wd wp Пошук:

Марыя Віцебская

Марыя (? — 1346, Вільня) — княжна віцебская, першая жонка Альгерда.

Паходжанне

Імаверна, паходзіла з роду віцебскіх князёў Васількавічаў, галіны Ізяславічаў Полацкіх, але пэўны яе радавод і нават імя бацькі не вядомы. Князь Яраслаў Васілевіч, як бацька альгердавай жонкі, названы толькі дадаткам да «Хронікі Быхаўца» — «Радаводам віцебскіх князёў», які неверагодны і выводзіць іх ад вялікага князя ўладзімірскага Андрэя Яраславіча.

Імя

Паводле Яна Длугаша, маці ўсіх сыноў Альгерда была цвярская княжна, яе імя ён не называе. Пазней Марцін Кромер паўтараў за Длугашам, але дадаў, што цвярскую княжну звалі Марыяй, разам з тым Кромер пісаў пра атрыманне Альгердам Віцебска праз шлюб. Потым Мацей Стрыйкоўскі даваў звесткі, што Альгерд меў дзвюх жонак — першую з Віцебска і другую з Цвяры. Крыніца звестак Кромера (часткова) і Стрыйкоўскага стала вядома толькі ў XIX ст. — «рускі» летапіс узору «Хронікі Быхаўца», якую апублікаваў Тэадор Нарбут. У «Хроніцы Быхаўца» віцебская княжна названа Ганнай, а збоку невядомай рукою папраўлена на Марыю. Няма пэўнасці ці не зроблена праўка пад уплывам «Радаводу віцебскіх князёў», неверагоднага дадатку да хронікі. У «Хроніцы Быхаўца» храналогія шлюбаў Альгерда паблытаная — віцебская княжна ў ёй другая жонка, а не першая, што вядома з верагодных крыніц. Імя другой жонкі — цвярской княжны Ульяны, вядома з яе дарчай граматы царкве ў Азярышчы. Таксама блытаніны дадае і імя Ульяны ў інацтве — Марына.

Даследчыкі адзначаюць, што познія крыніцы змешваюць імёны альгердавых жонак[3]. За імі, або побач, ідуць мясцовыя віцебскія паданні, паводле іх Ульяна вясной 1392 года прыняла схіму з імем Марыя, у некаторых варыянтах Марфа, у Свята-Духавым манастыры[4]. Аднак на праўдзе Ульяна свае апошнія месяцы жыла ў Кіеве, дзе перад смерцю прыняла схіму і пахавана ў Кіева-Пячорскай лаўры.

Такім чынам, зваць Марыяй віцебскую княжну, першую жонку Альгерда, прынята даволі ўмоўна.

Зноскі

  1. (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
  2. Андрей Ольгердович // Энциклопедический словарь / под ред. И. Е. Андреевский — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1890. — Т. Iа. — С. 764.
  3. Улащик Н. Н. Введение в изучение… С. 224.
  4. Кулагін А. М. Праваслаўныя храмы… С. 228—229.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Асобы, чыя дата нараджэння не вызначана
Катэгорыя·Вялікія княгіні літоўскія
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў 1346 годзе
Катэгорыя·Ізяславічы Полацкія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы