Багемі́зм (таксама чэхізм) — запазычанне з чэшскай мовы. Тэрмін багемізм паходзіць ад устарэлай назвы Чэхіі — Багемія (з с.-лац. Bo(h)emia).
Кіеўская Русь не мела прамых сувязей з дзейнасцю Кірылы і Мяфодзія на мараўскіх землях у 60-80-ыя гг. IX ст. Тым не менш, ужо ў X ст. ва ўсходнеславянскіх хрысціянскіх цэнтрах былі добра вядомыя царкоўна-богаслужбовыя кнігі і тэксты Святога Пісьма, створаныя на стараславянскай мове. Пасля 885 г. створаныя і перакладзеныя стараславянскія тэксты ў Маравіі былі перанесены вучнямі Кірылы і Мяфодзія ў паўднёваславянскія землі, адкуль яны трапілі ў Кіеўскую Русь. Даследчыкі не выключаюць таксама магчымасць прамога шляху гэтых помнікаў з заходнеславянскіх зямель на Русь. Існуе меркаванне, што Кіеўская Русь магла мець сувязі з Вялікай Маравіяй ці Чэхіяй не пазней за Х ст. і адтуль непасрэдна атрымліваць помнікі стараславянскай пісьменнасці.
Сярод чэха-мараўскіх стараславянскіх помнікаў, якія праніклі ў старажытнарускую пісьмова-літаратурную традыцыю, вылучаюць Жыціе Мяфодзія і Канстанціна, Жыціе св. Вацлава (Вячаслава), Жыціе св. Людмілы, Жыціе пакутніка св. Віта, Гутаркі пра евангелле папы Грыгорыя Вялікага, Нікадзімава Евангелле, Номоканонъ, Законъ соудьнъи людемь і некаторыя іншыя. У гэтых помніках старажытнарускай пісьменнасці сустракаюцца маравізмы (чэха-маравізмы): вароватисѧ, гризь, древле, жидъ, законьникъ, крижма, лакота, малжена, оплатъкъ, папежь, роугота, снага і інш.[1] [2] [3]
Засваенне багемізмаў старабеларускай пісьменнасцю адбывалася на працягу ўсяго перыяду яе існавання. Большасць багемізмаў была зафіксавана ў XV ст. (39,6 %) і XVI ст. (46 %), невялікая іх колькасць — напрыканцы XIV ст. (6,4 %) і ў XVII ст. (8 %)[4].
Багемізмы, запазычаныя старабеларускай мовай, пераважна з’яўляліся лексічнымі і называлі рэаліі і паняцці з розных сфер чалавечай дзейнасці і навакольнага свету:
рэлігійная лексіка (бермовати, жекгнати, кацеръ, кляшторъ, костелъ, крижмо, мша, нешпоръ, оплатокъ, пацеръ, фара, чистецъ, ялмужна і інш.);
ваенная (башта, гаковница, геваръ, дека, жолнеръ, капалинъ, куша, мождчеръ, пищаль, пушка, ручница, торасница, шафелина і інш.);
грамадска-палітычная, эканамічная і сацыяльная (вердунокъ, владати, гербъ, грошъ, ланъ, ленный, лотръ, маршалокъ, место, обыватель, подканцлерый, подчаший, реша, рынокъ, франтъ і інш.);
бытавая (баволна, брама, едвабъ, замокъ, китлица, коминъ, комната, коновъ, кухня, пончоха, стодола і інш.);
лексіка, якая характарызуе фізічную, разумовую дзейнасць і эмацыянальна-псіхічны стан чалавека (благати, взменка, вшетечный, ганьба, гасло, довтипъ, крутофиля, неснаска, праца, привлащити, справедливый, фортель, хлюба, хуть, чигати і інш.);
іншыя (барва, варцабы, кминъ, левартъ, марецъ, палцатъ, пижмо, пытлованый, ритина, тузинъ, шахи і інш.).
Багемізмы пранікалі ў старабеларускую мову прамым і непрамым шляхамі. Часцей засваенне чэшскіх запазычанняў адбывалася непрамым шляхам — пры польскім пасрэдніцтве[5] [6]. На працягу некалькіх стагоддзяў польская мова і яе пісьменнасць знаходзіліся пад прамым чэшскім уплывам, што адбілася перадусім на яе лексічным складзе[7] [8]. Багемізмы, якія замацаваліся ў польскай мове, пазней засвойваліся старабеларускай мовай, паколькі апошняя працяглы час знаходзілася пад істотным польскім уплывам.
Прамыя запазычанні з чэшскай мовы сустракаюцца ў старабеларускіх перакладных творах, якія ўзыходзяць да старачэшскіх рэдакцый: біблейскія пераклады Ф. Скарыны, «Сказанне пра Сівілу-прарочыцу» (видим — марфалагічны багемізм (параўн. са ст.-чэш. vidím), замоутокъ, звлашти, ругава), «Песня песняў» з рукапісу 588 Сінадальнага зборніка (зернатое яблоко, вечерѧдло, ѣдло, отъпочивало, превалъ), «Аповесць пра Таўдала-рыцара» (прелишь, оскварокъ, вражделникъ, повлаць, мръха, штиръ)[9] [10].
Паколькі многія багемізмы запазычваліся праз польскую мову, пад пытаннем, ці правамерна іх адносіць да багемізмаў, а не паланізмаў. Акрамя таго, большасць багемізмаў не з’яўляецца запазычаннямі ўласначэшскага паходжання, г. зн. першакрыніцай выступалі іншыя, як правіла, заходнееўрапейскія мовы — лацінская (берло, грошъ, жакъ, келихъ, кляшторъ, левартъ), нямецкая (баволна, вердунокъ, ланъ, маршалокъ, реша, пончоха), раманскія (башта, газука, гарусъ, дека, павеза), венгерская (гарцъ, гарцовати, палцатъ). Між тым, па меркаванні Я. І. Мельнікава: «<…> чэшская мова выступае ў ролі словаперадатчыка, пасрэдніка ў распаўсюджанні заходнееўрапеізмаў, нярэдка славянізуе іх і прыўносіць свае фанетычныя і марфалагічныя асаблівасці <…>, якія пераважна і засвойваюць іншыя, запазычваючыя, славянскія мовы»[11].
Асобнае месца сярод багемізмаў займаюць запазычанні ўласначэшскага паходжання, г. зн. першакрыніцай запазычання з’яўляецца чэшская мова: благати, брама, варцабы, взменка, владати, владза, владаръ, власный, внетъ, вспанялый, вшетечный, ганьба, гасло, гмызъ, гойный, довтипъ, зацный, звлаштный, звлаща, куша, крутофиля, лечъ, малжонка, надеръ, неснаска, нестеты, обецный, обыватель, подчаший, подканцлерый, подкоморый, подконий, подстаростий, подстолий, поневажъ, праца, привлащити, ритина, ручница, справедливый, упреймый, уставичный, франтъ, хлюба, чигати.
Некаторыя багемізмы захавалі фанетычныя асаблівасці чэшскай мовы, напрыклад, наяўнасць рэфлексаў -ra-, -la- ў групах з дыфтангічнымі спалучэннямі *tort, *tolt: благати, брама, владати, владза, владаръ, власный, звлаща, праца, привлащити, параўн. з уласнапольскімі адпаведнікамі błogać, brona, włodać, włodza, włodarz, włosny, proca, przywłoszczyć (ст.-польск. zwłaszcza, zwłaszcze з’яўляецца лексічным багемізмам і зарэгістравана толькі з рэфлексам -la-). У старабеларускай мове асобным з іх адпавядаюць уласнабеларускія формы з поўнагалоссем: бологовати, борона, володати, волость, волостный[12].
Частка багемізмаў, якія ўжываюцца ў сучаснай беларускай літаратурнай мове, былі запазычаны яшчэ ў старабеларускі перыяд: абывацель, ахвяра, бавоўна, гарцаваць, герб, грошы, жагнаць, жаўнер, імша, капліца, касцёл, келіх, кляштар, панчоха, пацеры, пісталет, пушка, рынак, рыцар, улада, уладар, уладарыць і інш.