Цы́рын[1] (трансліт.: Cyryn, руск.: Цырин) — аграгарадок у Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці, на рацэ Сэрвач. Адміністрацыйны цэнтр Цырынскага сельсавета. Знаходзіцца на аўтамабільнай дарозе Туганавічы — Варонча.
Цырын — даўняе магдэбургскае мястэчка гістарычнай Наваградчыны.
Упершыню Цырын (Цэрын) згадваецца ў XVI ст. як уладанне вялікіх князёў. У 1432 Ягайла надаў Цэрынскае староства двараніну Наваградскай зямлі Севестрыяну Сегеню. У кан. XVI ст. тут праводзіліся павятовыя соймікі. Цягам XVI—XVIII стст. мястэчка было цэнтрам староства Наваградскага павета.
У Цырыне кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза сустракаў войска, што вярталася з Масквы. Станам на 1718 у мястэчку было 62 дымы, на 1795 — 75 двароў. 5 чэрвеня 1792 кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пацвердзіў Цырыну Магдэбургскае права і надаў яму герб: «у блакітным полі стаячы алень з залатым крыжам паміж рагамі»[2].
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Цырын апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Наваградскага павета. У 1852 расійскія ўлады збудавалі тут драўляную царкву. У 1862 адкрылася прыходская школа, у другой палове 80-х — народнае вучылішча. У кан. XIX — пач. XX ст. існавалі валасная і мяшчанская ўправы, царква, 2 капліцы, яўрэйскі малітоўны дом, багадзельня, хлебазапасны магазін, вадзяны млын; рэгулярна праводзіліся 2 кірмашы. Станам на 1908 у мястэчку было 110 двароў.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Цырын апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Наваградскага павета. За польскім часам тут існавала пачатковая школа, пошта, прыватныя яўрэйскія крамы, кааператыўная ашчадная каса (каса Стэфчыка).
У 1939 Цырын увайшоў у склад БССР, дзе стаў цэнтрам сельсавета. На 1 студзеня 2000 у вёсцы было 240 двароў.
У Цырыне працуюць сярэдняя і музычная школы, дашкольная ўстанова, бальніца, амбулаторыя, дом культуры, бібліятэка.