wd wp Пошук:

Уладзімір Дудзіцкі

Уладзімір Дудзіцкі, сапр. Уладзімір Ермалаевіч Гуцька (27 снежня 1910 (8 студзеня 1911), в. Дудзічы, Ігуменскі павет, Мінская губерня, цяпер у Пухавіцкім раёне, Мінская вобласць — пасля 1976) — беларускі паэт , празаік , перакладчык, публіцыст .

Біяграфія

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і[1]. У 1927 годзе пераехаў у Мінск. Скончыў 22-ю мінскую сямігодку (1930), паступіў у МБПТ. Разам з С. Астрэйкам, Л. Калюгам, С. Русаковічам быў выключаны з «воўчым білетам» як «нацдэм». Пры дапамозе Л. Калюгі і У. Хадыкі ўладкаваўся на работу стыльрэдактарам у газету «Савецкая Беларусь». Пазней працаваў стыльрэдактарам у выдавецтве БелАН; адначасова займаўся на падрыхтоўчых курсах пры БДУ. Паступіў на літаратурна-лінгвістычны факультэт МВПІ. Арыштаваны ДПУ БССР 23 лютага 1933 года. Асуджаны 10 жніўня 1933 года як «член контр­рэвалюцыйнай арганізацыі» і за «антысавецкую агітацыю» да 3 гадоў ППК[2]. Пакаранне адбываў у Новасібірску, Марыінску, Казахстане, Узбекістане. Пасля дазволу вярнуцца ў Беларусь жыў у Віцебску. Працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры; экстэрнам здаў экзамены за курс педінстытута. У 1939 годзе звольнены з педагагічнай работы рашэннем Віцебскага абкама КП(б)Б. Вымушаны пакінуць Віцебск, а потым і Беларусь. Хаваўся ў Расіі. Напярэдадні вайны вярнуўся ў Беларусь.[3]

Падчас нямецкай акупацыі жыў у Мінску, Барысаве[3]. Займаўся культурнай дзейнасцю, працаваў загадчыкам аддзела культуры Мінскай гарадской управы (1941—1942), пазней — кіраўнік Барысаўскага акруговага аддзела Беларускай Народнай Самапомачы[4]. Увайшоў у склад БЦР, узначаліў аддзел прапаганды Беларускай Краёвай Абароны[4]. Падчас вайны маці У. Дудзіцкага забілі савецкія партызаны[1]. Летам 1944 года выехаў у Германію. Далучыўся да Камітэта вызвалення народаў Расіі генерала А. Уласава і ўзначаліў прапаганду фарміравання беларускіх аддзелаў пры арміі Уласава; скончыў курсы прапагандыстаў, працаваў у арганізацыі «Вінета»[4]. Служыў у Міністэрстве прапаганды[3].

Пасля капітуляцыі Германіі жыў у Зальцбургу (Аўстрыя)[4], у амерыканскай акупацыйнай зоне. Затым перасяліўся ў Венесуэлу, дзе заснаваў Беларускі камітэт[3][4]. Падтрымліваў сувязі з беларусамі, пісьменнікамі-эмігрантамі ў ЗША[5]. Вёў актыўную перапіску з Ю. Віцьбічам[5]. У 1950 — пачатку 1960-х гадах галоўны рэдактар беларускай рэдакцыі радыё «Вызваленне» ў Мюнхене. З 1961 года ў ЗША. Некаторы час жыў у Нью-Ёрку, пазней перабраўся ў Індыяну, дзе выкладаў рускую мову ва ўніверсітэце Блумінгтана. Неўзабаве вярнуўся ў Венесуэлу.

Сляды У. Дудзіцкага, не толькі цікавага і таленавітага чалавека, але і пітка ды лавеласа, губляюцца ў канцы 1970-х гадоў.[1] Паводле ўспамінаў яго жонкі Веры[3], магчыма, ён не вытрымаў цяжкай настальгіі, выехаў у 1972 годзе на Радзіму і знік у Савецкім Саюзе[5].[3] Яніна Каханоўская[Заўв. 1], лічыла, што паэт з Венесуэлы выехаў у Аргенціну, дзе было шмат прасавецкіх эмігрантаў, там напіўся і, нецвярозы, быў вывезены ў СССР[1]. Паводле меркавання Лявона Юрэвіча, У. Дудзіцкі мог кінуць жонку і дзяцей для чарговага кахання і чарговай краіны[1].

Рэабілітаваны па справе 1933 года (№ 14618-с, захоўваецца з фотаздымкам у архіве КДБ Беларусі) ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда БССР 24.8.1956 года.[2]

Творчасць

Першы складзены У. Дудзіцкім зборнік вершаў «Песні і думы» знік у 1933 годзе пасля яго арышту ДПУ і, мусіць, быў там спалены[1]. Дэбютаваў у друку ў 1937 годзе[3]. Другі зборнік паэзіі, «Напярэймы жаданням», быў складзены У. Дудзіцкім на пачатку 1940-х, але не быў выдадзены з-за вайны[1]. Актыўна выступаў з вершамі, паэмамі, артыкуламі ў друку на акупаванай тэрыторыі падчас 2-й сусветнай вайны[3]. У вайну склаў 2 зборнікі вершаў, але яны не выйшлі[1]. Затым вершы, паэмы, проза, пераклады У. Дудзіцкага друкаваліся ў многіх эміграцыйных выданнях[5]. У 1948 годзе ў лісце да Ю. Віцьбіча У. Дзудзіцкі паведамляў, што падрыхтаваў да друку зборнікі «Хвалі» і «Да блізкіх і далёкіх», а ў 1953 годзе пісаў пра зборнік «Журботныя струны», аднак і гэтыя зборнікі не выйшлі[1]. Толькі ў 1994 годзе Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку выдаў зборнік спадчыны У. Дудзіцкага «Напярэймы жаданням». У зборнік увайшлі вершы, паэмы («Клятва духу», «Звер двухногі», «Маіх уяў ружовых ранак», «Сцені»), пераклады, проза, публіцыстычныя артыкулы, успаміны[5].

Творчасць У. Дудзіцкага цалкам пабудавана на нацыянальнай тэматыцы, увасоблена ў традыцыйных і літаратурных вобразах. Асноўныя тэмы — лёс радзімы, яе гісторыя, прырода, мова, туга па родных людзях. Стыль твораў вылучаецца ўнутраным драматызмам, перажытасцю матэрыялу, афарыстычнасцю фразы. У. Дудзіцкі тонкі і глыбока-эмацыянальны лірык, яго паэзіі ўласціва трагедыйна-настальгічная афарбаванасць. Паэмы У. Дудзіцкага — новая, цікавая з’ява ў беларускай літаратуры XX ст., у іх па-новаму выяўлены суадносіны сацыяльных эмоцый і індывідуальных перажыванняў, зусім па-новаму раскрываецца паняцце нацыянальнага патрыятызму.[5]

У. Дзудзіцкі ведаў іспанскаую, англійскую, нямецкую мовы[5]. Займаўся перакладамі.

Творы

Заўвагі

  1. Пляменніца Антона Луцкевіча, бабка Данчыка.

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 Сідарэвіч А.…
  2. 1 2 Рэпрэсаваныя літаратары… — Т. 3, кн. 2, Дадатак, 2005
  3. 1 2 3 4 5 6 7 8 Рэпрэсаваныя літаратары… — Т. 1., 2003
  4. 1 2 3 4 5 Юрэвіч, 2002
  5. 1 2 3 4 5 6 7 Савік Л. …

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (27):
Нарадзіліся ў Дудзічах
Беларусы ў Венесуэле
Нарадзіліся 8 студзеня
Асобы
Беларускамоўныя пісьменнікі
Перакладчыкі Беларусі
Публіцысты паводле алфавіта
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Вікіпедыя:Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Публіцысты СССР
Постаці беларускай эміграцыі
Паэты СССР
Пісьменнікі Беларусі
Паэты паводле алфавіта
Перакладчыкі паводле алфавіта
Нарадзіліся ў 1911 годзе
Выпускнікі Мінскага беларускага педагагічнага тэхнікума
Перакладчыкі СССР
Паэты Беларусі
Беларускамоўныя паэты
Публіцысты Беларусі
Пісьменнікі паводле алфавіта
Члены Беларускай краёвай абароны
Памерлі ў 1976 годзе
Вікіпедыя:Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Вікіпедыя:Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Пісьменнікі СССР