wd wp Пошук:

Шверын

Шверын (ням.: Schwerin, лац.: Suerinum, Squirsina, Zuarina) — горад у Германіі, адміністрацыйны цэнтр федэральнай зямлі Мекленбург-Пярэдняя Памеранія. Размяшчаецца сярод сістэмы азёр, галоўным з якіх з’яўляецца Шверынскае возера. Насельніцтва складае 92 138 чалавек (31.12.2014) — гэта найменшы паводле колькасці насельніцтва горад сярод сталіц федэральных земляў Германіі і адзіны з іх, які не мае статус буйнога горада (т.б. насельніцтва складае менш за 100 000 чалавек).

Від з неба на Шверынскі замак і возера

Гісторыя

Упершыню горад згадваецца ў 1012 (або ў 1018 г.) у хроніцы біскупа Цітмара Мерзебургскага пад назвай Zuarina. Іншы летапісец — Гельмальд фон Бозаў — згадвае горад у 1160 пад назвамі Zuerin і Zwerin. З XV стагоддзя горад называўся Swerin, а з XVI стагоддзя афіцыйна стаў звацца Schwerin (Шверын). Сама назва горада паходзіць ад палабскага «zvěŕ» — звер.

Тэрыторыя сучаснага Шверыну была заселена даволі рана: прысутнасць чалавека была тут ужо паміж 1000 і 600 г. да н.э. У I стагоддзі тут існавала германскае паселішча. У пачатку VIII стагоддзя на гэтых землях пасяліліся славяне. У 965 тут ужо існаваў замак. У 1018 у ім ратаваўся ад люцічаў бодрыцкі князь Місціслаў, але вымушаны быў здацца. У 1160 бодрыцкі князь Ніклат спаліў замак, каб ён не дастаўся саксонскаму герцагу Генрыху Льву. Але Генрых адбудаваў замак і зрабіў яго сваім фарпостам на землях бодрычаў. Ужо ў 1167 Шверын становіцца цэнтрам графства і біскупства. У 1228 у Шверыне ўжо існаваў гарадскі савет. У 1270 пачалося будаўніцтва сабора.

У 1358 Шверын увайшоў у склад герцагства Мекленбург. Герцаг Альбрэхт II зрабіў горад сваёй сталіцай. У 1531, 1558 і 1651 моцныя пажары знішчылі істотную частку горада. Падчас Трыццацігадовай вайны Шверын пацярпеў у меншай за астатнюю частку герцагства Мекленбург ступені. У 1705 быў пабудаваны квартал Шэльфштат. У 1765 герцаг перанёс сваю рэзідэнцыю ў Людвігслюст.

У XIX стагоддзі горад страчвае свой сярэдневяковы выгляд. У 1837 Вялікі герцаг Паўль Фрыдрых зноў перанёс рэзідэнцыю ў Шверын і ў сувязі з гэтым вырашыў перабудаваць замак (што адбылося, аднак, ужо пасля яго смерці). У 1847 чыгунка злучыла Шверын з мястэчкам Гагенаў, якое знаходзілася на чыгунцы БерлінГамбург. У 1913 з Берліна ў Шверын быў перанесены авіязавод Fokker — менавіта на ім быў пабудаваны самалёт Манфрэда фон Рыхтгофена, аса часоў Першай Сусветнай вайны, больш вядомага як «чырвоны барон». У 1918 герцаг Фрыдрых-Франц IV ад стальцу, і Шверын стаў сталіцай Вольнай дзяржавы Мекленбург-Шверын.

У 1932 у Меклебургу-Шверыне перамаглі нацыянал-сацыялісты. У 1934 Шверын стаў сталіцай правінцыі (гау) Мекленбург. У час Другой Сусветнай вайны горад быў бамбаваны чатыры разы. 2 мая 1945 Шверын бяз бою быў заняты амерыканскімі войскамі, але паводле дагаворы паміж саюзнікамі, увайшоў у савецкую акупацыйную зону.

Пасля ўтварэння ГДР, Шверын становіцца ў 1952 г. адміністрацыйным цэнтрам акругі Шверын.

Вядомыя асобы

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Катэгорыя·Нявызначаная краіна (тэлефонны код)
Катэгорыя·Шверын
Катэгорыя·Гарады Мекленбурга-Пярэдняй Памераніі
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96