wd wp Пошук:

Аляксандр Уладзіміравіч Мілінкевіч

Алякса́ндр Уладзі́міравіч Мілінке́віч (25 ліпеня 1947, Гродна) — беларускі навуковец, грамадскі дзеяч і палітык.

Біяграфія

Скончыў фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага педінстытута. Працаваў настаўнікам (Гродна). Пасля сканчэння аспірантуры Інстытута фізікі АН БССР (1972) працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам. У 1976—1978 гадах працаваў інжынерам і старшым выкладчыкам Гродзенскага педінстытута. Стажыраваўся ва ўніверсітэце Манпелье (Францыя, 1980) і Каліфарнійскім універсітэце (ЗША, 1998), прайшоў курс навучання ў Еўрапейскім цэнтры даследавання праблем бяспекі ў Гарміш-Партэнкірхене (ФРГ, 2000). Кандыдат фізіка-матэматычных навук (1976). У 1980—1984 гадах загадваў кафедрай Сеціфскага ўніверсітэта (Алжыр), быў дацэнтам Гродзенскага ўніверсітэта (1978—1980, 1984—2000).

Заснавальнік і кіраўнік грамадскай арганізацыі «Ратуша». Кіраўнік праграм «Фонду спрыяння лакальнаму развіццю». У 1996—1997 гадах прэзідэнт баскетбольнага клуба «Гродна-93».

Кандыдатура Мілінкевіча ў 2014—2015 гг. разглядалася на пасаду рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта[1]. У красавіку 2015 г. А. Мілінкевіч прайграў выбары рэктара амерыканцу Дэвіду Поліку, пасля чаго заявіў, што гэты ўніверсітэт «больш не будзе служыць Беларусі»[2].

Грамадска-палітычная дзейнасць

Намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама (1990—1996) па пытаннях адукацыі, культуры, аховы здароўя, моладзі, спорту, СМІ, рэлігіі, міжнародных зносін і аховы гістарычнай спадчыны.

Падчас кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі ў 2001 годзе быў кіраўніком перадвыбарчага штаба Сямёна Домаша.

У 1996—2003 гадах старшыня гродзенскага абласнога грамадскага аб’яднання «Ратуша», ліквідаванага ўладамі.

У 1999—2005 гадах старшыня Беларускай Асацыяцыі Рэсурсных Цэнтраў.

У 2003—2005 гадах старшыня гродзенскага «Таварыства Беларускай Школы».

Увосень 2004 года А. Мілінкевіч быў кандыдатам на парламенцкіх выбарах ў Гродзенскай вобласці — прайграў аднаму з памочнікаў А. Лукашэнкі[3].

У кастрычніку 2005 года на Кангрэсе дэмакратычных сіл быў абраны «адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сіл». Удзельнічаў у выбарах прэзідэнта Беларусі ў 2006 годзе; паводле афіцыйных звестак, набраў 6 % галасоў выбаршчыкаў і заняў 2-е месца пасля А. Лукашэнкі.

Аляксандр Мілінкевіч у Варшаве, 5 ліпеня 2006

У 2005—2007 старшыня Рады Аб’яднаных дэмакратычных сіл. У сакавіку 2007 года, незадоўга да новага Кангрэса дэмакратычных сіл, на якім быў адхілены з пасады старшыні, называў сябе «прэзідэнтам дэмакратычнай часткі грамадства»[4].

У 2012 годзе не быў зарэгістраваны ў якасці кандыдата на парламенцкіх выбарах[5].

У 2006—2016 узначальваў Рух «За Свабоду», у 2008 Рух быў зарэгістраваны беларускімі ўладамі ў якасці праваабарончага грамадска-асветніцкага аб’яднання[6].

Заяўляў пра свой магчымы ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах 2015 года[7], хаця раней казаў пра тое, што на выбары павінен пайсці малады палітык[8]. У рэшце рэшт не выставіў сваю кандыдатуру і не падтрымаў ніводнага з кандыдатаў.

У 2007 годзе ў Еўрапарламенце казаў: «усё, магчыма, зараз будзе анексія Беларусі»[9]. У лістападзе 2010 года А. Мілінкевіч прагназаваў, што расійскае кіраўніцтва ў 2011—2012 прыкладзе намаганні, каб адхіліць А. Лукашэнку ад улады ў Беларусі: маўляў, Маскве патрэбны чалавек, які «цалкам аддасць Беларусь пад кантроль Расіі» і «спыніць любое збліжэнне з Еўропай»: «статус-кво не можа захавацца»[10]. У студзені 2019 года, ужо як «канцлер Вольнага беларускага ўніверсітэта», разважаў аб тым, што «падчас кожных выбараў прэзідэнта Беларусі былі расійскія правакацыі»[9].

Навуковая і даследчыцкая дзейнасць

Кандыдацкая дысертацыя па тэме «Механізм генерацыі звышмагутных лазерных імпульсаў» (1976). Аўтар 65 навуковых прац і манаграфій па квантавай электроніцы, лазернай тэхніцы, гісторыі, культуры, адукацыі, архітэктуры Беларусі.

Краязнавец. У канцы 1980-х знайшоў пахаванне апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Воўчыне, за што ўзнагароджаны ордэнам «За заслугі перад польскаю культурай», напісаў пра гэта ўспаміны. Арганізаваў рэстаўрацыю старажытнага вежавага гадзінніка на Фарным касцёле ў Гродне[11].

Ацэнкі

Паводле пісьменніцы Святланы Алексіевіч, Аляксандр Мілінкевіч з’яўляецца прыкладам беларуска-польскага інтэлігента[12].

Прэміі і ўзнагароды

26 кастрычніка 2006 года ўзнагароджаны Еўрапарламентам прэміяй імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі».

Лаўрэат польскай прэміі «Рыцар свабоды», якую арганізуе Фонд імя Казіміра Пулаўскага (2007)[13].

Узнагароджаны медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі[14].

Зноскі

  1. Пілецкі А. У якасці магчымага рэктара ЕГУ абмяркоўваецца кандыдатура Мілінкевіча? — euroradio.fm, 10.11.2014, 17:02
  2. https://eurobelarus.info/news/society/2015/04/15/alexandr-milinkevich-egu-bol-she-ne-budet-sluzhit-belarusi.html
  3. https://belisrael.info/?p=5280
  4. https://nashaniva.by/?c=ar&i=7334
  5. http://dossier.bymedia.net/index.php?option=com_apressdb&view=publications&layout=entry&id=66102(недаступная+спасылка)
  6. http://pyx.by/bel/ruh/dakumanty Архівавана 20 сакавіка 2015.
  7. http://news.tut.by/politics/420546.html Архівавана 26 снежня 2014.
  8. http://news.tut.by/politics/373950.html Архівавана 5 ліпеня 2015.
  9. 1 2 https://novychas.by/palityka/aljaksandr-milinkevicz-kali-budze-intervencyja
  10. https://news.tut.by/politics/204615.html Архівавана 20 кастрычніка 2020.
  11. belsat.eu
  12. пад рэд. Валера Булгакава. Беларусь: ні Эўропа, ні Расея. Меркаваньні беларускіх эліт. — Варшава: Выдавецтва ARCHE, 2006. — С. 124-125. — 258 с. — ISBN 83-89406-77-2.
  13. Радыё Свабода Архівавана 2 кастрычніка 2021.
  14. Алексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны мэдалём у гонар БНР-100

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (15):
Катэгорыя·Кандыдаты фізіка-матэматычных навук
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Гродне
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1947 годзе
Катэгорыя·Грамадскія дзеячы Беларусі
Катэгорыя·Выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Узнагароджаныя медалём да стагоддзя БНР
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з польскай
Катэгорыя·Палітыкі Беларусі
Катэгорыя·Кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі (2006)
Катэгорыя·Выпускнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы
Катэгорыя·Лаўрэаты прэміі імя Сахарава
Катэгорыя·Нарадзіліся 25 ліпеня
Катэгорыя·Асобы