Све́дкі Іего́вы — міжнародная рэлігійная арганізацыя, якая ўзнікла ў 1870-х гг. у ЗША і да 1931 г. называлася «Асацыяцыяй Міжнародных даследчыкаў Бібліі». Паводле падлікаў самой арганізацыі, на жнівень 2019 года найвышэйшы лік веснікаў ва ўсім свеце дасягнуў 8 695 808 чалавек[1]. Сярэдняя колькасць веснікаў Сведкаў Іеговы ў Беларусі на жнівень 2020 г. складала 6 173 чалавек[2].
Існуюць розныя спробы ахарактэрызаваць Сведкаў Іеговы з пункту гледжання рэлігіязнаўства. Так шэраг багасловаў і даследчыкаў, блізкіх па поглядах да кафалічных цэркваў, адносяць гэту рэлігійную групу да парахрысціянскай, пераважна па прычыне адмаўлення Сведкамі дагматаў аб трыадзінстве Бога, пра пекла і палажэнне Ісуса Хрыста як Бога, якія гэтыя багасловы лічаць «прынцыповымі вучэннямі гістарычнага хрысціянства[3]». Свецкія рэлігіязнаўцы звычайна адносяць Сведкаў Іеговы да пратэстантаў[4], але самі Сведкі Іеговы заяўляюць, што яны не пратэстанты[5][6], але пры гэтым адносяць сябе да хрысціян[7]. Апаненты, такія як А. Л. Дворкін у Расіі, абвінавачваюць іх у сектанцтве, але самі Сведкі Іеговы і шэраг рэлігіязнаўцаў адмаўляюць гэта[8]. Яшчэ адно вызначэнне дае Брытанская энцыклапедыя: «міленарысцкая дэнамінацыя, якія ўзніклаў рамках … руху адвентыстаў ХІХ стагоддзя ў Злучаных Штатах і з тых часоў распаўсюдзіўся па ўсім свеце»[9]. Сведкі Іеговы згаджаюцца з вызначэннем іх рэлігіі як дэнамінацыі, але адмаўляюць сваё паходжанне ад руху АСД: «Сведкі Іеговы ніколі не адколваліся ад пануючых цэркваў, але ўзніклі незалежна з гуртка па вывучэнні Бібліі»[10].
У 1870 г. Чарлз Тэйз Расел у г. Алегейні і Піцбург (Пенсільванія, ЗША) заснаваў групу даследчыкаў Бібліі, якая збіралася для дыскусій наконт вучэнняў Пісання, з абмеркаваннем усіх сціхоў па пэўнай тэме (напрыклад, Тройца) і натававаннем высноў. Паступова да групы сталі далучацца прыхільнікі з розных гарадоў ЗША і замежжа. Пазней Расел актыўна ездзіў па ўсім свеце з лекцыямі на тэмы рая, пекла, Тройцы і часам удзельнічаў у дэбатах з крытыкамі з ліку пратэстанцкіх святароў.
У ліпені 1879 года Расел пачаў выдаваць часопіс «Вартавая вежа», які Сведкі Іеговы выдаюць і па сённяшні час. Гэты часопіс пэўны час быў асноўным сродкам камунікацыі паміж прыхільнікамі Даследчыкаў Бібліі ў розных частках свету.
З 1881 г. «Вартавая вежа» заклікае чытачоў дзяліцца сваімі перакананнямі з іншымі.
15 студзеня 1884 г. група Даследчыкаў Бібліі зарэгістравала сваю першую юрыдычную асобу: Таварыства Вартавой вежы (ТВВ). Ч. Т. Расел стаў першым прэзідэнтам гэтай стурктуры[11].
У 1914 годзе Расел і Міжнародныя даследчыкі Бібліі выдалі свой пешы фільм «Фотадрама стварэння», які ў тым годзе паглядзелі каля 9 млн чалавек ў Паўночнай Амерыцы, Еўропе і Аўстраліі[12]. У гэты жа перыяд частка прыхільнікаў Даследчыкаў Бібліі пакінулі іх рады, таму што чаканне фізічнага прыходу Царства Бога ў кастрычніку 1914 года не спраўдзілася.
31 кастрычніка 1916 года Ч. Расел памёр падчас сваёй місіянерскай паездкі па ЗША.
6 студзеня 1917 г. другім прэзідэнтам Таварыства Вартавой вежы быў абраны Джозеф Франклін Рутэрфорд. У гэты перыяд Даследчыкі Бібліі сутыкнуліся з самым цяжкім крызісам за сваю гісторыю. Частка Даследчыкаў Бібліі як у ЗША, так і за іх межамі была не гатова ісці за новым прэзідэнтам і стварыла некалькі сваіх суполак, якія неўзабаве распаліся. Таксама ў гэты перыяд Даследчыкі Бібліі сутыкнуліся з процідзеяннем урадаў ЗША і Канады, якое вылілася ў суд над кіраўніцтвам Таварыства Вартавой вежы па абвінавачванню ў шпіянажы і знаходжанне Рутэрфорда і яшчэ 6 супрацоўнікаў ТВВ у федэральнай турме Атланты з 21 чэрвеня 1918 года па 26 сакавіка 1919 г. 5 мая 1919 г. справа супраць іх была спынена, а абвінавачаныя апраўданы.
Падчас кіраўніцва Рутэрфорда адбыліся істотныя арганізацыйныя змены. З 1919 г. пачалося выдавецтва часопіса «Залаты век» (цяпер вядомы пад назвай «Прачніцеся!»). З 1924 г. ТВВ стала карыстацца сваёй радыястанцыяй WBBR. Таксама з 1920-х гг., асабліва з 1926 г., у літаратуры Даследчыкаў Бібліі ўзмацніўся акцэнт на асабісты ўдзел кожна верніка ў прапаведніцкай дзейнасці.
З 1931 года Даследчыкі Бібліі сталі вядомыя як Сведкі Іеговы, але старая назва заставалася па-ранейшаму папулярнай у Германіі 1930-40-х гг.
З 1934 г. у прапаведніцкай дзейнасці Сведкі Іеговы пачалі выкарыстоўваць патэфоны з пласцінкамі, на якіх былі запісаныя кароткія прамовы Рутэрфорда.
1930—1945 гг. сталі перыядам, калі літаратура і дзейнасць Сведкаў Іеговы была абмежавана ці забаронена ў большасці рэгіенаў свету, у т.л. у 23 краінах Брытанскай садружнасці, Трэцім рэйху і СССР. У 1941 г. колькасць актыўных Сведкаў Іеговы дасягнула 109 тыс.[13].
8 студзеня 1942 Дж. Рутэрфорд памёр.
Трэцім прэзідэнтам ТВВ быў абраны Нэйтан Нор. Падчас яго кіраўніцтва арганізацыяй быў зроблены акцэнт на падрыхтоўку прапаведнікаў і іншыя адукацыйныя меры. У 1943 г. з’явілася Школа Галаад для падрыхтоўкі місіянераў для дзейнасці за мяжой і Школы тэакратычнага служэння для навучэння рыторыцы астатніх Сведкаў Іеговы і іх прыхільнікаў.
У 1950-61 гг на англійскай мове быў выдадзены пераклад Бібліі Сведкаў Іеговы: Святое Пісанне — Пераклад новага свету.
Таксама ў 1950 г. у Сведкаў Іеговы з’явілася практыка выключэння з арганізацыі членаў за амаральныя паводзіны.
У 1963 г. колькасць Сведкаў Іеговы перавысіла 1 млн чал.
У 1971-75 гг. завершылася тэндэнцыя па пераходу да калегіяльнага кіравання ў структрурах Сведкаў Іеговы. У гэты час у Кіруючай Радзе ТВВ перайшлі ад кіраўніцтва прэзідэнта да старшынства кожнага з членаў па чарзе. Аналагічныя змены адбыліся ў сходах, дзе замест аднаго старэйшыны кіраўніцтва стала ажыццяўляцца радай старэйшын.
Сярод Сведкаў Іеговы была распаўсюджана думка, якая не была афіцыйна пацверджана Кіруючай радай Сведкаў Іеговы, што дзень Божага суда прыйдзе ў 1975 г, часткова заснаваная на вучэнні аб тым, што ў гэтым годзе спаўняюцца 6000 год чалавечай гісторыі. Калі гэтага не адбылося, то частка Сведкаў Іеговы пакінула арганізацыю, а крытыкі Сведкаў Іеговы абвінавачвалі іх у распаўсюджанні ложных праротцтваў.
У 1985-86 гг. пачала дзейнічаць спецыяльная праграма будаўніцтва аб’ектаў арганізацыі: Залаў Царства (цэркваў), Залаў Кангрэсу (для сустрэч вялікімі групамі) і вефільскіх комплексаў (філіялаў арганізацыі). У выніку будаўніцтва набыло паскораныя тэмпы.
У 1990—1991 гады пасля падзення шэрагу сацыялістычных рэжымаў у Еўропе, Азіі і Афрыцы дзейнасць Сведкаў Іеговы пачала бурна развівацца ў гэтых краінах.
З канца 1990-х гадоў арганізацыя Сведкаў Іеговы пачала актыўна карыстацца інтэрнэтам.
У сярэдзіне 2000-х гадоў пайшла тэндэнцыя скарачэння часу сустрэч і аб’ёму матэрыялаў літаратуры Таварыства для чытання і вывучэння.
З 2014 года акцэнт з выдання тэкставай друкаванай інфармацыі паступова змясціўся на стварэнне відэа. У гэтым годзе была таксама запушчана штомесячная відэаперадача JW Broadcasting.
15 студзеня 1997 г. Сведкі Іеговы запусцілі свой першы афіцыйны сайт www.watchtower.org[14]. У 1999 г. быў створаны сайт www.jw-media.org для работы са СМІ, а ў 2005 г. www.jw.org для захоўвання электронных версій часопісаў Сведкаў Іеговы[15]. У жніўні 2012 г. інфармацыя з трох сайтаў была аб’яднана ў адін, адзіным афіцыйным сайтам стаў jw.org, а астатнія два былі ліквідаваныя[15][16]. Асобна ствараліся электронныя бібліятэкі публікацый Таварыства Вартавой вежы Watchtower Library, якая выпускалася на кампакт-дысках пад заказ i анлайн-бібліятэка www.wol.jw.org. У 2014—2019 гадах дзейнічаў асобны сайт інтэрнэт-тэлебачання Сведкаў Іеговы JW Broadcasting www.tv-jw.org, які ў канцы 2019 года быў аб’яднаны з jw.org. Станам на верасень 2022 года jw.org быў перакладзены на 1067 моў і дыялектаў.
У 2020 годзе Сведкі Іеговы распрацавалі JW Box — wi-fi роўтар з праграмай, распрацаванай камп’ютарным аддзелам арганізацыі, і флэш-картай, на якую запісаны электронныя публікацыі і відэаролікі Сведкаў Іеговы. Гэта прылада можа перадаваць матэрыялы праз wi-fi на іншыя дэвайсы ў мясцовасці, дзе ёсць праблемы з інтэрнэтам і электрычнасцю[17].
Сярод іншых распрацовак Сведкаў Іеговы знаходзяцца камп’ютарная праграма для перакладчыкаў MEPS i дадаткі JW Library, JW Language i Watchtower Library. Адным з найбольш папулярных сярод паслядоўнікаў гэтай канфесіі, з’яўляецца дадатак для Android i iOS JW Library, які мае кантэнт на 98 мовах і Android-версію якога спампоўвалі больш за 10 млн карыстальнікаў[18][19].
У 2021 годзе на 70-годдзе аперацыі «Поўнач» Сведкі Іеговы стварылі сайт, прысвечаны гэтай падзеі.
У сакавіку 2020 года ў сувязі з пандэміяй каранавіруса Кіруючая рада Сведкаў Іеговы прыняла рашэнне праводзіць рэлігійныя сустрэчы праз відэасувязь альбо ў выключных выпадках маленькімі групамі, каб пазбегнуць рызыкі распаўсюджання хваробы сярод вернікаў[20]. У якасці сродкаў сувязі паміж вернікамі былі абраныя праграмы Skype i Zoom. Быў створаны адмысловы сайт для трансляцыі запісу рэлігійных сустрэч stream.jw.org з доступам для аўтарызаваных карыстальнікаў, а прамова для Вячэры і матэрыялы рэгіянальнага кангрэса былі выкладзены ў агульны доступ на jw.org. Для некаторых краін Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, дзе многія не маюць доступу да інтэрнэту, мясцовыя філіялы Сведкаў Іеговы купілі ў некаторых тэле- і радыёкампаній эфірныя гадзіны для трансляцыі сустрэч[21][22] На тэле- і радыётрансляцыю праграмы рэгіянальнага кангрэса 2020 г. Сведкі Іеговы патрацілі каля 48 тысяч долараў ЗША са свайго фонду ахвяраванняў на сусветную дзейнасць арганізацыі[23]. У некаторых рэгіёнах Афрыкі таксама набажэнствы праводзяць з дапамогай мабільнай сувязі[24]. Пры гэтым была працягнута перакладчыцкая дзейнасць у рэжыме анлайн і прапаведніцкае служэнне праз тэлефанаванне, напісанне пісем і правядзенне размоў з зацікаўленымі асобамі праз відэасувязь[25][26]. Была працягнута дзейнасць па аказанню дапамогі пажылым Сведкам з засваеннем тэхналогій відэасувязі і па перадачы гуманітарнай дапамогі Сведкам, якія пацярпелі ад стыхійных бедстваў і эканамічнага крызісу[27][28][29].
Пасля таго як у Еўропе і іншых рэгіёнах свету пачалі адмяняць каранцінныя меры, Кіруючая рада выпусціла у чэрвені 2020 года відэазварот, у якім заклікала Сведкаў працягваць рэжым самаізаляцыі[30]. У наступным звароце ў ліпені 2020 года Кіруючая рада заклікала кожную сям’ю Сведкаў мець некаторы запас няскорапсавальных прадуктаў харчавання на выпадак эканамічнага крызісу, выкліканага каранавірусам[31][32]. Але пры гэтым у некаторых краінах Афрыкі і лацінскай Амерыкі, дзе людзі сутыкнуліся з харчовым крызісам у сувязі з наступствамі пандэміі, Сведкі Іеговы арганізавалі дастаўку гуманітарнай дапамогі сваім аднавернікам з выкарыстаннем мер абароны ад COVID-19. Па дадзеных Кіруючай рады на студзень 2021 года было вылучана 25 млн долараў ЗША на аказанне такой дапамогі[33]. Падобным чынам гуманітарная дапамога рабілася для пацярпелых ад стыхійных бедстваў[34].
16 ліпеня 2020 года падчас судовага слухання Канстытуцыйным судом Эквадора справы аб пераследванні Сведкаў Іеговы гарадка Сан-Хуан-дэ-Ілуман мясцовым самакіраваннем і святаром юрысты Сведкаў Іеговы ўпершыню ўдзельнічалі ў справе па відэасувязі ў якасці экспертаў[35].
У лістападзе 2020 Кіруючая рада аб’явіла, што падчас пандэміі захварэлі больш за 130000 Сведкаў Іеговы, з якіх 5000 памёрлі, і прасіла вернікаў працягваць трымацца супрацьэпідэмічных мер[36]. Паводле звестак арганізацыі на 9 ліпеня 2021 года ад COVID-19 памерлі больш за 19 тысяч Сведкаў Іеговы ва ўсім свеце, але пры гэтым прайшлі вакцынацыю ад каранавіруснай інфекцыі 50 % супрацоўнікаў філіялаў Сведкаў Іеговы, у тым ліку 98 % супрацоўнікаў філіяла ў ЗША, якім улады штата Нью-Ёрк дазволілі шэраг паслабленняў у рэжыме самаізаляцыі[37]. Па стане на 10 верасня 2021 г. колькасць Сведкаў Іеговы, памерлых ад COVID-19 склала 25650 чалавек, а прайшлі вакцынацыю ад каранавіруснай інфекцыі больш за 90% паўначасовых служыцеляў арганізацыі і 99% супрацоўнікаў усіх філіялаў[38]. Па стане на 25 студзеня 2022 г. ад каранавіруснай інфекцыі памерла 26813 Сведкаў Іеговы ва ўсім свеце[39].
Для трансляцыі відэа ў 35 краін Афрыкі на поўдзень ад Сахары, дзе абмежаваны доступ да інтэрнэта, выкарыстоўваецца канал спадарожнікавага тэлэбачэння (JW satellite channel)[40].
6 сакавіка 2021 г. было пачало працаваць веб-прыкладанне JW Stream-Studio, распрацаванае Сведкамі Іеговы для трансляцыі рэлігійных мерапрыемстваў у рэжыме рэальнага часу[41].
9 сакавіка 2021 г. прадстаўнікі перакаладчыцкага аддзелу філіпінскага філіяла Сведкаў Іеговы прынялі ўдзел у міжнароднай анлайн канферэнцыі і фестывалі роднай мовы 2021 г., дзе правялі прэзентацыю на тэму «Пераклад Бібліі на мовы Філіпінаў[42]».
У ліпені і жніўні 2020 і 2021 гг. штогадовы трохдзённы кангрэс Сведкаў Іеговы праходзіў у форме прагляду падрыхтаваных відэазапісаў[43][44].
У канцы жніўня 2021 г. у сваім відэазвароце № 7 Кіруючая рада Сведкаў Іеговы заклікала вернікаў не весці паміж сабоой спрэчак наконт нашэння масак і не быць легкавернымі наконт тэорый змовы, якія могуць быць распаўсюджаны ў інтэрнэце адносна пандэміі; таксама ў тым звароце паведамілі, што 80 % супрацоўнікаў філіялаў арганізацыі (больш за 19 тыс. чалавек) былі вакцыніраваны ад COVID-19[45].
15 кастрычніка 2021 г. Кіруючая рада Сведкаў Іеговы аб’явіла аб планах правесці эксперымент па аднаўленню рэлігійных сустрэч у гібрыдным фармаце ў Залах Царства ў некаторых месцах на розных кантынентах свету, там дзе нізкі ўзровень захворвання на COVD-19 і высокі ўзровень вакцынацыі[46]. Аб першых уражаннях удзельнікаў эксперымента паведамлялася ў відэазвароце Кіруючай рады № 9 за 2021 года[47].
З 1 красавіка 2022 года Сведкі Іеговы ў многіх краінах свету аднавілі сустрэчы ў памяшканнях там, дзе гэта дазволілі мясцовыя проціэпідэмічныя абмежаванні, з захаваннем гібрыднага фармату для тых, хто працягнуў наведваць сустрэчы па відэасувязі[48]. 15 красавіка таго ж года ў гібрыдным фармаце прайшло святкаванне Вячэры Успаміну[49]. Для забеспячэння супрацькавідных мер у месцах правядзення сустрэч былі арганізаваны магчымасці санітарнай апрацоўкі рук, абсталявання і памяшкання там, дзе раней гэта не было канструктыўна прадугледжана[50].
З 1 верасня 2022 г. Сведкі Іеговы аднавілі прапаведніцкае служэнне ад дому да дому [51], а з 1 кастрычніка нашэнне масак на іх рэлігійных сустрэчах стала неабавязковым пры ўмове, што гэта не супярэчыць патрабаванням мясцовых уладаў.
Адметнай прыкметай Сведкаў Іеговы з’яўляецца іх прапаведніцкая дзейнасць[53] на падставе слоў Ісуса Хрыста «Гэта добрая вестка пра царства будзе прапаведана па ўсёй заселенай зямлі для сведчання ўсім народам, і тады прыйдзе канец» і «Ідзіце і ва ўсіх народах падрыхтоўвайце вучняў» (Мацф. 24:14; 28:19), а таксама апостала Паўла «Я не ўхіляўся ад таго, каб казаць вам аб усім карысным і вучыць вас усенародна і па дамах» (Дзеі 20:20, 21). Пры гэтым прапаведніцкая дзейнасць, выдавецтва літаратуры і арганізацыя рэлігійных мерапрыемстваў ажыццяўляецца за кошт дабраахвотных ахвяраванняў[54].
Сведкі Іеговы выпусцілі свой пераклад Бібліі, «Пераклад Новага Свету Святога Пісання» больш чым на 200 мовах.
Акрамя таго Сведкі Іеговы выдаюць два часопісы «Вартавая вежа» і «Прачніцеся!». Вартавая вежа ўвайшла ў лік самых распаўсюджаных публікацый у свеце[55]. Агульны тыраж «Вартавой вежы» складае 93 281 789 асобнікаў на 357 мовах штомесяц, «Прачніцеся!» — 93 354 000 асобнікаў на 221 мовах штомесяц. Агульны тыраж часопісаў за год складае больш за адзін мільярд асобнікаў.
Сведкі Іеговы выдаюць і іншыя рэлігійныя публікацыі заснаваныя на Бібліі: кнігі, брашуры, трактаты. За апошнія 40 гадоў яны надрукавалі больш за 40 мільярдаў асобнікаў розных публікацый на 1007 мовах[56].
На беларускай мове апублікавана наступнае:
Ці ўсе рэлігіі падабаюцца Богу? (відэаролік, 2020 год)[64]
Летам 2021 года пачаўся афіцыйны пераклад папулярных артыкулаў з часопісаў «Вартавая вежа» і «Прачніцеся!» для шырокай аўдыторыі з рамяшчэннем на jw.org[74].
На працягу сваёй гісторыі Сведкі Іеговы неаднаразова праводзілі кампаніі па напісанню лістоў і петыцый урадавым чыноўнікам розных краін. Пераважна гэта было звязана з заклікам спыніць дыскрымінацыю сваіх аднавернікаў у пэўных краінах і сітуацыях. Такія лісты накіроўваліся, напрыклад, урадам гітлераўскай Германіі, дзе Сведкаў Іеговы адпраўлялі ў канцлагеры за рэлігійную дзейнасць і каралі смерцю за адмову служыць у арміі, Паўднёвай Карэі, дзе на працягу ўсяго існавання дзяржавы Сведкаў Іеговы адпраўляюць у турму за адмову выконваць вайсковую павіннасць, Іарданіі, Румыніі і іншым дзяржавам.
Вядомай міжнароднай акцыяй Сведкаў Іеговы па напісанню лістоў у абарону сваіх правоў стала напісанне лістоў У. Пуціну, Д. Мядзведзеву, і яшчэ некаторым чыноўнікам высокага рангу ў адказ на рашэнне Міністэрства юстыцыі РФ 15 сакавіка 2017 г. падаць іск у Вярхоўны суд Расіі аб прызнанні ўсіх аб’яднанняў Сведкаў Іеговы ў РФ экстрэмісцкімі арганізацыямі[81]. Дакладна невядома колькі лістоў атрымалі азначаныя асобы, але заклік быў шырока падтрыманы ў сацыяльных сетках, дзе кампанія па напісанню лістоў суправаджалася распаўсюджаннем хэштэга StopJWBan[82]. Некалькі разоў гэты хэштэг быў самай папулярнай тэмай сацыяльнай сеткі У Кантакце; і ў гэты час шэраг рускамоўных СМІ апублікавалі артыкулы супраць абвінавачвання Сведкаў Іеговы ў экстрэмізме[83][84]. Цікава, што кампанія па напісанню лістоў суправаджалася распаўсюджаннем непацверджанай інфармацыі аб тым, што Кіруючая Рада Сведкаў Іеговы не рае выкладаць інфармацыю пра кампанію ў сацыяльныя сеткі. Таксама шэраг апанентаў Сведкаў Іеговы спрабавалі распаўсюджваць хэштэг JWgoBan, але гэты хэштэг не стаў настолькі папулярным, як першы, і звычайна суправаджаўся хэштэгам StopJWBan.
Юрыдычныя аб’яднанні Сведкаў Іеговы