wd wp Пошук:

Анатоль Міхайлавіч Сідарэвіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Сідарэвіч. Анатоль Міхайлавіч Сідарэвіч (нар. 1 сакавіка 1948, в. Задуб’е Ганцавіцкага раёна) — беларускі гісторык, публіцыст і палітычны дзеяч, ахвяра карнай псіхіятрыі. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў[1].

Біяграфія

Рос без бацькі, маці хварэла, таму выхоўваўся спачатку бабуляй, ва ўзросце ад чатырох да дзевяці гадоў — цёткай. Потым трапіў у дзіцячы дом. У школе быў вучнем Рыгора Родчанкі, вядомага ў 1950—1980 гадах беларускага краязнаўцы са Слуцку.

У 1964—1965 гадах рабочы Слуцкай макароннай фабрыкі. Са снежня 1966 года літаратурны супрацоўнік газеты «Савецкае Палессе» (Ганцавічы). У 1967 годзе ў працоўным стале Сідарэвіча быў знойдзены яго дзённік з крытыкай ленінізму і Леніна, за што яго звольнілі з працы.

Далей працаваў загадчыкам клуба ў вёсцы. У гэты час падтрымліваў сувязі са студэнтамі філалагічнага факультэта БДУ Алесем Разанавым, Віктарам Ярацам, Львом Барташам, якія ў 1968 годзе арганізавалі на філфаку збор подпісаў за выкладанне большай колькасці прадметаў на беларускай мове. Улетку 1968 годзе Сідарэвіча пазбавілі працы ў клубе.

У жніўні 1968 годзе адкрыта выказваўся супраць акупацыі Чэхаславакіі войскамі СССР. Яго прывезлі ў Баранавіцкае аддзяленне КДБ для «прафілактычнай гутаркі». Калі ў верасні 1968 года захварэў на запаленне лёгкіх, яго падманным шляхам перавезлі з Ганцавіцкай раённай бальніцы ў псіхіятрычнае аддзяленне 2-й Мінскай клінічнай бальніцы. Там быў абвешчаны дыягназ «шызафрэнія» і праводзілася «лячэнне» аміназінам ды інсулінам. Сідарэвіча выпусцілі з псіхіятрычнага аддзялення 13 студзеня 1969 года, але ў далейшым ён насіў таўро псіхічна хворага, што ўплывала на асабістае жыццё і становішча на працы[2].

Уладкоўваўся на працу пры дапамозе сяброў і добразычліўцаў, у тым ліку Янкі Брыля і Міхася Тычыны. У 1969—1970 гадах працаваў у капыльскай раёнцы «Слава працы», у 1970—1972 — у смалявіцкай раёнцы «Ленінскі заклік». У 1972—1977 працаваў у вясковых школах Маларыцкага і Капыльскага раёнаў. Адначасова вучыўся завочна на філасофскім аддзяленні гістарычнага факультэта БДУ, якое скончыў у 1977 годзе. Потым паступіў у завочную аспірантуру філасофскага аддзялення, адначасова ў 1977—1978 гадах працаваў асістэнтам на кафедры філасофіі Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі (Горкі). Аспірантуру не скончыў, бо навязалі тэму пра «развіты сацыялізм». Ізноў настаўнічаў.

З 1981 года працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва», у 19871992 гадах у часопісе «Крыніца» («Родник»), у 19921998 гадах — у Беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа, у 19982002 — у часопісе «Крыніца», адначасова выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў, Мінскім радыётэхнічным каледжы, Міжнародным дзяржаўным экалагічным універсітэце імя А. Дз. Сахарава.

Дзейнасць

19 кастрычніка 1988 года ўдзельнічаў ва ўстаноўчай канферэнцыі «Мартыралогу Беларусі», на якой быў створаны арганізацыйны камітэт Беларускага народнага фронту. У чэрвені 1989 года выступіў з рэфератам пра суверэнітэт на ўстаноўчым з’ездзе БНФ у Вільні.

Адзін з ініцыятараў адраджэння сацыял-дэмакратычнага руху на Беларусі, заснавальнікаў і аўтараў праграмных дакументаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народнай грамады)[3]. У сакавіку 2018 быў пераабраны на пасаду старшыні цэнтральнай рэвізійнай камісіі партыі БСДП (Грамада)[4].

Творчасць

Выступае ў друку як публіцыст і літаратурны крытык.

Даследуе гісторыю беларускага руху ў 1900—1939 гады, гісторыю беларускай сацыял-дэмакратыі, жыццё і дзейнасць А. Луцкевіча. Падрыхтаваў да друку кнігі твораў А. Луцкевіча «Да гісторыі беларускага руху» (2003; 2-е папраўленае і дапоўненае выданне — 2010), «Выбраныя творы: праблемы культуры, літаратуры і мастацтва» (2006), «Барацьба за вызваленне» (2009). Таксама падрыхтаваў да друку зборнік «Пра Івана Луцкевіча: успаміны, сведчанні» (2007).

Аўтар навуковых прац і артыкулаў. Апублікаваў шэраг дакументаў беларускага руху, лісты і творы Аляксандра Бурбіса, Уладзіміра Жылкі і Наталлі Арсенневай, успаміны Ф. Стацкевіча. Уклаў і адрэдагаваў зборнік «Дэкларацыі Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу» (2006), напісаў да яго прадмову.

Узнагароды

Узнагароджаны медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі[5].

Зноскі

  1. https://lit-bel.org/friends/s/Sdarevch-Anatoly-Mhaylavch-612/?sphrase_id=452
  2. А потым быў жнівень 1968 году… Анатоль Сідарэвіч — пра карную псыхіятрыю ў БССР: [Інтэрв’ю]. Публікацыю падрыхтавалі Ларыса Андросік і Алег Дзярновіч // Наша ніва. 1997. 27 студзеня. С. 6-7.
  3. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. С. 558
  4. https://www.nv-online.info/2018/03/12/abrana-novae-kiraunitstva-partyi-bsdp-gramada.html Архівавана 22 верасня 2020.
  5. Алексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны мэдалём у гонар БНР-100

Творы

Пераклады

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (29):
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Выкладчыкі Беларускай акадэміі мастацтваў
Катэгорыя·Выкладчыкі МДЭІ імя А. Дз. Сахарава
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1948 годзе
Катэгорыя·Выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі
Катэгорыя·Палітолагі Беларусі
Катэгорыя·Гісторыкі Беларусі
Катэгорыя·Літаратурныя крытыкі Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Ганцавіцкім раёне
Катэгорыя·Паэты Беларусі
Катэгорыя·Артыкулы пра вучоных без партрэтаў
Катэгорыя·Літаратурныя крытыкі паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Нарадзіліся 1 сакавіка
Катэгорыя·Узнагароджаныя медалём да стагоддзя БНР
Катэгорыя·Члены Саюза беларускіх пісьменнікаў
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Паэты СССР
Катэгорыя·Выпускнікі гістарычнага факультэта БДУ
Катэгорыя·Выкладчыкі Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа
Катэгорыя·Публіцысты паводле алфавіта
Катэгорыя·Публіцысты СССР
Катэгорыя·Паэты паводле алфавіта
Катэгорыя·Члены Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада)
Катэгорыя·Публіцысты Беларусі
Катэгорыя·Выкладчыкі Мінскага радыётэхнічнага каледжа
Катэгорыя·Супрацоўнікі газеты «Літаратура і мастацтва»
Катэгорыя·Гісторыкі СССР