wd wp Пошук:

Аляксандр Восіпавіч Сташэўскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Сташэўскі.

Алякса́ндр (Але́сь) Во́сіпавіч Сташэ́ўскі (Сташэўскі-Стасевіч; 12 (24) сакавіка 1889, в. Думічы, цяпер Мінская вобласць, Беларусь11 снежня 1938) — беларускі савецкі палітычны дзеяч.

Біяграфія

Скончыў Капыльскае народнае вучылішча, у 1911 годзе Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. У 1911—1914 гадах выкладаў у Рэчыцкім пачатковым прыходскім вучылішчы. У Першую сусветную вайну ў расійскай арміі на Паўднёва-Заходнім фронце, падпаручнік.

Пасля дэмабілізацыі з пачатку 1918 года — у Яраслаўлі, удзельнік беларускага нацыянальнага руху, сябра арганізацыі «Маладая Беларусь», створанага на базе Менскага настаўніцкага інстытута. «Маладая Беларусь» вяла культурна-асветніцкую работу сярод беларускіх бежанцаў. З кастрычніка 1918 года — у Менску, сябра Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Вучыцца ў Менскім беларускім педагагічным інстытуце, які заканчвае ў 1920 годзе. У 1919 годзе — сакратар прэзідыума педагагічнай рады МБПІ, настаўнік 9-й Менскай беларускай школы 1-й ступені. Адзін з ініцыятараў стварэння ў студзені 1920 года Беларускай камуністычнай арганізацыі (БКА), сябра яе ЦК, уваходзіў у 1-ю Менскую канспіратыўную «пяцёрку» БКА па арганізацыі антыпольскага падполля і партызанскага руху.

Пасля прыходу бальшавікоў у Менск у ліпені 1920 года быў мабілізаваны ў Чырвоную армію, камандаваў узводам, ротай. З лістапада 1921 года сакратар ЦВК і СНК БССР, з ліпеня 1924 года — старшыня Полацкага акруговага выканкама. Садзейнічаў правядзенню беларусізацыі на далучаных да БССР усходніх беларускіх тэрыторыях. З лютага 1926 года — народны камісар унутраных спраў БССР, з верасня 1928 года — народны камісар юстыцыі і пракурор БССР. Сябра ЦВК БССР (1921—1931) і яго Прэзідыума (1921—1924, 1927—1931). Сябра Рэвізійнай камісіі КП(б)Б у 1924—1925, ЦКК КП(б)Б у 1929—1931 гадах.

У канцы 1930 года быў неабгрунтавана абвінавачаны як удзельнік «антыпартыйнай» групы ІгнатоўскагаЖылуновіча, зняты з пасады і прызначаны старшынёй Бабруйскага райвыканкама. 18 лютага 1931 года выведзены са складу ЦКК КП(б)Б. З восені 1931 года загадчык рабфака БДУ, потым дырэктар Гомельскага сельскагаспадарчага педагагічнага інстытута.

Арыштаваны 27 красавіка 1937 года ў Гомелі па адрасе: вул. Сялянская, 26[1]. Абвінавачваўся ў «антысавецкай дзейнасці». 29 кастрычніка 1937 года «тройкай» НКУС быў асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957 годзе.

Сям’я

Быў жанаты, меў дзвюх дачок. Жонка — Тацяна Іванаўна, была асуджаная да 10 гадоў як член сям’і здрадніка Радзімы, адбывала пакаранне ў Акмалінскім лагеры жонак здраднікаў Радзімы[2]. Старэйшая дачка Ірына патрапіла ў дзіцячы прыёмнік, малодшая Мая (1927) узятая на выхаванне цёткай[2], пазней удзельнічала ў абароне народнага мемарыяла Курапаты[1].

Зноскі

  1. 1 2 Мая Сташэўская: я мару паставіць бацьку крыж у Курапатах(нявызн.). novychas.by (30 снежня 2014). Праверана 22-9-2019.
  2. 1 2 Николай Король Папки из шкафа заговорили…(руск.) . sb.by (24 красавіка 2013). Праверана 22-9-2019.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (26):
Рэпрэсаваныя савецкай уладай
Нарадзіліся ў Капыльскім раёне
Народныя камісары ўнутраных спраў БССР
Члены Прэзідыума ЦВК БССР
Старонкі з нелікавымі аргументамі formatnum
Рэктары Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта
Памерлі 11 снежня
Члены Рэвізійнай камісіі КПБ
Вікіпедыя:Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Памерлі ў 1938 годзе
Члены Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Расстраляныя ў СССР
Нарадзіліся 24 сакавіка
Нарадзіліся ў Беларусі
Асобы
Члены ЦВК БССР
Выпускнікі БДПУ імя Максіма Танка
Выпускнікі Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі
Нарадзіліся ў 1889 годзе
Старшыні Вярхоўнага Суда БССР
Старшыні Бабруйскага раённага выканаўчага камітэта
Вікіпедыя:Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Вікіпедыя:Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Народныя камісары юстыцыі БССР