wd wp Пошук:

Францішак Бруздовіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Бруздовіч. Францішак Бруздовіч (польск.: Franciszek Bruzdowicz; 1861, в. Бродніца, Кобрынскі павет, Гродзенская губерня, цяпер Іванаўскі раён — 1912) — беларускі мастак у галіне станковага і дэкаратыўна-пракладнога жывапісу, аўтар роспісаў касцёлаў у Польшчы і Беларусі

Біяграфія

Францішак Бруздовіч нарадзіўся ў 1861 г. у вёсцы Бродніца Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці). Вучыўся ў Варшаве (1880—1883), у Кракаўскай школе мастацтваў у Яна Матэйкі (1883—1887). Пасля атрымання адукацыі працаваў у Польшчы.

Аўтар манументальных і станковых твораў. У 1898 г. удзельнічаў у размалёўцы касцёла ў Кельцах (Польшча). Пераможца конкурсу на праект размалёўкі кафедральнага сабора ў Плоцку (1900). У 1901 г. Ф. Бруздовіч стаў ініцыятарам стварэння і актыўным членам Таварыства польскага прыкладнога мастацтва.

У пачатку ХХ ст. мастак вярнуўся на радзіму.

У 1906 г. магнатамі Вайніловічамі, у значнай ступені на грошы якіх перад тым быў адрамантаваны драўляны касцёл святога Міхаіла ў Цімкавічах (цяпер у Капыльскім раёне), Францішак Бруздовіч быў запрошаны распісаць інтэр’ер касцёла. Работу завяршылі ў 1908 г. Галоўным матывам дэкору храма быў раслінны арнамент, які складаўся са шматлікіх кветак мясцовай флоры, пераплеценых з галінкамі і лісцем. Геаметрычны арнамент, аснова якога — ромб і яго варыянты, мастак выкарыстаў пры размалёўцы бэлек, нефавых слупоў, вушакоў дзвярэй.

Беларуская народная творчасць аказала моцны ўплыў на творачасць Францішка Бруздовіча: падчас выканання насценных размалёвак у касцёлах Нясвіжыа і Цімкавічаў мастак выкарыстоўваў народныя матывы ўзорыстага ткацтва, вышыўкі, мастацкай размалёўкі сялянскай мэблі. Мастацтвазнаўцамі яго жывапіс да гэтага часу ацэньваецца як адзін з лепшых узораў народнай традыцыі ў манументальна-дэкаратыўным мастацтве Беларусі.

Францішак Бруздовіч працаваў у жанры пейзажа, партрэта, сюжэтна-тэматычнай карціны. Сярод жывапісных работ мастака сем сюжэтных кампазіцый на біблейскія тэмы (знаходзіліся ў касцёле Міхаіла Архангела ў Цімкавічах, не захаваліся), «Касцёл у Карнкове», «Копія партрэта мужчыны» (1883), «Інтэр’ер вясковага касцёла» (захоўваюцца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве). Работы Ф. Бруздовіча дэманстраваліся на мастацкіх выставах у Мінску (1898, 1911), Львове (1894, 1902), Варшаве (1899), Кракаве (1896—1901), Дзюсельдорфе (1911).

Пазней тыя ж Вайніловічы запрасілі мастака аздобіць узведзены імі ў Мінску касцёл Святых Сымона і Алены. Да 1911 г. Ф. Бруздовіч зрабіў эскізы вітражоў і роспісаў, але сам рэалізаваць задумку ў матэрыяле паспеў толькі часткова.

Францішак Бруздовіч заўчасна памёр у 1912 г.

Памяць

20-27 жніўня 2018 г. у г. Іванаве праходзіў XV абласны пленэр разьбяроў манументальнай скульптуры, прысвечаны знакамітым пісьменнікам і мастакам, чый лёс меў дачыненне да іванаўскай зямлі. Па выніках пленэру 1 верасня 2018 г. падчас Дня беларускага пісьменства ў гарадскім парку была ўрачыста адкрыта «Алея знакамітых землякоў». Вобраз мастака Францішка Бруздовіча ажыў у дрэве, дзякуючы народнаму майстру Беларусі Анатолю Савельевічу Туркову з Каменца.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1861 годзе
Катэгорыя·Мастакі Беларусі
Катэгорыя·Памерлі ў 1912 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Пінскім павеце (Расійская імперыя)
Катэгорыя·Мастакі-манументалісты Беларусі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Мастакі-манументалісты Польшчы
Катэгорыя·Мастакі паводле алфавіта
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Іванаўскім раёне