wd wp Пошук:

Сімон Балівар

Сімо́н Балі́вар (поўнае імя — Сімон Хасэ Антоніа дэ ла Сантысіма Трынідад Балівар-і-Понсэ-і-Паласіяс-і-Бланка, ісп.: Simón José Antonio de la Santísima Trinidad Bolívar y Ponce y Palacios y Blanco) (24 ліпеня 1783 — 17 снежня 1830) — змагар за незалежнасць Лацінскай Амерыкі ад Іспаніі. Найбольш уплывовы і вядомы з кіраўнікоў вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы. Нацыянальны герой Венесуэлы, у 1813 годзе Нацыянальным кангрэсам Венесуэлы быў абвешчаны Вызваленцам. Акрамя таго, вызваліў Новую Гранаду (сучасная Калумбія і Панама), правінцыю Кіта (сучасны Эквадор) і Перу. У 18191830 гадах прэзідэнт Вялікай Калумбіі, створанай на тэрыторыі вызваленых ад іспанскай улады. У 1825 годзе стаў на чале Рэспублікі Балівія, якая была названа ў яго гонар.

Біяграфія

Раннія гады

Сімон нарадзіўся 24 ліпеня 1783 года ў шляхетнай крэольскай сям’і Хуана Вінцэнта Балівара, які быў басконскага паходжання. Род Балівараў паходзіў з мястэчка Ла-Пуэбла-дэ-Балівар у Біскаі, у Іспаніі, які знаходзіўся тады ў акрузе Маркіна, а з пачаткам каланіяльнага жыцця сям’я прыняла найактыўны ўдзел у жыцці Венесуэлы. Хлопчык рана пазбавіўся бацькоў. На выхаванне і фарміраванне светапогляду Балівара вялікі ўплыў зрабіў яго настаўнік і старэйшы сябар, бачны асветнік Сімон Радрыгес. Юнацтва Балівар правёў у Еўропе, вандраваўшы ў 17991806 гадах у Іспаніі, Францыі, Італіі), дзе рана ажаніўся, але неўзабаве аўдавеў. 15 жніўня 1805 года на ўзгорку Монтэ-Сакра ў Рыме, у прысутнасці Радрыгеса, ён пакляўся змагацца за вызваленне Паўднёвай Амерыкі ад каланіяльнага прыгнёту.

Венесуэльская рэспубліка

Сімон Балівар прыняў актыўны ўдзел у звяржэнні іспанскага панавання ў Венесуэле ў красавіку 1810 года і абвяшчэнні яе незалежнай рэспублікай у 1811 годзе. Пасля разгрому апошняй іспанскім войскам, у 1812 годзе абгрунтаваўся ў Новай Гранадзе, дзе напісаў «Маніфест з Картахены», а ў пачатку 1813 года вярнуўся на радзіму. У жніўні 1813 года яго войскі занялі Каракас; была створана 2-я Венесуэльская рэспубліка на чале з Баліварам. Аднак, не вырашыўшыся правесці рэформы накіраваныя на інтарэсы народных нізоў, ён не здолеў заручыцца іх падтрымкай і ў 1814 годзе атрымаў паражэнне. Вымушаны шукаць прытулак на Ямайцы, у верасні 1815 года апублікаваў там адкрыты ліст, дзе выказваў упэўненасць у хуткім вызваленні іспанскай Амерыкі.

Стварэнне Калумбіі

Усвядоміўшы нарэшце неабходнасць вызвалення рабоў і вырашэння іншых сацыяльных праблем, Балівар пераканаў прэзідэнта Гаіці Петыёна на аказанне паўстанцам ваеннай дапамогі і ў снежні 1816 года высадзіўся на ўзбярэжжы Венесуэлы. Скасаванне рабства ў 1816 годзе і выдадзены ў 1817 годзе дэкрэт аб надзяленні салдат вызваленчай арміі зямлёй дазволілі яму пашырыць сацыяльную базу. Услед за паспяховымі дзеяннямі ў Венесуэле яго войскі ў 1819 годзе вызвалілі Новую Гранаду. У снежні 1819 года ён быў абраны прэзідэнтам абвешчанай Нацыянальным кангрэсам у Ангастуры (зараз Сьюдад-Балівар) рэспублікі Калумбіі, куды ўвайшлі Венесуэла і Новая Гранада. У 1822 годзе калумбійцы выгналі іспанскія войскі з правінцыі Кіта (зараз Эквадор), якая далучылася да Вялікай Калумбіі.

Распад калумбійскай федэрацыі

Імкнучыся да аб’яднання іспанамоўных-амерыканскіх дзяржаў, Балівар склікаў у Панаме кангрэс іх прадстаўнікоў у 1826 годзе, але не дамогся поспеху. Пасля сканчэння вызваленчай вайны ў процівагу яго цэнтраліскай палітыцы ў рэгіёне ўзмацніліся сепаратыскія тэндэнцыі. У выніку выступленняў Балівар пазбавіўся ўлады ў Перу і Балівіі ў 18271830 гадах. У пачатку 1830 года ён сышоў у адстаўку і неўзабаве памёр каля калумбійскага горада Санта-Марта 17 снежня 1830 года. Перад смерцю Балівар адмовіўся ад сваіх зямель, дамоў і нават дзяржаўнай пенсіі і цэлыя дні праводзіў, сузіраючы з акна жывапісныя пейзажы мясцовых «снежных гор» — Сьера-Невады[4].

У масонстве

Вядома, што пасвячэнне ў масонства Балівар прайшоў у Іспаніі, у Кадысе. З 1807 года ён быў членам Шатландскага Статута. У 1824 годзе ў Перу заснаваў ложу «Парадак і Свабода» № 2[5].

Смерць

17 снежня 1830 года ва ўзросце сарака сямі гадоў, Сімон Балівар памёр пасля хваробы на сухоты ў Кінта-дэ-Сан-Педра-Алехандрына ў горадзе Санта-Марта, які сёння размяшчаецца ў Калумбіі. Перад смерцю, Балівар папрасіў свайго ад’ютанта генерала Даніэля Фларэнсіа О’Ліры спаліць яго захавалы архіў твораў, лістоў і прамоў. Аднак О’Ліры не здзейсніў апошняе пажаданне Сімона і захаваў гэтыя працы, забяспечваючы гісторыкаў велізарнай колькасцю інфармацыі пра ліберальную філасофію Балівара, яго думкі, а таксама падрабязнасці яго асабістага жыцця, як яго доўгі раман з Мануэлай Саэнс. Незадоўга да сваёй смерці ў 1856 годзе Саэнс дапоўніла гэту калекцыю, дадаўшы ў архіў сваі лісты ад Балівара[6].

Спадчына

Помнік Балівару ў Каракасе

У Лацінскай Амерыцы імя Балівара вельмі папулярнае. Яно сустракаецца ў назвах дзяржавы Балівія, правінцый, гарадоў, вуліц, грашовых адзінак (балівіяна — Балівія, балівар — Венесуэла). Сімону Балівару прысвечаны біяграфічныя нарысы, мастацкія творы, гістарычныя працы, а таксама шматлікія помнікі. Наймацнейшы футбольны клуб Балівіі носіць назву «Балівар». З 1822 года вернай сяброўкай і спадарожніцай жыцця Балівара, нягледзячы на ўсе метамарфозы яго лёсу, была ўраджэнка гораду Кіта крэолка Мануела Саенс. Паводле неафіцыйных дадзеных, Сімон Балівар перамог у 472 бітвах.

Балівар з’яўляецца галоўным героем у рамане калумбійскага пісьменніка Габрыэля Гарсіі Маркеса «Генерал у сваім лабірынце», дзе падзеі развіваюцца ў апошні год жыцця генерала. Біяграфіі Балівара напісалі Эміль Людвіг і ўкраінскі класік Іван Франко.

Зноскі

  1. 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. 1 2 Simon Bolivar // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Боливар Симон // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969.
  4. «Хронікі Харона. Энцыклапедыя смерці», Слоўнік абраных смерцяў. Новасібірск ISBN 978-5-379-00562-7
  5. Simon Bolivar. Free Masonry
  6. Bolívar, Simón (1983). Hope of the universe (print ed.). Paris: UNESCO.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (24):
Катэгорыя·Рэвалюцыянеры Балівіі
Катэгорыя·Памерлі 17 снежня
Катэгорыя·Рэвалюцыянеры Венесуэлы
Катэгорыя·Нарадзіліся 24 ліпеня
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1783 годзе
Катэгорыя·Прэзідэнты Калумбіі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў 1830 годзе
Катэгорыя·Памерлі ад туберкулёзу
Катэгорыя·Кавалеры Вялікага крыжа ордэна «Сонца Перу»
Катэгорыя·Асобы на марках
Катэгорыя·Прэзідэнты Перу
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Прэзідэнты Венесуэлы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Істотныя артыкулы
Катэгорыя·Рэвалюцыянеры Эквадора
Катэгорыя·Рэвалюцыянеры Перу
Катэгорыя·Масоны
Катэгорыя·Постаці Балівіі
Катэгорыя·Асобы на банкнотах
Катэгорыя·Прэзідэнты Балівіі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Каракасе
Катэгорыя·Рэвалюцыянеры Калумбіі