wd wp Пошук:

Аляксандр Аляксеевіч Грыцанаў

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Грыцанаў. Алякса́ндр Аляксе́евіч Грыца́наў (28 жніўня 1958, Мінск, Беларуская ССР — 21 сакавіка 2011, Мінск, Рэспубліка Беларусь) — беларускі філосаф, сацыёлаг, гісторык, культуролаг, рэлігіязнаўца і публіцыст. Кандыдат філасофскіх навук (1984), дацэнт (1988). З’яўляўся кіраўніком міжнароднага праекта «Гуманітарная энцыклапедыя» Мінскага філасофскага кола.

Біяграфія

Сям’я

Нарадзіўся ў сям’і вайскоўца, бацька быў родам з-пад Магiлева[1].

У А. А. Грыцанава засталіся жонка і дачка[2].

Вучоба

У 1975—1980 гадах вучыўся на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ), у 1980—1983 гадах — у аспірантуры кафедры філасофіі БДУ. Падчас вучобы ў аспірануты падрыхтаваў дысертацыю на суісканне вучонай ступені кандыдата філасофскіх навук на тэму “Критический анализ буржуазных концепций «среднего класса», але з яе абаронай у Мінску ўзніклі праблемы, і аўтару прыйшлося звяртацца ў ВАК СССР, у выніку чаго праца была паспяхова абаронена ў Маскве ў 1984 годзе[3]. Такім чынам, А. А. Грыцанаў стаў самым маладым у СССР кандыдатам філасофскіх навук на той час[4].

Выкладчыцкая дзейнасць

У 1983—1988 гадах — выкладчык, у 1988—1996 гадах — дацэнт БДУ.

У 1996—1998 гадах — дацэнт і загадчык кафедры сацыяльных і гуманітарных дысцыплін Усходне-Еўрапейскага недзяржаўнага інстытута бізнесу і права (Мінск).

У 2001—2002 гадах — дацэнт кафедры філасофіі, сацыялогіі і эканомікі Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага ўніверсітэта ім. А. Д. Сахарава (Мінск).

Выкладаў у «Беларускім калегіюме»[5].

За час выкладчыцкай дзейнасці чытаў лекцыі, курсы і спецкурсы па розных галінах філасофскіх і сацыялагічных ведаў, псіхааналітычнай культуралогіі (з 1989 года), а таксама рэлігіязнаўству.

Грамадская дзейнасць

Падчас перабудовы ў 1987—1989 гадах вёў першы ў Беларусі палітычны дыскусійны клуб «Філасофскія чацвяргі» (разам з палітычным дыскусійным клубам «Современник», які ўзначальваў Л. У. Крывіцкі) [2][4].

У другой палове 1980-х гадоў прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі першых свецкіх сустрэч са служыцелямі царквы, у тым ліку з мітрапалітам Філарэтам[6].

Браў удзел у арганізацыі выставы вядомага беларускага мастака А. А. Ісачова, які знаходзіўся пад забаронай[6].

Быў ініцыятарам і адным з арганізатараў першага жаночага конкурса прыгажосці ў Мінску[6].

Публіцыстычная дзейнасць

Быў карэспандэнтам газеты «Белорусы и рынок», пастаянным калумністам «БелГазеты» і аўтарам сайта экспертнай супольнасці Беларусі «Наше мнение»[3], на пач. 2000-х гадоў меў публікацыі ў газеце «Советская Белоруссия»[7]. Агулам, ёсць аўтарам каля 400 артыкулаў.

У пер. пал. 1990-х гадоў часта запрашаўся ў якасці ўдзельніка перадач на БТ[6].

Актыўна супрацоўнічаў з Міжнародным часопісам сацыяльных і гуманітарных навук «Личность. Культура. Общество» (Масква).

Іншае

У 1998—2001 гадах быў навуковым рэдактарам-кансультантам таварыства з абмежаванай адказнасцю «Инво-сервис».

З 2007 года да самай смерці з’яўляўся нязменным вядучым «Дыскусійнага клуба» на беларускім інтэрнэт-партале OPEN.BY[8].

Крымінальны пераслед

У сяр. 1990-х гадоў займаўся бізнес-праектамі, пад рэалізацыю якіх часцяком пазычаў у знаёмых буйныя сумы грошай. Аднак бізнес не заўсёды быў паспяховым, і чацвёра крэдытораў звярнуліся ў суд, каб спагнаць з А. А. Грыцанава 22 тыс. долараў ЗША. У выніку, у 1997 годзе суд Кастрычніцкага раёна Мінска прызнаў А. А. Грыцанава вінаватым у здзяйсненні махлярства ў асабліва буйных памерах і прысудзіў пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі ўмоўна без канфіскацыі маёмасці.

У 2003 годзе ў суд звярнулася яшчэ адна крэдыторка, якая ў 1995 годзе пазычыла А. А. Грыцанаву 2,5 тыс. долараў ЗША. 18 верасня 2003 года А. А. Грыцанаў быў прысуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, але пракуратура вынесла пратэст у сувязі з занадта мяккім рашэннем суда, і 24 мая 2004 года суд Маскоўскага раёна Мінска прысудзіў А. А. Грыцанаву чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Адзін год пакарання быў скарочаны па амністыі.

Падчас судовага разбіральніцтва А. А. Грыцанаў сваёй віны не прызнаў, абвяргаючы ўсе прад’яўленыя яму абвінавачванні[7][9].

Пакаранне адбываў у выпраўленча-працоўнай калоніі ў Шклове[3].

Выйшаў на волю ўжо ў лістападзе 2004 года[10][11].

Выдавецкая дзейнасць

З кан. 1990-х гадоў займаўся выключна выдавецкімі праектамі, быў кіраўніком (галоўным рэдактарам і саставіцелем) найбуйнейшага ў СНД міжнароднага праекта «Гуманітарная энцыклапедыя» Мінскага філасофскага кола, а таксама кніжных серый: «Мыслители ХХ столетия», «Религии мира» і «Тайны посвященных».

Навуковыя інтарэсы

Цягам жыцця цікавіўся шырокім спектрам гістарычных, псіхалагічных і псіхааналітычных, сацыялагічных, філасофскіх, рэлігіяведчых і эзатэрычных пытанняў.

Гісторыя

З’яўляючыся гісторыкам па адукацыі, цікавіўся савецкай гісторыяй. Для першага выдання «Новейшего философского словаря» (1998) ім была напісана падборка артыкулаў, прысвечаных рэаліям савецкай гісторыі, а адным з апошніх рэалізаваных праектаў стала кніга «Научный антикоммунизм и антифашизм: популярный компендиум» (2010).

Псіхааналіз

Яшчэ ў бытнасць студэнтам пачаў спецыялізавацца ў галіне псіхааналізу (пад кір. В. І. Аўчарэнкі). Браў удзел у распрацоўцы канцэпцыі сацыялагічнага псіхалагізму. Сумесна з В. І. Аўчарэнкам на мяжы 1990-х гадоў выдаў дзве манаграфіі, звязаныя з псіхааналізам (сацыялагічным псіхалагізмам): «Социологический психологизм. Критический анализ» (1990) і «Человек и отчуждение» (1991). Садзейнічаў публікацыі першага рускамоўнага «Психоаналитического глоссария» (1994), напісаў прадмову да яго. Адным з апошніх рэалізаваных праектаў было выданне «Психоанализ: новейшая энциклопедия» (2010).

Сацыялогія

Дысертацыйнае даследаванне было выканана па сацыялагічнай тэме: “Критический анализ буржуазных концепций «среднего класса» (1983). У 2003 годзе пабачыла свет праца «Социология. Энциклопедия», перавыдадзеная з некаторымі ўдакладненнямі і выпраўленнямі ў 2010 годзе як «Новейший социологический словарь».

Філасофія

Напрацаванае ў «Новейшем философском словаре» (1998) атрымала далейшае развіццё як у наступных двух перавыданнях (2001, 2003), так і ў выданнях: «Постмодернизм. Энциклопедия» (2001), «Всемирная энциклопедия: Философия» (2001), «История философии: Энциклопедия» (2002), «Всемирная энциклопедия: Философия ХХ век» (2002), «Новейший философский словарь. Постмодернизм» (2007) і г.д.

У межах серыі навуковых біяграфій «Мыслители ХХ века» паспеў падрыхтаваць і апублікаваць 12 кніг (з іх 1 кніга — аўтарская і 4 кнігі — напісаныя ў суаўтарсте); астатнія 6 кніг засталіся на розных стадыях рэдакцыйнай падрыхтоўкі да публікацыі[12].

Рэлігіязнаўства

У 2006 годзе пабачыла свет 9-томная серыя «Религии мира» (перавыдадзена ў 2009—2011 годах), у якой 7 кніг былі напісаныя А. А. Грыцанавым ці пры яго непасрэдным удзеле[12]. У наступным 2007 годзе выдаў працу «Религия: Энциклопедия», якую рыхтаваў да перавыдання ў 2011 годзе.

Эзатэрыка

Таксама цікавіўся пытаннямі эзатэрыкі: пад яго рэдакцыяй у 2002 годзе выйшаў том «Эзотеризм. Энциклопедия», а ў межах запушчанай у 2009 годзе 18-томнай серыі «Тайны посвященных» толькі некалькі кніг былі ім напісаныя з дапамогай суаўтараў, а астатнія — аднаасобна[12].

Смерць

А. А. Грыцанаў перанёс інсульт і хварэў на цукровы дыябет. Памёр у ноч на 21 сакавіка 2011 года ў Мінскай гарадской клінічнай бальніцы № 5.

Развітанне з нябожчыкам адбылося 22 сакавіка. Пасля крэмацыі ён быў пахаваны на Маскоўскіх могілках[13].

Бібліяграфія

З’яўляўся саставіцелем і рэдактарам 13 энцыклапедый і слоўнікаў, аўтарам і суаўтарам больш за 20 кніг і манаграфій, аўтарам больш за 2000 навуковых артыкулаў на рускай, беларускай, англійскай і польскай мовах — па праблемах філасофіі, сацыялогіі, гісторыі, паліталогіі, культуралогіі, рэлігіязнаўства, псіхалогіі і па розным пытанням класічнага і сучаснага псіхааналізу.

Кнігі

Энцыклапедыі і слоўнікі

Навучальныя дапаможнікі

Артыкулы

Зноскі

  1. Аляксандар Грыцанаў: Змагацца за гонар нашай зямлі // Квяткоўскі С. Як стаць беларусам. Сто гісторый. — Мн., 2014. — С. 154.
  2. 1 2 Студзінская Іна. Аляксандар Грыцанаў [Электронны рэсурс] // Радыё «Свабода». — Вэб-сайт радыёстанцыі. — 21.03.2011. — Дата доступу: 02.01.2015. — Рэжым доступу: http://www.svaboda.org/content/transcript/2345142.html, вольны. — Загал. з экрана.
  3. 1 2 3 Абушенко В. Л. Памяти Александра Алексеевича Грицанова // Личность. Культура. Общество. — 2011. — Т. 13. — № 65—66. — С. 350—352. — ISSN 1606-951X.
  4. 1 2 Грицанов А. А. [Электронный ресурс] // Belarus Today: «Кто есть кто». — Электронное издание. — 27.11.2003. — Дата доступа: 02.01.2015. — Режим доступа: http://www.belarustoday.info/?pid=515, свободный. — Загл. с экрана.
  5. Лекцыі [Электронны рэсурс] // Беларускі калегіюм. — Вэб-сайт установы. — Дата доступу: 02.01.2015. — Рэжым доступу: http://bk.baj.by/lectures.htm Архівавана 20 кастрычніка 2014., вольны. — Загал. з экрана.
  6. 1 2 3 4 Грицанова Алла. 28 августа Александру Грицанову исполнилось 53 [Электронный ресурс] // «Наше мнение». — Веб-сайт Экспертного сообщества Беларуси. — 28.08.2011. — Дата доступа: 02.01.2015. — Режим доступа: http://nmnby.eu/news/analytics/3261.html, свободный. — Загл. с экрана.
  7. 1 2 Невяроўскі Альгерд. Вядомага публіцыста асудзілі на два гады [Электронны рэсурс] // Радыё «Свабода». — Вэб-сайт радыёстанцыі. — 18.09.2003. — Дата доступу: 02.01.2015. — Рэжым доступу: http://www.svaboda.org/content/article/24850122.html, вольны. — Загал. з экрана.
  8. Дискуссионный клуб [Электронный ресурс] // OPEN.BY. — Интернет-портал. — Дата доступа: 02.01.2014. — Режим доступа: http://dc.open.by Архівавана 25 кастрычніка 2020., свободный. — Загл. с экрана.
  9. Бывшего обозревателя «Белорусской газеты» приговорили к четырем годам лишения свободы [Электронный ресурс] // Naviny.by. Белорусские новости. — Интернет-газета БелаПАН. — 26.05.2004. — Дата доступа: 02.01.2015. — Режим доступа: http://naviny.by/rubrics/society/2004/05/26/ic_news_116_252708/ Архівавана 6 сакавіка 2016., свободный. — Загл. с экрана.
  10. В Минске простились с Александром Грицановым [Электронный ресурс] // Naviny.by. Белорусские новости. — Интернет-газета БелаПАН. — 22.03.2011. — Дата доступа: 02.01.2015. — Режим доступа: http://naviny.by/rubrics/society/2011/03/22/ic_news_116_363795/, свободный. — Загл. с экрана.
  11. Грицанов Александ Алексеевич [Электронный ресурс] // Форумы TUT.BY. — Интернет-портал TUT.BY. — Дата доступа: 02.01.2015. — Режим доступа: http://forums.tut.by/showthread.php?t=89971&page=2(недаступная+спасылка), свободный. — Загл. с экрана.
  12. 1 2 3 Энциклопедист, философ, эрудит. Памяти Александра Грицанова [Электронный ресурс] // «Наше мнение». — Веб-сайт Экспертного сообщества Беларуси. — 29.04.2011. — Дата доступа: 02.01.2015. — Режим доступа: http://nmnby.eu/news/analytics/3127.html, свободный. — Загл. с экрана.
  13. В Минске умер философ Александр Грицанов [Электронный ресурс] // Naviny.by. Белорусские новости. — Интернет-газета БелаПАН. — 21.03.2011. — Дата доступа: 02.01.2015. — Режим доступа: http://naviny.by/rubrics/society/2011/03/21/ic_news_116_363687/, свободный. — Загл. с экрана.

Асноўныя крыніцы

  1. Абушенко В. Л. Памяти Александра Алексеевича Грицанова // Личность. Культура. Общество. — 2011. — Т. 13. — № 65—66. — С. 350—352. — ISSN 1606-951X.
  2. Грицанов А. А. [Электронный ресурс] // Belarus Today: «Кто есть кто». — Электронное издание. — 27.11.2003. — Дата доступа: 02.01.2015. — Режим доступа: http://www.belarustoday.info/?pid=515, свободный. — Загл. с экрана.
  3. Грицанов Александр Алексеевич [Электронный ресурс] // Персоналии белорусской социологии. — Электронный справочник. — 02.05.2009. — Дата доступа: 02.01.2015. — Режим доступа: http://soc-by.livejournal.com/31730.html, свободный. — Загл. с экрана.
  4. Юрко А. Б. Грицанов Александр Алексеевич // Социология. Энциклопедия / Сост. А. А. Грицанов и др. — Мн., 2003 [Электронный ресурс] // Национальная энциклопедическая служба России. — Дата доступа: 02.01.2015. — Режим доступа: http://voluntary.ru/dictionary/568/word/gricanov-aleksandr-aleksevich Архівавана 18 красавіка 2012., свободный. — Загл. с экрана.
Тэмы гэтай старонкі (17):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Філосафы Беларусі
Выкладчыкі МДЭІ імя А. Дз. Сахарава
Памерлі ў Мінску
Вучоныя паводле алфавіта
Нарадзіліся ў Мінску
Вікіпедыя:Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Памерлі 21 сакавіка
Вікіпедыя:Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Вікіпедыя:Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Гісторыкі царквы Беларусі
Нарадзіліся 28 жніўня
Нарадзіліся ў 1958 годзе
Асобы
Выкладчыкі БДУ
Памерлі ў 2011 годзе
Выпускнікі гістарычнага факультэта БДУ