wd wp Пошук:

Чаркаская вобласць

Чаркаская вобласць (укр.: Черкаська область) — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Украіны. Створана 7 студзеня 1954 з раёнаў Кіеўскай, Вінніцкай, Кіраваградскай і Палтаўскай абласцей. Адна з самых новых абласцей Украіны. Адміністрацыйны цэнтр Чаркаскай вобласці — горад Чаркасы.

У складзе вобласці 67 тэрытарыяльных грамад[1].

Геаграфічныя звесткі

Месцазнаходжанне

Размяшчаецца ў цэнтральнай частцы Украіны.

На ўсходзе мяжуе з Палтаўскай вобласцю, на поўдні — з Кіраваградскай вобласцю, на захадзе — з Вінніцкай вобласцю. На поўначы мяжуе з Кіеўскай вобласцю.

Працягласць вобласці з поўначы на поўдзень — 150 км, з захаду на ўсход — 245 км.

Клімат

Клімат умерана-кантынентальны з цёплым, часам спякотным летам і мяккай зімой. Сярэдняя тэмпература паветра ў студзені — 5,9 °C, у ліпені — +19,5 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў складае 450—520 мм. Працягласць вегетацыйнага перыяду — 160—170 дзён.

Рэльеф

Тэрыторыя вобласці ў цэлым раўнінная і ўмоўна падзяляецца на дзве часткі — правабярэжную і левабярэжную. Большая частка правабярэжжа размешчана ў межах Прыдняпроўскага ўзвышша. У прылеглай да Дняпра частцы знаходзіцца забалочаная Ірдына-Цясмынская нізіва. Уздоўж даліны Дняпра на 70 км цягнецца Канеўска-Машнагорскі камлюк. Значныя ўзвышэнні рэльефа надаюць тэрыторыі горны характар. Гэты раён называюць Канеўскімі горамі і Машнагорамі. Нізінны, месцамі забалочаны рэльеф мае левабярэжная частка вобласці, якая размешчаная ў межах Прыдняпроўскай нізіны.

У глебавым пакрыцці на правабярэжжы пераважаюць чарназёмы, на ўзвышаных месцах — шэрыя і светла-шэрыя глебы. На левабярэжжы пашыраны дзярнова-глеевыя, магутныя лугавыя і дзярнова-падзолістыя глебы.

Карысныя выкапні

Вобласць багатая на нерудныя выкапні, перадусім будаўнічыя матэрыялы: граніты, гліны (бентанітавыя, палігарскітавыя, вогнетрывалыя — кааліны) кварцавыя пяскі, аздабленчы камень, сланцы. Сярод паліўных рэсурсаў пераважае буры вугаль і торф.

Левабярэжная частка вобласці мае значныя запасы мінеральна-лекавальных водаў кшталту «Міргародская», узведзена і эксплуатуецца радовішча радонавых водаў.

Водныя аб’екты

Па вобласці цякуць 1037 рэчак, якія належаць да басейнаў Дняпра і Паўднёвага Буга. Галоўная рака — Дняпро (правыя прытокі — Рось, Вальшанка, Цясмын (133 км), левыя — Супой, Сула. Да басейну Паўднёвага Буга належаць рэкі Горскі Цікыч, Гнілы Цікыч, Ятрань. Найбуйнейшыя вадасховішчы — Канеўскае і Крамянчуцкае, акрамя гэтага пабудавана 37 невялікіх вадасховішчаў і звыш гэтага існуе 2,3 тысячаў азёраў, сажалак і вадаёмаў.

Гісторыя

Тэрыторыя цяперашняй Чаркаскай вобласці была заселеная ў эпоху палеаліту (прыблізна 40 тысяч гадоў таму).

У Раннім Сярэднявеччы гэтыя землі ўваходзілі ў Кіеўскую Русь. Але ў 1239—1240 гадах уся тэрыторыя Чаркашчыны была спустошаная мангола-татарскім нашэсцем.

У Познім Сярэднявеччы тэрыторыя сучаснай вобласці была далучаная да Вялікага Княства Літоўскага і ўвайшла ў склад Кіеўскага ваяводства.

Пасля Люблінскай уніі і ўтварэння Рэчы Паспалітай пачынае ўзмацняцца феадальны прыгон, што вядзе да сялянскіх паўстанняў. У выніку, 8 студзеня 1654 года Пераяслаўская рада ўхваліла рашэнне пра ўтварэнне саюза паміж Украінай і Рускім царствам.

Пасля ўстанаўлення савецкай улады ва Украіне Чаркашчына ўвайшла ў склад УССР. Чаркаская вобласць УССР была ўтвораная 7 студзеня 1954 года.

Адміністрацыйна-тэратарыяльны падзел

Мясцовае самакіраванне ў вобласці ажыццяўляе Чаркаскі абласны савет, выканаўчую ўладу — абласная дзяржаўная адміністрацыя. Кіраўніком вобласці (губернатарам) з’яўляецца старшыня аблдзяржадміністрацыі, які назначаецца Прэзідэнтам Украіны.

Зноскі

  1. Уряд визначив адміністративні центри та затвердив території громад усіх областей

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Чаркаская вобласць
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вобласці Украіны
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула