Анто́ні Фердына́нд Асяндо́ўскі (1878; Люцын, цяпер Лудзенскі край, рэгіён Латгалія, Латвія — 1945; Гродзіск-Мазавецкі, цяпер Мазавецкае ваяводства, Польшча) — польскі пісьменнік, журналіст, падарожнік, хімік, географ. Сябар Французскай акадэміі навук.
Навучаўся ў Санкт-Пецярбургскім універсітэце, Сарбоне. Напісаў 130 кніг, перакладзены на 142 мовы. Працаваў найбольш у жанры «падарожнага раману». Шмат падарожнічаў па краінах свету. Валодаў 8 мовамі (з іх кітайскай і мангольскай).
Удзельнічаў у рэвалюцыі 1905. Да 1907 года — у вязніцы.
Ваяваў на баку белых у час грамадзянскай вайны ў Расіі. Дарадца адмірала Калчака.
У 1922 годзе вярнуўся ў Польшчу. У міжваенны перыяд чытаў лекцыі ў розных вышэйшых установах Польшчы. Кансультант ваеннай прамысловасці ў Міністэрстве ваенных спраў, эксперт у азіяцкіх пытаннях у Міністэрстве прамысловасці і гандлю.
Напісаў кнігу на англійскай мове пра падзеі ў Расіі ў час грамадзянскай вайны — «І звяры, і людзі, і богі», якая прынесла яму сусветную вядомасць. Раман «Ленін» меў вялікую папулярнасць у Еўропе і паказваў сапраўдную сутнасць бальшавіцкага лідара.
Памёр незадоўга да вызвалення Варшавы ад нацыстаў. Перад смерцю знішчыў свой архіў. Савецкія спецслужбы не былі пэўныя, што Асяндоўскі не інсцэнаваў смерць. Адразу па прыходзе савецкіх войскаў супрацоўнікі НКУС правялі эксгумацыю цела Асяндоўскага, пасля расплюшчылі вочы нябожчыку і гэтак сфатаграфавалі.
Творы яго былі забаронены ў ПНР, імя не згадвалі энцыклапедыі, даваенныя кнігі вышукваліся і знішчаліся. Толькі пасля 1989 года творы пачалі перавыдавацца.