У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Белы.
Уладзімір Аляксеевіч Белы (8 чэрвеня 1922, Краснадар, РСФСР — 17 жніўня 1994) — беларускі вучоны ў галіне механікі металапалімерных сістэм, трэння і кампазіцыйнага матэрыялазнаўства. Акадэмік Акадэміі навук БССР (1972; член-карэспандэнт з 1969), доктар тэхнічных навук (1971), прафесар (1971). Заслужаны вынаходнік БССР (1967), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі БССР (1978). У 1975—1985 гадах дэпутат Вярхоўнага Савета БССР[1][2].
Нарадзіўся 8 чэрвеня 1922 года ў горадзе Краснадар. У 1945 годзе з адзнакай скончыў Растоўскі інстытут чыгуначнага транспарту[2]. Паступіў у аспірантуру, у 1953 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па праблемах трэння і зносу матэрыялаў[3].
Працаваў дэканам і загадчыкам кафедры «Дэталі машын» Беларускага інстытута інжынераў чыгуначнага транспарту ў Гомелі. З 1960 года загадчык лабараторыі «Тэхнічная механіка»[2], з 1963 года кіраўнік лабараторыі, ператворанай у аддзел механікі палімераў АН БССР. У 1969—1979 гадах дырэктар Інстытута механікі металапалімерных сістэм АН БССР[2].
Выкладаць пачаў у Гомельскім дзяржаўным універсітэце. У 1969—1973 гадах займаў пасаду рэктара Гомельскага ўніверсітэта. У 1973—1987 гадах — віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук БССР.
З 1978 па 1983 год займаў пасаду рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Універсітэт пад яго кіраўніцтвам выйшаў у першыя шэрагі сярод больш чым 800 ВНУ СССР. У 1979, 1980 і 1981 гадах універсітэт узнагароджваўся пераходным Чырвоным сцягам Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі СССР і ЦК прафсаюзаў работнікаў асветы, вышэйшай школы і навуковых устаноў[4].
З 1987 года саветнік пры дырэкцыі Інстытута механікі металапалімерных сістэм, з 1993 года ганаровы дырэктар інстытута. У 1979—1990 гадах быў галоўным рэдактарам часопіса «Трэнне і знос», членам экспертнага савета Вышэйшай атэстацыйнай камісіі СССР[4].
Аўтар навуковых прац па даследаванню ўзаемасувязі малекулярных і надмалекулярных структур палімераў з іх фізіка-механічнымі ўласцівасцямі, трэнню і зносу палімераў. Распрацаваў асновы механікі металапалімерных сістэм, разліку і канструявання металапалімерных вырабаў[3].
Ім было напісана больш за 750 навуковых прац, у тым ліку 11 манаграфій. Аўтар 350 вынаходак, атрымаў 20 патэнтаў ЗША, Англіі, ФРГ, Японіі, Італіі, Францыі, Швецыі і іншых краін[1].
2 снежня 1994 года Кабінетам Міністраў Рэспублікі Беларусь была прынята Пастанова № 220 «Аб увекавечанні памяці У. А. Белага». У выкананне пастановы Інстытуту механікі металапалімерных сістэм было прысвоена імя У. А. Белага[5], а на будынку Інстытута была ўсталяваны памятны барэльеф у гонар вучонага[6].
У лютым 2004 года Гомельскі гарадскі савет дэпутатаў прыняў рашэнне прысвоіць скверу перад інстытутам імя У. А. Белага[7].
Академик Белый Владимир Алексеевич(нявызн.). НАН Беларуси. Праверана 10 жніўня 2009.
Белый Владимир Алексеевич(нявызн.). Сайт Михаила Шпилевского. Архівавана з першакрыніцы 2 мая 2007. Праверана 10 жніўня 2009.
Уладзімір Аляксеевіч Белы ў базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (руск.)
Белый Владимир Алексеевич(нявызн.) (недаступная спасылка). Деятели науки Гомельской области. Гомельский облисполком. Архівавана з першакрыніцы 31 кастрычніка 2006. Праверана 10 жніўня 2009.