wd wp Пошук:

Бальдур фон Шырах

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з імем Шырах.

Бальдур Бенедзікт фон Шырах (9 мая 1907 — 8 жніўня 1974) — кіраўнік моладзевай арганізацыі гітлерюгенду ў Трэйцім рэйху, гаўляйтар і рэйхсляйтар Вены, абвінавачаны і асуджаны ў здзяйсненні злачынстваў супраць чалавецтва.

Маладыя гады

Шырах нарадзіўся ў Берліне і быў малодшым з 4-ох дзяцей тэатральнага рэжысёра Карла Бялы фон Шыраха і яго амерыканскай жонкі Эмы Мідлтан Ліны Цілоу. Бальдур паходзіў на чвэрць са знатнага заходнеславянскага роду, а на тры чвэрці быў амерыканцам, паходжаннем з Філадэльфіі. Па лініі маці ц продкі Шыраха паставілі свае подпісы пад Дэкларацыяй незалежнасці ЗША. Ангельская мова была яго першай мовай, па-нямецку Бальдур не мог раўмаўляць да 5-ці гадоў. У хлопца былі дзве сястры: Вікторыя і Разаліна, а таксама брат — Карл Бенедзікт, які здзейсніў самагубства ў 1919 годзе ва ўзросце 19 гадоў. 31 сакавіка 1932 года Шырах ажаніўся з 19-гадовай Генрыетай Гофман, дачкой Генрыха Гофмана, асабістага фатографа і добрага сябра Адольфа Гітлера. Сям’я жаніха была супраць вяселля, але апошняе слова было за магчымымі сувязямі з Гітлерам. Фон Шырах, як прыгадваў Георг Штрасэр, быў «маладым, жанчынападобным арыстакратам», якому Гітлер падараваў і прыгажуню Генрыету, і пасаду ў гітлерюгендзе. Фон Шырах праз шлюб стаў набліжаным да Гітлера. Маладая пара заўсёды была жаданым госцем у Бергхофе — баварскай рэзідэнцыі фюрэра. У маладой сям’і нарадзілася чатыры дзіцяці: Ангеліка, Клаўс, Роберт і Рыхард.

Партыйная кар’ера

Бальдур фон Шырах далучыўся да Wehrjugendgruppe (ваенізаваная моладзевая група) ва ўзросце 10-ці гадоў, стаў сябрам НСДАП у 1925 годзе. Хутка ён быў пераведзены ў Мюнхен і ў 1929 годзе заняў пасаду нацыянал-сацыялістычнай нямецкай студэнцкай лігі. Фон Шырах атрымаў пасаду рэйхсюгендфюрэра (моладзевага лідара) у НСДАП у 1931 годзе, а ў 1933 годзе Бальдур стаў лідарам Гітлерюгенда і атрымаў званне групенфюрэра СА. Хутка малады чалавек пачаў з’яўляцца на публічных партыйных мерапрыемствах, напрыклад — партыйны сход у Нюрнбергу ў 1934 годзе, дзе ён з’явіўся разам з Гітлерам перад аўдыторыяй юных нацыянал-сацыялістаў. Гэтыя кадры ўвайшлі ў гісторыю дзякуючы фільму Лені Рыфеншталь «Трыумф волі», знятым адмыслова для нацысцкай партыі. Фон Шырах сваёй дзейнасцю задаваў мілітарысцкі тон дзейнасці арганізацыі, моладзь вучылася абыходзіцца са зброяй, жыць у палявых умовах і г.д. Калі маладыя людзі падрасталі, яны станавіліся салдатамі вермахта, але ў канцы Другой Сусветнай вайны з-за недахопу салдат у частках вермахта, пачаўся прызыў хлопчыкаў з 12 гадоў у войска. 12-я танкавай дывізія СС «Гітлерюгенд» была цалкам сфармавана з байцоў гітлерюгенда і адзначылася ў баях за Нармандыю летам 1944 года. Фон Шырах заняў пасаду дзяржаўнага сакратара ў 1936 годзе.

Бальдур фон Шырах, Гітлер і Гёрынг у Оберзальцбургу ‎

У 1940 годзе галава гітлерюгенда арганізаваў эвакуацыю 5 мільёнаў дзяцей з нямецкіх гарадоў, якія падвяргаліся бамбардыроўкам саюзнікаў. У тым жа 1940 годзе Бальдур далучыўся да войска і служыў у Францыі, дзе за службу атрымаў Жалезны крыж, пасля чаго быў адазваны на партыйную работу. Пасля службы ў арміі Бальдур перадаў пасаду галавы гітлерюгенда Артуру Аксману, а сам быў прызначаны гаўляйтарам Вены, на гэтай пасадзе ён заставаўся да канца вайны. Дзейнасць фон Шыраха адзначалася тым, што галоўная яго мэтай была пастаянная пастаўка яўрэяў у канцэнтрацыйныя лагеры Германіі. За гады яго кіравання Венай было адпраўлена 65 тыс. яўрэяў у канцлагеры Польшчы, а ў сваёй прамове ад 15 верасня 1942 года фон Шырах адзначыў, што дэпартацыя яўрэяў — гэта ўнёсак у развіццё еўрапейскай культуры.

Пазней Бальдур фон Шырах выступаў за паляпшэнне ўмоў існавання остарбайтэраў і сасланых яўрэяў, за што патрапіў у няміласць да кіраўніцтва ў 1943 годзе, хаця сваю пасаду захаваў.

Трыбунал і прысуд

Фон Шырах здаўся ў палон у 1945 годзе. На Нюрнбергскім працэсе Шырах асудзіў дзеянні Гітлера (разам з Альбертам Шпеерам). Бальдур казаў, што нічога не ведаў пра лагеры смерці. Ён прыводзіў доказы, што пратэставаў і падаваў скаргі Марціну Борману аб паляпшэнні ўмоў існавання яўрэяў. Фон Шырах сцвярджаў, што карані свайго антысемітызма ён знайшоў у кнізе Герны Форда «Міжнароднае яўрэйства». Першапачаткова Шыраху было прадстаўлена абвінавачванне ў злачынствах супраць чалавецтва за яго ролю ў фармаванні гітлерюгенда, але быў апраўданы па гэтаму абвінавачванню. Аднак, былы моладзевы лідар быў абвінавачаны ў злачынствах супраць чалавецтва за эпізод дэпартацыі венскіх яўрэяў. Яму прысудзілі 20 гадоў турэмнага зняволення з адбыццём ў турме Шпандау, што ў Берліне. 20 ліпеня 1949 года яго жонка, Генрыета, падала на развод, пакуль той знаходзіўся ў турме.

Фон Шырах адсядзеў свой тэрмін цалкам і быў вызвалены 30 верасня 1966 года. На свабодзе стары пасяліўся ў паўднёвай Германіі, апублікаваў кнігу «Ich glaubte an Hitler» (Я верыў у Гітлера). Памёр 8 жніўня 1974 года ў мястэчку Кроф, што недалёка ад мяжы з Францыяй.

Зноскі

  1. 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых дадзеных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. 1 2 Baldur von Schirach // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118607804 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 10 снежня 2014.
  4. 1 2 Gradwohl-Schlacher K. SCHIRACH Baldur von // Literatur in Österreich 1938-1945, Band 4: Wien — Böhlau Verlag, 2018. — С. 711–722. — ISBN 978-3-205-20492-3
  5. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118607804 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 30 снежня 2014.

Спасылкі

  1. /www.dhm.de/lemo/html/biografien/SchirachBaldur
  2. /www.findagrave.com/cgi-bin/fg.cgi?page=gr&GRid=18818
  3. /www.imdb.com/character/ch109218/
  4. /www.archive.org/details/DieHitlerJugendIdeeundGestalt
Тэмы гэтай старонкі (21):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1907 годзе
Катэгорыя·Пахаваныя ў Рэйнланд-Пфальцы
Катэгорыя·Памерлі 8 жніўня
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Берліне
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Удзельнікі Другой сусветнай вайны
Катэгорыя·Гаўляйтары
Катэгорыя·Злачынцы Халакоста
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў Рэйнланд-Пфальцы
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Жалезны крыж
Катэгорыя·Рэйхсляйтары
Катэгорыя·Нацысцкія злачынцы
Катэгорыя·Падсудныя Нюрнбергскага працэсу
Катэгорыя·Нарадзіліся 9 мая
Катэгорыя·Гітлерюгенд
Катэгорыя·Выпускнікі Мюнхенскага ўніверсітэта Людвіга-Максіміліяна
Катэгорыя·Афіцэры СА
Катэгорыя·Кавалеры Жалезнага крыжа 2 класа
Катэгорыя·Памерлі ў 1974 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных