У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Вайнруб. Яўсей Рыгоравіч Вайнруб (2 (15) мая 1909, Барысаў — 20 сакавіка 2003, Ашдод) — камандзір 219-й танкавай брыгады 1-га механізаванага корпуса 2-й гвардзейскай танкавай арміі 1-га Беларускага фронту. Герой Савецкага Саюза (1945)[1].
Нарадзіўся ў сям’і рабочага. Яўрэй.
Старэйшы брат Героя Савецкага Саюза Мацвея Рыгоравіча Вайнруба.
У 1931 годзе скончыў Маскоўскі дзяржаўны індустрыяльны ўніверсітэт. Працаваў на лесазаводзе ў Мезенскім раёне Архангельскай вобласці.
У Чырвонай Арміі з 1937 года.
У тым жа годзе скончыў курсы ваенных перакладчыкаў.
У 1941 годзе скончыў Ваенную акадэмію імя М. В. Фрунзэ[1], у 1944 годзе — Курсы ўдасканалення афіцэрскага складу.
Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны з чэрвеня 1941 года[1]. Камандаваў танкавай брыгадай у складзе 3-га механізаванага корпуса падчас абароны Магілёва[2].
З 27 снежня 1944 года камандаваў 219-й танкавай брыгадай (1-ы механізаваны корпус, 2-я гвардзейская танкавая армія, 1-ы Беларускі фронт). У студзені-лютым 1945 года воіны-танкісты брыгады падпалкоўніка Яўсея Рыгоравіча Вайнруба, удзельнічаючы ў Вісла-Одэрская наступальнай аперацыі[1], нанеслі суперніку вялікія страты ў жывой сіле і тэхніцы, а таксама вызначыліся ў баях пры вызваленні Польшчы, у прыватнасці горада Кутна (19 студзеня 1945 года) у ходзе Варшаўска-Пазнаньскай аперацыі.
За 2 месяцы баёў брыгада вызваліла больш 400 населеных пунктаў Польшчы, адна з першых уварвалася ў Берлін[1].
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 6 красавіка 1945 года «за ўмелае камандаванне брыгадай і праяўленыя мужнасць і гераізм у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі» падпалкоўніку Вайнрубу Яўсею Рыгоравічу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медалю «Залатая Зорка» (№ 4569).
На заключным этапе вайны танкавая брыгада падпалкоўніка Яўсея Рыгоравіча Вайнруба вызначылася падчас Берлінскай аперацыі, удзельнічаючы ва ўзяцці сталіцы гітлераўскай Германіі горада Берліна, у сувязі з чым загадам Вярхоўнага галоўнакамандуючага І. В. Сталіна 219-й танкавай брыгадзе прысвоена ганаровае найменне «Берлінская».
У 1950 годзе Яўсей Рыгоравіч Вайнруб скончыў акадэмічныя курсы ўдасканалення афіцэрскага складу.
З 1955 года палкоўнік танкавых войскаў Яўсей Рыгоравіч Вайнруб — у запасе, а затым у адстаўцы[1].
Жыў і працаваў у сталіцы Беларусі — горадзе-героі Мінску, галоўны механік Міністэрства лясной прамысловасці Беларускай ССР, старэйшы інжынер-канструктар аўтамабільнага завода[1].
Выйшаўшы на заслужаны адпачынак, у студзені 1995 года эміграваў у Ізраіль.
Памёр 20 сакавіка 2003 года ў ізраільскім горадзе Ашдод, і пахаваны ў горадзе Петах-Тыква на могілках Сгула.