wd wp Пошук:

Хата з Ісерна

Хата канца XIX — пачатку XX стагоддзя з в. Ісерна Слуцкага раёна Мінскай вобласці. Перанесены ў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту ў в. Азярцо[1], дзе прадстаўлена ў экспазіцыі «Цэнтральная Беларусь». Адразу за хатай размешчаны хлеў з вёскі Солан.

Гісторыя

Сенцы і клець сядзібы былі пабудаваны ў 18801890 гадах Ціханам Горбачам, а хата зрублена Еўдакімам Самусевічам у пачатку ХХ стагоддзя. У хаце жылі Раман Арцёмавіч Трухан з жонкай Ірынай (у дзявоцтве — Самусевіч). Сенцы і клець аддаў свайму сыну Раману Арцём Трухан, а хату пабудаваў зяцю Еўдакім Самусевіч. Гэта першы помнік, адрэстаўраваны ў музеі ў 1984 годзе[2].

Архітэктура

Хата з Ісерна

З’яўляецца прыкладам лінейнай (пагоннай) забудовы на пачатковым этапе яе развіцця. Трохкамерная зрубная пабудова (хата + сенцы + клець). Хата пастаўлена без падмурка, замест яго — ніжні вянок з дубу. Страха двухсхільная, накрытая саломай. Франтон вынесены наперад, вертыкальна ашаляваны. У хаце справа ад уваходу печ на драўляным падрубе. Сенцы ўлетку маглі выкарыстоўваць як жылое памяшканне[1].

Інтэр'ер хаты
Калыска

Інтэр’ер хаты традыцыйны: печ, па дыяганалі чырвоны кут з абразамі, уздоўж сцен — шырокія лавы, насціл з дошак «на козлах» — пол — месца для адпачынку. Насупраць вусця печы — бабін кут з паліцай для посуду[2].

Клець прызначана для захоўвання прадуктаў і вопраткі і размешчана на двух узроўнях. Другі ўзровень — вышкі — навісае над сенцамі. Над вышкамі зроблена дадатковая скляпеністая страха «закот» з бярвёнаў, пакладзеных шчыльна ў выглядзе аркі. Столь у хаце з дошак на папярочных бэльках. У канструкцыі хаты шмат архаічных элементаў: кладка ў зрубе сцен драчкай уверх[1].

Зноскі

  1. 1 2 3 Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мінск: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
  2. 1 2 ХАТА З ВЁСКІ ІСЕРНА СЛУЦКАГА РАЁНА

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (10):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Помнікі беларускага народнага дойлідства
Катэгорыя·Музеі Слуцкага раёна
Катэгорыя·Перамешчаныя будынкі і збудаванні Беларусі
Катэгорыя·Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·Ісерна
Катэгорыя·З’явіліся ў XX стагоддзі
Катэгорыя·Пагонныя двары Беларусі
Катэгорыя·Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь