У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Янушкевіч.
Язэп Язэпавіч Янушкевіч (нар. 7 сакавіка 1959, в. Ракаў, Валожынскі раён, Мінская вобласць) — беларускі літаратуразнавец, археограф, пісьменнік. Лаўрэат прэміі імя Льва Сапегі (Варшава, 2007)
Брат Валяр’яна Янушкевіча і Фелікса Янушкевіча.
Скончыў БДУ (1981). Кандыдат філалагічных навук (1987). З 1985 года навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры АН Беларусі, адначасова з 1996 загадчык аддзела археаграфіі Беларускага НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы і з 1997 намеснік рэдактара выдавецтва «Беларускі кнігазбор». З 1999 года намеснік старшыні Археаграфічнай камісіі Камітэта па архівах і справаводстве пры СМ Рэспублікі Беларусь. Тройчы звольнены з працы (у БелНДІДАС і ў акадэмічным Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАНБ.
Даследуе гісторыю беларускай літаратуры і культуры ХІХ—ХХ ст., беларуска-польскія гісторыка-літаратурныя сувязі і культурныя ўзаемадзеянні ХІХ — пач. ХХ ст., жыццё і творчасць дзеячаў беларускай літаратуры і культуры. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай літаратуры XX ст.» (т. 1, 1999).
Упершыню апублікаваў арыгінал «Пінскай шляхты» В. Дуніна-Марцінкевіча (1984), «Лісты з-пад шыбеніцы» К. Каліноўскага і дакументы пра нараджэнне і жыццё П. Багрыма (1988), дзённікі У. Караткевіча (1989) і мінскага архіяпіскапа Міхала Галубовіча (2003), мемуары П. Мядзёлкі (1993), «Тастамент» А. Кіркора (1998) і інш.
Складальнік з тэксталагічнай падрыхтоўкай, аўтар прадмоў і каментарыяў «Твораў» В. Дуніна-Марцінкевіча (1984) і Ф. Багушэвіча (1991), «Выбраных твораў» В. Ластоўскага (1997), зборніка «Шляхам гадоў» (1994).
Рэдактар, аўтар прадмовы і пасляслоўя, адзін са складальнікаў і аўтараў каментарыяў кніг А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш, або Апошні наезд у Літве» (1998; пераклад Пятра Біталя) і Я. Коласа «Новая зямля» (2002, абедзве на беларускай, польскай і рускай мовах; пераклад на польскую мову Чэслава Сэнюха).
Пераклаў на беларускую мову раман Сяргея Пясецкага «Пяты этап»[1], а таксама ліставанне Станіслава Манюшкі[2]
Язэп Язэпавіч Янушкевіч на Вікісховішчы |