля якога члены партыі падтрымлівалі кандыдатуры А. Мілінкевіча як адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года.

З’езды партыі

Колькасць членаў

Зноскі

  1. http://library.fes.de/pdf-files/bueros/belarus/07073.pdf

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (9):
Палітычныя партыі Беларусі
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Палітычныя партыі, заснаваныя ў 1993 годзе
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Палітычныя партыі паводле алфавіта
Зніклі ў 2004 годзе