Павел Вінаградаў (нар. 24 красавіка 1988, Мінск) — актывіст моладзёжнага крыла кампаніі «Гавары праўду!» — «Zmena», вязень сумлення, беларускі палітвязень.
Скончыў прафесійна-тэхнічны ліцэй № 4 па спецыяльнасці «цырульнік». Вучыўся на гісторыка-геаграфічным факультэце Мінскага педагагічнага ўніверсітэта.
З’яўляўся сябрам маладзёжнай арганізацыі «Зубр», да 2010 года — актывіст грамадзянскай ініцыятывы «Еўрапейская Беларусь», з 2010 года далучыўся да кампаніі «Гавары праўду». Актывіст моладзёжнага крыла кампаніі «Гавары праўду!» «Zmena».
За палітычную дзейнасць затрымліваўся міліцыяй. Першае затрыманне адбылося ў 2007 годзе на акцыі супраць адмены сацыяльных ільгот. Асуджаны на 5 сутак арышту.
У 2008 годзе з’яўляўся фігурантам «Справы 14-ці»[1] па арт. 342 КК, якая была заведзеная за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня 2008 г. Асуджаны на 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы[2]. У маі 2009 года Amnesty International абвясціла вязнямі сумлення ўсіх асуджаных да абмежавання волі фігурантаў «працэсу 14-ці», у тым ліку і Вінаградава, і заклікала да адмены прысуду[3][4].
На прэзідэнцкіх выбаах 2010 года Вінаградаў быў адным з актыўных сяброў ініцыятыўнай групы і перадвыбарчага штабу кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. Арыштаваны ў ноч на 5 студзеня 2011-га года. Cпачатку абвінавачванне было прад’яўлена па чч. 1 і 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках), затым засталося абвінавачванне толькі ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК). Утрымліваўся пад вартай у СІЗА № 1 Мінска (вул. Валадарскага, 2). 5 мая 2011 года суд Кастрычніцкага раёна Мінска (суддзя — Ала Булаш) вынес Вінаградаву прысуд — пазбаўленне волі на чатыры гады ў калоніі ўзмоцненага рэжыму[5]. Разам з ім на розныя тэрміны па крымінальнай справе аб «Масавых беспарадках» у сталіцы 19 снежня былі асуджаныя Алесь Кіркевіч, Зміцер Дрозд, Аляксандр Пратасеня і Уладзімір Хамічэнка. 23 мая 2011 года ў Чорны спіс Еўрасаюза былі дададзены Ала Булаш і Аляксандр Бароўскі, дзяржаўны абвінаваўца на працэсе[6].
Для адбывання гэтага тэрміну быў пераведзены ў калонію г. Івацэвічы, вядомую пад назвай «Воўчыя норы»[7].
Вызвалены 14 верасня 2011 года згодна з указам прэзідэнта аб памілаванні.
10 красавіка 2012 года суд Маскоўскага раёна Мінска прыняў рашэнне аб прэвентыўным наглядзе тэрмінам на два гады за Паўлам Вінаградавым у сувязі з неаднаразовымі затрыманнямі і адміністрацыйнымі арыштамі[8].
Прэвентыўны нагляд з Вінаградава быў зняты 2 лістапада 2015 года, пасля чаго актывіст быў пастаўлены на ўлік у Маскоўскім РУУС(бел. (тар.)) бел.[9].
7 чэрвеня 2016 года суд Маскоўскага раёна Мінска прыняў рашэнне аб устанаўленні прэвентыўнага нагляду ў дачыненні да актывіста[9]. У абарону Паўла пад канец чэрвеня 2016 года выступіла Amnesty International, патрабуючы ад беларускіх уладаў скасаваць накладзены на яго прэвентыўны нагляд як незаконны, паколькі ён звязаны з ажыццяўленнем яго права на свабоду мірных сходаў[10].