wd wp Пошук:

Яўстах Любанскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Любанскі.

Яўстах Янавіч Любанскі (руск.: Евстафий Иванович Любанский, польск.: Eustachy Lubański; 19 чэрвеня 1859, маёнтак Любань, Вілейскі павет, Віленская губерня, Расійская імперыя — пасля 1912, Каўказ, Расійская імперыя) — буйны землеўласнік, прадпрымальнік, палітычны дзеяч Расійскай імперыі, дэпутат I Дзяржаўнай думы (1906) Расійскай імперыі ад Мінскай губерні, член палітычнага руху краёўцаў-кансерватараў, член камітэта па будаўніцтве касцёла Святога Сымона і Святой Алены (Чырвонага касцёла) у Мінску. Мецэнат, філантроп.

Паходжанне і сям’я

Належаў да каталіцкага шляхецкага роду Любанскіх герба «Гжымала». Нарадзіўся 19 чэрвеня 1859 года ў родавым маёнтку Любань (Вілейскі павет, Віленская губерня) у сям’і заможнага, буйнога землеўласніка і банкіра Яна Канты Любанскага і яго жонкі Аляксандры Юзафаўны Сулістроўскай. Быў хрышчаны ў каталіцтва. Хросным бацькам быў Яўстах Прушынскі (1798—1877)[1], які пазней стаў мінскім губернскім маршалкам (1863—1877).

Ядвіга Геранімаўна Любанская (каля 1870 — 1905) у стылізаваным японскім касцюме гейшы. Фота 1899 г.

У 1890 годзе ажаніўся з дваранкай-каталічкай з Мазырскага павета Ядвігай Геранімаўнай Кеневіч (каля 1870—1905)[2][3], дачкой заможнага землеўласніка Гераніма Кеневіча (1830—1911), мазырскага павятовага маршалка, і яго жонкі Ядвігі Аляксандраўны Горват.

Яго жонка Ядвіга Геранімаўна Любанская (Кеневіч) скончыла жыццё самагубствам, утапіўшыся ў Лошыцы ў рацэ Свіслач[4]. Паводле чутак, прычынай самагубства быў адзюльтэр Ядвігі Любанскай з мінскім губернатарам (1902—1905) графам Аляксандрам Аляксандравічам Мусіным-Пушкіным (1856—1907), пра што стала вядома ў мінскім грамадстве.

У шлюбе Любанскія дзяцей не мелі.

Адукацыя

Скончыў Віленскае рэальнае вучылішча, затым Сельскагаспадарчую акадэмію ў Прушкове[pl] ў Сілезіі (Германская імперыя).

Маёнткі

Сядзібны дом Любанскіх у Лошыцы, фота 2017 г.

Пасля смерці ў 1884 г. свайго бацькі Яна Канты Любанскага спачатку валодаў супольна з братам Аляксандрам Любанскім значнымі зямельнымі валоданнямі — маёнткі Любань, Тураўшчына ў Вілейскім павеце, Яхімоўшчына і Палачаны ў Ашмянскім павеце Віленскай губерні, маёнтак Лошыца ў Мінскім павеце. З 1891 г. звычайна пражываў стала ў Любані, а з 1897 г. у Мінску і Лошыцы. Пры падзеле бацькавай спадчыны атрымаў маёнтак Лошыца (пад Мінскам), дзе арганізаваў узорную гаспадарку.

Гаспадарчая, культурная і палітычная дзейнасць

Стаў членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ), старшынёй аддзяла па вінакурэнні МТСГ. У 1890—1915 гг. быў членам Рады Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ).

Старшыня біржавога камітэта лясной біржы. Цікавіўся лесаводствам, выпісваў і высаджваў саджанцы рэдкіх відаў дрэў са шматлікіх краін, праводзіў эксперыменты па скрыжоўванні раслін[5].

У 1890—1891 гг. быў членам (ад памешчыкаў) у вілейскай павятовай прыёмачнай камісіі па ваенна-конскай павіннасці[6].

Ядвіга Геранімаўна Кеневіч, жонка Яўстаха Любанскага (1859 — пасля 1913), фрагмент фатаграфіі 1899 г.

У 1891 г. стаў членам праўлення Віленскага прыватнага камерцыйнага банка (Вільня, дом Вагнера)[7]. У 1895 г. быў кандыдатам у члены праўлення Віленскага зямельнага банка[8]. 10 снежня 1899 г. у Мінску на пасяджэнні МТСГ быў выбраны членам у распарадчы камітэт па ўладкаванні Юбілейнай сельскагаспадарчай і саматужна-прамысловай выстаўкі МТСГ у Мінску ў 1901 годзе.

Быў папулярызатарам веласіпеднага спорту. Узначальваў таварыства мінскіх веласіпедыстаў[2], быў старшынёй Мінскага таварыства аматараў спорту. Быў ганаровым членам Віленскага губернскага папячыцельства дзіцячых прытулкаў. У 1905 г. стаў членам камітэта па будаўніцтве касцёла Святога Сымона і Святой Алены (Чырвонага касцёла) у Мінску.

У 1902—1915 гг. быў галосным Мінскай гарадской думы. Удзельнічаў у земскіх з’ездах Расійскай імперыі ў 1904—1905 гг. Прыхільнік раўнапраўя ўсіх нацыянальнасцей, паляпшэння сістэмы народнай адукацыі, ліберал-кансерватар. Падзяляючы праграму кадэтаў па аграрным пытанні, не згаджаўся з некаторымі прадстаўнікамі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, што дадзенае пытанне можа быць вырашана без парушэння прыватнай уласнасці[9]. Паводле чутак, спансіраваў няўдалы замах на мінскага губернатара Курлова[2].

14 красавіка 1906 г. быў выбраны ў I Дзяржаўную думу Расійскай імперыі ад агульнага складу выбаршчыкаў Мінскага губернскага выбарчага сходу. Увайшоў у думскую дэпутацкую групу Краёвае кола Літвы і Русі, быў краёўцам-кансерватарам. Уваходзіў у склад бюджэтнай камісіі I Дзяржаўнай Думы Расійскай імперыі.

Знікненне без следу

У 1912 г. перадаў справы па кіраванні маёмасцю, пакінуў свой маёнтак Лошыца, паехаў на Каўказ (Расійская імперыя), дзе знік бясследна, таму ўся яго рухомая і нерухомая маёмасць (маёнтак Лошыца) дзесьці ў 1915 г. перайшла па спадчыне да брата — Аляксандра Янавіча Любанскага (1863—1932).

Заўвагі

  1. Раюк, А. Р. Лёс і погляды мінскага губернскага прадвадзіцеля дваранства (1863—1877) Яўстаха Прушынскага на этнаканфесіянальную сітуацыю ў Беларусі… С. 82.
  2. 1 2 3 Легенды Лошицкого парка. (нявызн.). Архівавана з першакрыніцы 18 мая 2015.
  3. Alena Bass. Усадьба тайн и вдохновенья. (нявызн.) (недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 15 кастрычніка 2004. Праверана 17 мая 2015.
  4. Корнилович Э. I. Перводумцы Минщины.(недаступная спасылка)
  5. Картофель называли «лошицким» Архівавана 13 мая 2012. // Панкратьева Юлия. Газета «Минский курьер» № 203 (2042), 4 августа 2010
  6. Памятная книжка Виленской губернии на 1890, 1891 гг.
  7. Памятная книжка Виленской губернии на 1891 г.
  8. Памятная книжка Виленской губернии на 1895 г.
  9. Первая Государственная Дума. Алфавитный список и подробные биографии и характеристики членов Государственной Думы. Архівавана 20 снежня 2012. — М.: Тип. Товарищества И. Д. Сытина, 1906. С. 108.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (19):
Катэгорыя·Дэпутаты Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі
Катэгорыя·Члены Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі
Катэгорыя·Постаці Вілейкі
Катэгорыя·Нарадзіліся 19 чэрвеня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Прадпрымальнікі Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Любанскія
Катэгорыя·Выпускнікі Віленскага рэальнага вучылішча
Катэгорыя·Любань (Вілейскі раён)
Катэгорыя·Члены Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі I склікання
Катэгорыя·Краёўцы
Катэгорыя·Члены Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі ад Мінскай губерні
Катэгорыя·Памерлі ў 1917 годзе
Катэгорыя·Прадпрымальнікі Расійскай імперыі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1859 годзе
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Асобы