У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Астроўскі. Ян Астроўскі (1811, горад Сянно — 1872) — беларускі скульптар, прадстаўнік класіцызму.
Выхаванец Віленскага ўніверсітэта. У Вільні вучыўся лепцы ў вядомага мастака з Наваградчыны Рафала Слізня. Затым паступіў вучнем ў майстэрню Казіміра Ельскага. З 1852 года прысвяціў сябе скульптуры.
Ствараў пераважна медальёны гіпсе, якія потым адліваліся ў вялікай колькасці. Значнай яго працай было стварэнне ў 1850-я патрыятычнай галерэі бюстаў гістарычных асоб і дзеячаў культуры Беларусі, Літвы, Польшчы: М. Рэя (1856), К. Ельскага (1853), М. Балінскага (1857), Т. Рэйтана (1856), У. Сыракомлі (1856), Ю. Корсака (1853), Т. Нарбута (1856), Б. Панятоўскага (1850), Ю. Нямцэвіча (1850), Я. Каханоўскага (1855), Я.Тышкевіча (1856) і інш. Кампазіцыі бюстаў тыпу антычнай гермы, элементы ўмоўнасці спалучаюцца з перадачай рэалістычных рысаў мадэлі.
Адзначаная галерэя бюстаў захоўвалася ў калекцыі Тышкевічаў у лагойскім палацы. Праўдападобна выглядае, што калекцыю бюстаў Астроўскага для сваіх музейных збораў старажытных рэчаў набыў граф Канстанцін Тышкевіч. Напачатку ХХ ст. унук К. Тышкевіча Язэп ахвяраваў бюсты Таварыству апекі над помнікамі мінулага[ru] ў Варшаве. Са збораў TOnZP калекцыя ў 1918 г. была перададзеная ва ўласнасць Нацыянальнага музея ў Варшаве[2].