wd wp Пошук:

Трынідад і Табага

Рэспу́бліка Трыніда́д і Таба́га (англ.: Republic of Trinidad and Tobago) — краіна на поўдні Карыбскага мора. Астраўная дзяржава складаецца з двух асноўных астравоў — Востраў Трынідад і Востраў Табага — і 21 меншага. Сталіца — горад Порт-Оф-Спейн. Нягледзячы на прыналежнасць да Вест-Індыі, астравы болей нагадваюць суседнія краіны Паўднёвай Амерыкі: падобныя геалагічная будова, характар рэльефу, карысныя выкапні, субэкватарыяльны клімат, раслінны і жывёльны свет.

Этнічны і рэлігійны малюнак Трынідада і Табага вельмі стракаты, што абумоўлена насычанай падзеямі гісторыяй каланізацыі. Дзяржаўная мова — англійская. Сталіца не з’яўляецца буйнейшым горадам.

Узровень жыцця насельніцтва вельмі высокі, паводле ВУП на душу насельніцтва ў Амерыцы краіна саступае толькі ЗША і Канадзе. Аснову дабрабыту складаюць здабыча прыроднага газу і яго экспарт у звадкаваным стане, здабыча нафты і прыроднага асфальту, турызм, афшорная дзейнасць. Негатыўны бок заключаецца ў моцнай залежнасці эканомікі ад кошту нафты.

Этымалогія

Хрыстафор Калумб назваў востраў «Ла-Ісла-дэ-ла-Трынідад» («Востраў Сёмухі»), выканаўшы зарок, зроблены адплыццём у трэцяе падарожжа. Востраў жа Табага, хутчэй за ўсё, атрымаў назву ад сваёй цыгарэтнай формы.

Геаграфічнае становішча

Астравы размешчаны ў Атлантычным акіяне: Трынідад ў аддзелены ад паўночнага ўзбярэжжа Венесуэлы дзесяцікіламетравым пралівам Калумба. Прыкладна на такую ж адлегласць з усходу да Трынідада не далятае, патанаючы ў праліве Бака-дэль-Драгон (пашча Цмока), страла паўвострава Парыя. Паміж востравам і Паўднёвай Амерыкай размясціўся заліў Парыя. У 50 км на поўдзень — вусце Арынока. Востраў Табага ляжыць у 25 км на паўночны ўсход ад Трынідада. Бліжэйшая Антыльская дзяржава — Грэнада. На востраў Трынідад прыходзіцца 93% плошчы Трынідада і Табага (4 800 кв.км).

Геаграфія

Асноўны артыкул: Геаграфія Трынідада і Табага

Карта

Трынідад і Табага, у адрозненні ад большасці Антыльскіх астравоў, знаходзяцца на кантынентальным шэльфе Паўднёвай Амерыкі, то бок, маюць мацерыковае паходжанне, Табага — з праявамі даўнейшай вулканічнай дзейнасці. Горы Трынідада (да 940 м., гара Арыпа) і Табага (да 640 м) з’яўляюцца працягам венесуэльскіх Андаў.

Асфальтавае возера Піч-Лейк
Паўднёвая і цэнтральная частка Трынідада нізінная, чатка Табага ўяўляе сабою вапняковае плато. На востраве Трынідад маюцца радовішчы [нафты](/Нафта "Нафта") (на сушы і на шэльфе), [асфальту](/Асфальт "Асфальт") (возера [Піч-Лейк](/Піч-Лейк "Піч-Лейк")), прыроднага газу. Піч-лейк на паўднёва-заходнім беразе вострава Трынідад з'яўляецца найбуйнейшым прыродным рэзервуарам асфальту ў свеце.[[2]](/Трынідад_і_Табага#cite_note-2)

Клімат субэкватарыяльны, гарачы, вільготны. Сярэднемесячныя тэмпературы 25-27 °С. Ападкаў за год ад 1200 на захадзе да 3800 мм на усходзе (на наветраных схілах). Дажджлівы сезон цягнецца з чэрвеня па снежань. Астравы ляжаць на поўдзень ад зоны трапічных цыклонаў, і большасць ураганаў абыходзяць іх бокам. На Трынідадзе ёсць рэкі: Карані (40 км) і Артойрэ (50 км), на Табага — толькі ручаі.

Трапічныя лясы (трынідадскі цік, карыбская хвоя, махагоні, чырвоны сандал, бальса) займаюць 46 % тэрыторыі. На Трынідадзе з падветранага боку распаўсюджаныя ўчасткі другасных саван. Фаўна мае падабенства з фаўнай Паўднёвай Амерыкі. Трапляецца пекары, ацэлот, апосум, агуці, малпа-капуцын, кажаны, чарапахі. Багатая арнітафаўна: чырвоныя ібісы і чырванахвостая чачалака, якія з’яўляюцца сімваламі астравоў Трынідад і Табага адпаведна, трымаюць шчыт на гербе дзяржавы. Пырхаюць на гербе і калібры. На астравах сустракаецца 650 відаў матылькоў[3]. Ёсць рэзерваты і марскі запаведнік.

Гісторыя

Асноўны артыкул: Гісторыя Трынідада і Табага Астравы былі заселеныя каля 7000 гадоў назад (першымі сярод Антыльскіх). Плямёны індзейцаў змянялі адно аднаго, апошнімі (у 14 стагоддзі) сюды мігравалі аравакі і карыбы. На час адкрыцця ў 1498 г. Хрыстафорам Калумбам востраў Трынідад быў населены індзейцамі-аравакамі, востраў Табага — карыбамі. У 15321797 гг. востраў Трынідад быў іспанскай калоніяй. Першапачатковая цікавасць да астравоў была невялікая з-за беднасці глебаў і адсутнасці карысных выкапняў. Праўда, ў 1511 мясцовых жыхароў сталі вывозіць для здабычы жэмчугу на востраў Маргарыта. У 1797 г. Трынідад быў захоплены Вялікабрытаніяй (афіцыйна замацаваны за ёй па выніках Ам’енскага дагавора 1802 г.). За валоданне востравам Табага спрачаліся розныя еўрапейскія дзяржавы (у 16521658 гг. — уладанне Курляндскага герцагства, васала ВКЛ), у 1763 г. захоплены Вялікабрытаній (замацаваны за ёй у 1814 г.). У 1889 г. абодва вострава аб’яднаны ў адзіную калонію. У 1834 г. пасля адмены рабства ў Брытаніі пачалася эміграцыя рабочых з Індыі і Кітая. У 19581962 гг. Трынідад і Табага ў складзе Федэрацыі Вест-Індыі.

31 жніўня 1962 г. Трынідад і Табага абвясціў незалежнасць у складзе Садружнасці нацый. 1 жніўня 1978 г. абвешчана рэспубліка. Да сярэдзіны 1980-х гадоў у палітычным жыцці краіны дамінаваў Народны нацыянальны рух, які адлюстроўваў інтарэсы пераважна афратрынідадцаў. З канца 1980-х гадоў значны ўплыў набыў Аб’яднаны нацыянальны кангрэс, які адлюстроўваў інтарэсы пераважна індатрынідадскай абшчыны. У 1990 ўзброенай групоўкай «Jamaat al Muslimeen» была зроблена спроба дзяржаўнага перавароту, узяты ў закладнікі ўрад, але праз пяць дзён тэрарысты былі абясшкоджаны.

Палітыка

Асноўны артыкул: Палітыка Трынідада і Табага Трынідад і Табага — парламенцкая рэспубліка ў складзе Садружнасці нацый. Па канстытуцыі, прынятай 1 жніўня 1976 г., кіраўніком дзяржавы з’яўляецца прэзідэнт, які выбіраецца калегіяй выбаршчыкаў з членаў парламента на 5 гадоў.

Заканадаўчая ўлада належыць двухпалатнаму парламенту, які складаецца з Сената (31 член; зацвярджаецца прэзідэнтам (16 членаў — паводле рэкамендацыі прэм’ер-міністра, 6 — паводле рэкамендацыі лідара апазіцыі і 9 — паводле меркаванні прэзідэнта з улікам неабходнасці прадстаўніцтва ў парламенце вядомых дзяржаўных, грамадскіх і рэлігійных дзеячаў), які зацвярджаецца прэзідэнтам, і Палаты прадстаўнікоў (36 дэпутатаў), якія выбіраюцца на 5 гадоў паводле сістэмы адноснай большасці.

Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, лідарам партыі, якая складае большасць у парламенце. Урад прызначаецца з ліку членаў Сената і Палаты прадстаўнікоў і нясе адказнасць перад парламентам.

Прававая і судовая сістэмы Трынідада і Табага заснаваныя на прынцыпах англійскага права. Вышэйшы орган судовай улады — Вярхоўны суд. Яго старшыня прызначаецца прэзідэнтам па прадстаўленні прэм’ер-міністра і лідара апазіцыі, а астатнія суддзі — па рэкамендацыі судова-прававога камітэта. Ніжэйстаячыя органы — Высокі суд, Апеляцыйны суд і магістраты.

Адміністрацыйны падзел

Асноўны артыкул: Адміністрацыйны падзел Трынідада і Табага Трынідад і Табага — унітарная рэспубліка, якая падзяляецца на 5 муніцыпалітэтаў, 9 рэгіянальных карпарацый і самакіравальную тэрыторыю Табага.

Насельніцтва

Рост насельніцтва ў апошнія гады нават адмоўны, што звязана з высокім узроўнем эміграцыі (у 2017 натуральны прырост склаў 0.4 %, міграцыйны адток — -0.6 %)[4]. Індатрынідадцы — 37 %, афратрынідадцы — 36 % (нашчадкі закантрактаваных рабочых). Дзяржаўная мова — англійская. У гутарцы выкарыстоўваюцца трынідадская крэольская і бхаджпуры. Рэлігійны склад: 55 % — хрысціяне (пераважна пратэстанты), 18 % — індуісты.[5]. Сталіца краіны Порт-оф-Спейн з’яўляецца трэцім па колькасці насельніцтва горадам (37 тыс.), саступаючы гарадам Чагуанас (83 тыс.), Сан-Фернанда (48 тыс.).

Эканоміка

Асноўны артыкул: Эканоміка Трынідада і Табага Грашовая адзінка — доллар Трынідада. ВУП на душу насельніцтва — каля 31 000 даляраў (2017), трэці ў Амерыцы. Трынідад і Табага — найбагацейшая краіна Карыбскага басейна і мае развітую эканоміку з моцным прыватным і невялікім дзяржаўным сектарамі. Дзякуючы паспяховым эканамічным рэформам, праведзеным у 1995 г., дзяржава стала прывабным рэгіёнам для замежных інвестыцый. Адбылося ажыўленне знешняга гандлю. Інвестыцыі ў прамысловасць і пашырэнне будаўніцтва спрыялі значнаму эканамічнаму росту.

Да пачатку 20 стагоддзя Трынідад стаў цэнтрам плантацыйнага гаспадаркі, асноўнымі культурамі былі какава і кава (у сярэдзіне (XX стагоддзя плантацыі загінулі ў выніку эпідэмій і ўраганаў, какававыя былі часткова адноўленыя). У другой палове (XIX стагоддзя ля возера Піч-Лейк пачалася здабыча нафты (адна з першых у свеце). Сёння экспарт нафты і звадкаванага газу (6 месца ў свеце, 17 млрд м³ у 2015) — найважнейшая крыніца даходу (40 % ВУП, 80 % экспарту пры ўсяго 5 % занятых). Негатыўны бок заключаецца ў моцнай залежнасці эканомікі ад цаны на нафту. У 2015 па 2017 год ва ўмовах нізкіх цэн на нафту ВУП краіны ўпаў на 8 %. Вырошчваюцца какава, перац, какосавыя арэхі. Найважнейшы знешнеэканамічны партнёр — ЗША (да 50 % экспарту і 27 % імпарту). Як і большасць Карыбскіх астравоў Трынідад з’яўляецца цэнтрам турызму і афшорнай зонай.

Гл. таксама

Літаратура

Спасылкі

Зноскі

  1. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/td.html Архівавана 30 мая 2015.
  2. http://www.liverpoolmuseums.org.uk/collections/research/trinidad/pitch-lake.aspx
  3. https://www.cbd.int/doc/world/tt/tt-nr-04-en.pdf
  4. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/td.html Архівавана 30 мая 2015.
  5. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/td.html Архівавана 30 мая 2015.
Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Дзяржавы паводле алфавіта
Катэгорыя·Трынідад і Табага
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Старонкі з модулем Hatnote з чырвонай спасылкай