wd wp Пошук:

Яраслаў Тышынскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Тышынскі. Яраслаў Тышы́нскі (польск.: Jarosław Tyszyński; 1 чэрвеня 1883, Непалокаўцы — 17 красавіка 1930, Фаляніца[pl]) — польскі мастак, скульптар.

Біяграфія

Дзяцінства правёў у сямейным доме ў Стрыі. Тры гады вучыўся на архітэктурным факультэце Львоўскай палітэхнікі, потым пераехаў у Кракаў, дзе вучыўся на кафедры скульптуры Акадэміі мастацтваў ў прафесара Канстантага Ляшчкі[ru]. Пасля паехаў у Парыж, дзе навучаўся ў прыватнай школе жывапісу і скульптуры — Акадэміі Жуліяна. Пасля смерці бацькі ён вярнуўся ў Львоў, дзе па просьбе архімандрыта Шаптыцкага зрабіў скульптуру Тараса Шаўчэнкі.

Па запрашэнні свайго сябра, архітэктара Атона Краснапольскага, прыехаў у Мінск, дзе спачатку навучаў маляванню і скульптуры дзяцей у шматлікіх шляхецкіх маёнтках, у т.л. Ваньковічаў, Чапскіх, Прушынскіх, потым заснаваў у горадзе ўласную студыю скульптуры.

У 1911 годзе разам з мастаком Фердынандам Рушчыцам арганізаваў у Мінску буйную мастацкую выстаўку «Wystawa sztuk pięknych w Mińsku»[1].

Пасля пачатку Першай сусветнай вайны ў 1914 годзе Яраслаў Тышынскі, як аўстрыйскі падданы, быў інтэрнаваны і высланы ў Арэнбург. Ён пакінуў дзесяткі сваіх скульптур у Мінску. Ацалелі толькі іх фотаздымкі, зробленыя галоўным чынам Янам Булгакам (сярод іншых «На крэсле», «Успаміны», «Аголеная жанчына»). У Арэнбургу ён стаў захавальнікам польскага мастацтва, якое мелася ў горадзе.

Ён уступіў у шэрагі 5-й сібірскай дывізіі арміі Калчака як радавы — удзельнічаў у баявых дзеяннях на Урале, потым пад Нова-Мікалаеўскам (цяпер Новасібірск). Пры наступленні Чырвонай арміяй апынуўся ў апошніх эвакуіраваных эшалонах, якія зведалі жорскія баі пад гарадамі Тайга і Ачынск. Дабраўшыся да станцыі Клюквеннай (каля 120 км на ўсход ад Краснаярска), нягледзячы на дамоўленасці, гэтыя падраздзяленні апынуліся ў лагерах ваеннапалонных і турмах. Вызваліўшыся з турмы, ён сплаўляў лес па рацэ Енісей і вырабам фарбаў для бялізны.

Пасля перамір’я паміж Польшчай і Савецкай Расіяй ў 1920 годзе, на якім бакі абмяняліся ваеннапалоннымі, ужо хворы на туберкулёз касцей Яраслаў Тышынскі прайшоў шлях да польскай граніцы. У Польшчы, пасля шлюбу з Ядвігай Жураўскай, ён спрабаваў яшчэ тварыць, адначасова лечачы туберкулёз. З таго часу паходзяць маляваныя шаўковыя шалікі, ахвяраваныя Аддзел тэкстылю Нацыянальнага музея ў Варшаве, і апошняя скульптура польскага сібірскага салдата, адліўкі якой былі перададзены музею Варшаўскай архідыяцэзіі[pl] і Нацыянальнаму музею ў Кракаве.

Яраслаў Тышынскі памёр ад туберкулёзу 17 красавіка 1930 г. Пахаваны ў Варшаве на Паванзкоўскіх могілках, у квартале 334.

Зноскі

  1. citydog.by «Мінск, 1911: рэпартаж са скандальнай выставы (фота)»

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (17):
Катэгорыя·Выпускнікі Кракаўскай акадэміі мастацтваў
Катэгорыя·Памерлі ад туберкулёзу
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без партрэтаў
Катэгорыя·Мастакі паводле алфавіта
Катэгорыя·Нарадзіліся 1 чэрвеня
Катэгорыя·Памерлі ў 1930 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Чарнавіцкай вобласці
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Выпускнікі Львоўскай палітэхнікі
Катэгорыя·Мастакі Польшчы
Катэгорыя·Скульптары Польшчы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1883 годзе
Катэгорыя·Выпускнікі Акадэміі Жуліяна
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Памерлі ў Варшаве
Катэгорыя·Пахаваныя на Паванзкоўскіх могілках
Катэгорыя·Памерлі 17 красавіка