wd wp Пошук:

Аляксандр Міхайлавіч Валковіч

Аляксандр Міхайлавіч Валковіч (5 лістапада 1950, Брэст, СССР) — беларускі пісьменнік, журналіст, аўтар раённага краязнаўчага альманаха «Астрамечаўскі рукапіс».

Біяграфія

Нарадзіўся 5 лістапада 1950 года ў горадзе Брэсце ў сям’і вайскоўца. Бацькі родам з вёскі Асмолавічы Магілёўскай вобласці, з саслоўя сялян і салдат. Дзед па маці Максім Кудлоў — кавалер чатырох салдацкіх крыжоў Св. Георгія, у Першую сусветную ваяваў пластуном-разведчыкам у арміі генерала Брусілава. Бацька, Міхаіл Ільіч Валковіч, — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, капітан, сапёр, сувязіст, меў раненні і кантузіі, узнагароджаны ордэнамі і медалямі; пасля вайны працаваў у паштовым аддзяленні, потым — зампалітам Дамачаўскага касцёва-сухотнага санаторыя; памёр у 1976 годзе. Маці, Лідзія Іларыёнаўна (Казлова), 1923 года нараджэння, напачатку вайны рыла супрацьтанкавыя равы пад Магілёвам, затым перажыла акупацыю ў роднай вёсцы, адкуль ў 1943 годзе за выратаванне яўрэйскай сям’і была адпраўлена на прымусовую працу ў Германію, знаходзілася ў Нямеччыне, Аўстрыі, Італіі ў якасці прачкі нямецкага шпіталя. Вызвалена ў 1945 годзе амерыканскімі войскамі ў італьянскім горадзе Карціна-д-Ампеццо. Пасля вайны працавала ў розных месцах (прадаўцом у райпо i iнш.), але асноўнае месца працы Лідзіі Іларыёнаўны да выхаду на пенсію — бібліятэка Дамачаўскай сярэдняй школы.

У 1956 годзе сям’я пераехала ў гарадскі паселак Дамачава Дамачаўскага раёна (цяпер Брэсцкага раёна) Брэсцкай вобласці, дзе і прайшлі дзяцінства і юнацтва Аляксандра. Аляксандр Валковіч вучыўся ў Дамачаўскай сярэдняй школе, якую таксама скончылі яго браты Уладзімір і Сяргей, сястра Галіна. Працоўную дзейнасць пачаў стывідарам Архангельскага марскога порта. Працаваў на сплаве, лесапавале на Поўначы і ў Сібіры. У 1975 годзе скончыў факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча. Служыў ваенным журналістам у армейскім друку ў Беларускай і Закаўказскай ваенных акругаў, групах войск у Польшчы і Германіі, Маскоўскай і Прыкарпацкай ваенных акругах.

Пасля звальнення ў запас працаваў у брэсцкай раённай газеце «Заря над Бугом», рэдагаваў газету цюменскіх нафтаздабытчыкаў «Нефтевик Коголыма». Арганізаваў першую газету толькі што створанай нафтавай кампаніі «Лукойл». Затым быў загадчыкам аддзела часопіса «СЭЗ Брест», публікаваўся ў вядучых рэспубліканскіх газетах Беларусі.

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Творчасць

Аўтар кніг прозы «Зубр беловежский чугунный» (2007), «Берёза чёрная, берёза белая…» (2009), «Алеся. Беловежские сны» (2009), «Письма войны» (2010), «Лето красных лошадей» (2012). Аповесці, апавяданні, нарысы выходзілі ў часопісах «Советский воин», «Литературная Армения», «Няміга літаратурная», «Нёман», «Маладосць», «Полымя», інтэрнэт-часопісах «Русский переплёт», «Эрфольг», газеце «Русская Америка», у літаратурных альманахах Германіі і Аўстрыі, гучалі у перадачах Каліфарнійскага радыё.

Прозу Аляксандра Валковіча вылучае завостраны погляд на цяперашнія і мінулыя часы, спроба вызначыць, якія прычыны маральнага, духоўнага плана ўплываюць на няпростыя грамадскія праблемы. Яго героі — простыя людзі, розныя па прафесіі, але аднолькава цікавыя сваім неабыякавым стаўленнем да навакольнага свету.

Аўтар, рэдактар і ўкладальнік раённага краязнаўчага альманаха «Астрамечаўскі рукапіс», які выдаецца з мэтаў павесці размову аб традыцыйнай і сучаснай культуры Брэсцкага рэгіёна. Аляксандр Міхайлавіч стаў пераможцам рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Лепшы твор 2013» у намінацыі «Краязнаўства» за серыю артыкулаў у альманаху «Астрамечаўскі рукапіс». Уручэнне дыплома І ступені і статуэткі «Залаты Купідон» адбылося на святкаванні Дня беларускага пісьменства ў Заслаўі.

Лаўрэат міжнародных літаратурных конкурсаў: інтэрнэт-часопіса «Русский переплёт» у намінацыі «Большая проза» — першае месца, Дыплом і Вялікі прыз за аповесць «Оберег» (2007), «Литературная Вена — 2008», конкурсу ваенных пісьменнікаў імя В. Карпава (2009).

Бібліяграфія

Зноскі

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (18):
Катэгорыя·Журналісты Беларусі
Катэгорыя·Артыкулы пра пісьменнікаў без партрэтаў
Катэгорыя·Лаўрэаты прэміі «Залаты Купідон»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1950 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Члены Саюза пісьменнікаў Беларусі
Катэгорыя·Выпускнікі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Брэсце
Катэгорыя·Нарадзіліся 5 лістапада
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта