wd wp Пошук:

Стракозы

Стракозы (Odonata) — атрад драпежных, добра лятаючых насякомых. Раздзел энтамалогіі, прысвечаны вывучэнню стракоз, завецца аданаталогіяй.

Апісанне

Буйныя насякомыя з рухомай галавой, вялікімі вачамі, кароткімі шчацінкападобнымі вусікамі, чатырма празрыстымі крыламі з густой сеткай жылак і падоўжаным стройным брушкам. Даўжыня брушка да 120 мм, задняга крыла да 94 мм.

Фасетачныя вочы страказы

У стракоз вялікая галава з велізарнымі фасетачнымі вачамі, якія часта сыходзяцца на цемені; простых вочак тры. Дзякуючы гэтаму яны маюць амаль кругавы агляд і добра вызначаюць адлегласць да здабычы, якую праследуюць і хапаюць сваімі моцнымі сківіцамі. Ротавыя органы грызучыя.

Крылаў 2 пары; доўгія, празрыстыя, перапончатыя, густа жылкаваныя. Крылы ў стракоз не складваюцца на спіне і застаюцца распрастанымі ў час адпачынку.

У адрозненне ад іншых насякомых маюць аорсавентралыныя мышцы крылаў і другасны капуляцыйны апарат у самцоў.

У самцоў маюцца 3—4 анальныя прыдаткі на канцы брушка, другасны капуляцыйны апарат на другім сегменце брушка, у самак 2 верхнія анальныя прыдаткі і генітальная пласцінка на 8-м сегменце брушка.

Класіфікацыя

Атрад падзяляюць на 3 падатрады: раўнакрылыя стракозы (Zygoptera), разнакрылыя стракозы (Anisoptera), анізазігаптэра (Anisozygoptera) — 2 сучасных віды ў Японіі і Індыі. Вядома звыш 5600 відаў (5680 відаў па стане на люты 2008 года[1]).

Пашырэнне

Вядомы з карбону (каля 350 млн г. назад). Пашыраны паўсюдна, пераважна ў тропіках і вілыотных субтропіках. Жывуць паблізу вадаёмаў. З вадой цесна звязана іх жыццё ў лічынкавым стане. Аднак стракозы могуць залятаць і даволі далёка ад вадаёмаў, а некаторыя віды ажыццяўляюць працяглыя міграцыі, перасяляючыся ў новыя месцы. На Беларусі каля 50 відаў з падатрадаў раўнакрылых і разнакрылых стракоз; найбольш трапляюцца стракозы з сямействаў прыгажунь (Calopterygidae), бабак, або патрульшчыкаў (Corduliidae), дзедак (Gomphidae), каромыслаў, лютак (Lestidae), пласканожак (Platycnemididae), сапраўдных стракоз (Libellulidae), стрэлак (Coenagrionidae).

Асаблівасці біялогіі

Стракозы — драпежныя насякомыя. Яны нястомна імкліва лятаюць у паветры ў розных напрамках, на ляту хапаючы камароў, мух або іншых насякомых, якія сядзяць на раслінах.

Развіццё з няпоўным ператварэннем у вадаёмах розных тыпаў. Стракозы адкладваюць яйцы прама ў ваду, пагружаючы ў яе брушка, або ўтыкаюць іх у сцёблы водных раслін. Некаторыя стракозы пры адкладцы яец часам пагружаюцца ў ваду на вялікую глыбіню. Там развіваюцца іх лічынкі (наяды), якія дыхаюць вонкавымі (хваставымі) або рэктальнымі (вырасты задняй кішкі) жабрамі.

Лічынка страказы

Гэтак жа, як і дарослыя стракозы, большасць лічынак з’яўляюцца драпежнікамі. Яны хапаюць здабычу ў вадзе. Для гэтага ў іх развіты спецыяльны лоўчы апарат (відазмененая ніжняя губа), які маланкава высоўваецца далёка наперад, — «маска». З дапамогай рухомых зубцоў «маскі» лічынкі хапаюць здабычу, утрымліваюць яе і паядаюць.

Дарослыя стракозы знішчаюць значную колькасць насякомых. Лічынкі стракоз могуць паядаць лічынак і малькоў рыб, наносячы адчувальную шкоду рыбаводным гаспадаркам.

Зноскі

  1. Robert G. Foottit, Peter H. Adler. Insect Biodiversity: science and society. — Blackwell Publishing Ltd, 2009. — С. 31. — 642 с. — ISBN 978-1-4051-5142-9.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (10):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Атрады насякомых
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Стракозы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без нумароў старонак