wd wp Пошук:

Лісты з-пад шыбеніцы

Другі «ліст з-пад шыбеніцы»
Зянон Пазняк чытае «Лісты з-пад шыбеніцы» Канстанціна Каліноўскага падчас Беларускай дыктоўкі ў Варшаве, 28 лютага 2013 года

Лісты з-пад шыбеніцы (Listy s pad szubienicy) — агульная назва лістоў, дасыланых Кастанцінам Каліноўскім падчас следства перад павешаннем 22 (10) сакавіка 1864 года. Такую назву лісты атрымалі пасля публікацыі кнігі «Да беларускага народу. Ліст з-пад шыбеніцы Канстанціна Каліноўскага» Агатона Гілера ў 1867 годзе.[1]

Змест

Палітычны запавет К. Каліноўскага, роздум пра як «не цяпер, не позна канец палажыць» расійскаму панаванню — маніфест, дакумент рэвалюцыйнай барацьбы. Каліноўскага хвалявала абуджэнне парыярхальнага народа на сацыяльную рэвалюцыю і лёс рэвалюцыі агулам. «Лісты» — найперш клопат пра палітычную прасвету народных мас, шырокае тлумачэнне яму яго стану, стану рэвалюцыйных сіл у суседніх народаў, роздум пра тактыку і сродкі барацьбы, наказ пра адзінства з рэвалюцыйнай барацьбой суседніх народаў. У «лістах» К. Каліноўскі выкрываў расійскае панаванне, узнімаў на рэвалюцыйную барацьбу, супрацьпастаўляў цяжкае становішча пад расійскай уладай больш светламу мінуламу.

У «Лістах» дакладна размяжоўваецца «польскае паўстанне», «маскалі» і «мужыкі-беларусы». Беларусы мусць падтрымаць «польскае паўстанне», каб дамагчыся правоў для сябе і ператварыць яго ў сваё паўстанне. Усё ў рэчышчы паўстанцкага закліку «За нашую і вашую свабоду!».

Заклік «ваяваці за сваё чалавечае і народнае права» арганічна перарастае ў лірычныя радкі адзінага вядомага К. Каліноўскага «Марыська чарнаброва, галубка мая», дзе ноты пяшчоты змяняюцца зноў развітальным акордам:

Бывай здаровы, мужыцкі народзе,

Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе

І часам спамяні пра Яську свайго,

Што загінуў за праўду для дабра твайго.

За вобразам Марыські чарнабровай даследчыкі бачаць пэўную асобу — або Марыю Ямант, дачку аднаго з паплечнікаў Каліноўскага па паўстанні, або Марыю Грэгатовіч, дачку гаспадыні адной з кватэр, на якіх нелегальна да арышту ў Вільні жыў Каліноўскі, і адначасова паэтычнае ўвасабленне Айчыны. Верш К. Каліноўскага «Марыська чарнаброва, галубка мая» — яркі ўзор рэвалюцыйнай лірыкі ў публіцыстыцы. У вершы развіваюцца традыцыйна фальклорныя матывы пошукаў шчасця, «яснай долі», дзячыўна ўпадабняецца да галубкі.

Марыська чарнабрэва, галубка мая,

Гдзе ж ся падзела шчасце і ясна доля твая?

Усё прайшло,- прайшло, як бы не бывала,

Адна страшэнна горыч у грудзях застала.

Калі за нашу праўду Бог нас стаў караці

Ды ў прадвечнага саду вялеў прападаці,

То мы прападзем марна, но праўды не кінем,

Хутчэй Неба і шчасце, як праўду, абмінем.

Не наракай, Марыся, на сваю бяздолю,

Но прыймі цяжкую кару Прадвечнага волю,

А калі мяне ўспомніш, шчыра памаліся,

То я з таго свету табе адазвуся.

Бывай здаровы, мужыцкі народзе,

Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе.

І часам спамяні пра Яську твайго,

Што згінуў за праўду для дабра твайго.

А калі слова пяройдзе у дзела,

Тагды за праўду станавіся смела,

Бо адно з праўдай у грамадзе згодна

Дажджэш, Народзе, старасці свабодна.

У сучаснай беларускай літаратуры

Тэма «Лістоў з-пад шыбеніцы» К. Каліноўскага ў сучаснай беларускай літаратуры грунтоўна разглядалася даследчыкамі Яраславай Ананка і Генрыхам Кіршбаўмам. За пункт адліку ў сваіх працах яны бяруць твор Веры Бурлак «Верш пра шыбеніцу», багаты на алюзіі з творам Каліноўскага.

Верш пра шыбеніцу

У двары на вуліцы Каліноўскага

Для дзяцей паставілі шыбеніцу.

Якую сьпісалі з турмы,

Бо яна састарэла маральна.

І адразу прыбеглі дзеці,

Каб гайдацца на ей і падцягвацца,

Каб поўзаць на ей і караскацца

І займацца карыснай гімнастыкай.

А бацькі былі ўжо ня радыя,

Бо забылі дзеці пра мульцікі,

Пра ўрокі і пра кампутары -

Прыляпіліся сэрцам да шыбеніцы.

Мамкі-нянькі грукаюць шыбінамі

І крычаць ім «Хутчэй дахаты!»

І хвалююцца: што зь іх вырасьце? -

Баючыся вымавіць «шыбенікі».

Ды, здаецца мне, лепей шыбенікі,

Так, я думаю — лепей шыбенікі,

Лепей, лепей дакладна шыбенікі,

Лепей шыбенікі, чым каты.

У Андрэя Хадановіча ёсць два вершы, якія не наўпрост, але пэўна вядуць да Каліноўскага, — «Сьпеў аб маім суіцыдзе» і «данс макабр». У «Сьпеў аб маім суіцыдзе» аўтар сцвярджае, што сапраўдныя героі (змагары) самі сябе не забіваюць. Прыкладам ён дае ахвяраў гільяціны і спаленую англічанамі Жанну д’Арк, а потым разважае пра павешанне, быццам перагукваючыся з Верай Бурлак:

Самы цымус —  ня зіркаць углыб:

кожны вечар фіранкі зашморгвай,

бойся, шыбенік, позірку шыб!

Асацыяцыя шыбеніцы—шыбы магла быць падказана сугуччам гэтых словаў, а магла быць пэўнай спасылкай на Бурлак. Некалькімі радкамі вышэй аўтар у сваёй характэрнай іранічнай манеры дзівіцца з колькасці зданяў вайны і міру, захаваных у літаратуры, і гэтым ускосна падкрэслівае трываласць памяці Каліноўскага:

Колькі прывідаў войнаў ды міру

Паўстае з рукапісных папер!..

Што тэатрам было за Шэкспірам,

Мыльнай опэрай стала цяпер!

Чамусьці ў кніжным варыянце гэтага верша няма страфы, якая ёсць у арыгінальным часопісным варыянце, у ёй наўпрост называецца «вяроўка» (пятля), а таксама цытуецца, хоць і не зусім дакладна, апошні радок «Пагоні» Багдановіча, аднаго з найбольш патрыятычных твораў беларускай паэзіі:

Палка прагнуў далёкай вандроўкі -

і знайшоў пуцяводную ніць.

А чароўнасьці мыльнай вяроўкі

не разьбіць, не стрымаць, не спыніць!…

Намёкаў на Каліноўскага багата ў вершы «данс макабр» — «пятля», «павешаны», гульня слоў «вісельня» — «вясельля», повязь паміж складаннем (зацягваннем) песень і пасыланнем і-мэйлаў з-пад шыбеніц:

Мы з табой цудоўныя песьні

Ў паражні парахні і плесьні

Зацягнулі б нібы пятлю

Як павешаны на перадвесьні

Раз памёршы ўжо не ўваскрэсьне

Ды па пальцы камень ня трэсьне:

Спадзяюся помню люблю

Вам з-пад шыбеніц шлём і-мэйлы.

Цяпер цяжка ўявіць час, калі імя Каліноўскага не будзе звязваццца са шляхам Беларусі да незалежнасці і палітычнай свабоды.

Зноскі

  1. Канстанцін Каліноўскі ў святле дакументаў Архівавана 15 верасня 2009. // Arche, 4-я зноска

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Паўстанне 1863—1864 гадоў
Творы 1864 года
Кастусь Каліноўскі