wd wp Пошук:

Уладас Дыджокас

Уладас Дыджокас (літ.: Vladas Didžiokas; 1 верасня 1889, Вільня7 кастрычніка 1942, Каўнас) — літоўскі мастак, жывапісец, графік, сцэнограф.

Біяграфія

Вучыўся ў Вільні ў прыватнай рэальнай гімназіі і ў Рысавальнай школе Івана Трутнева. У 1911—1915 гадах вучыўся ў Санкт-Пецярбургу ў Цэнтральным вучылішчы тэхнічнага рысавання барона Шцігліца, пасля ў Акадэміі мастацтваў, вольным слухачом у класе жывапісу Дзмітрыя Кардоўскага (1917—1918)[1].

У 1917 годзе ажаніўся з ураджэнкай Санкт-Пецярбурга мастачкай Варварай Гарохавай (Барбарай Дыджэкене)[2]. У пачатку 1918 года разам з жонкай пасяліўся ў Віцебску, дзе працаваў памочнікам дэкаратара ў тэатры. Тут упершыню самастойна аформіў спектакль. Увосень таго ж 1918 года прыехаў у Вільню. Афармляў пастаноўкі літоўскага тэатра.

У 1919 годзе пасяліўся ў Коўне. У 1920 годзе з’ехаў у Расію, быў арыштаваны[1][3]. У 1921 годзе вярнуўся ў Літву. Працаваў чарцёжнікам у міністэрстве прамысловасці і гандлю. Калі рэжысёр Антанас Суткус заклаў Нацыянальны тэатр (Tautos teatras), Дыджокас пачаў афармляць яго спектаклі, будучым акцёрам чытаць лекцыі па гісторыі мастацтва ў Школе акцёрскага майстэрства. Удзельнічаў у пастаноўках сатырычнага тэатра «Vilkolakis» (Пярэварацень).

У 1922—1940 гадах (з перапынкамі) выкладаў у Каўнаскай мастацкай школе. У 1922—1923 гадах удасканальваўся ў галіне сцэнаграфіі ў Берліне. Па вяртанні браў удзел у рабоце Таварыства дзеячаў літоўскага мастацтва (Lietuvių meno kūrėjų draugija), у 1924—1925 гадах быў яго старшынёй[1].

Аформіў шэраг оперных спектакляў у Дзяржаўным тэатры ў Каўнасе. З 1936 годзе праводзіў летнія месяцы, а затым і пасяліўся ў сваёй сядзібе ў Давайнонісе (Кайшадорскі раён)[4].

Памёр у Каўнасе 7 кастрычніка 1942 года. Пахаваны на могілках Круёне.

Творчасць

Партрэт беларускага палітыка і культурнага дзеяча Івана Луцкевіча, 1919

Аўтар пейзажаў («Млын», «Вясна», 1922; «Каўнаскі пейзаж», 1933), партрэтаў (Івана Луцкевіча, 1919; Юозаса Талат-Кялпшы, 1925; Юзапаса Альбінаса Гербачаўскаса, 1925; Антанаса Садэйкі; Ёнаса Яблонскіса, 1930; аўтапартрэты 1930 і 1939 гадоў), нацюрмортаў, фігурных кампазіцый.

Творам ранняга перыяду ўласцівы рысы акадэмізму, дакладны рэалістычны малюнак, строгая кампазіцыя. Вялікі ўплыў на творчую манеру Дыджокаса зрабіла паездка ў Германію, дзе ён пазнаёміўся з познім імпрэсіянізмам і экспрэсіянізмам. У яго жывапісе з’явіліся больш смелы вольны мазок, яркі каларыт, незвычайныя кампазіцыйныя прыёмы[1].

Апроч жывапісу і сцэнаграфіі, займаўся графікай. Стварыў літаграфіі (аўтапартрэт, 1923; партрэт жонкі, 1924). Стварыў дэкарацыі оперных спектакляў у Дзяржаўным тэатры — «Рыгалета» Джузэпэ Вердзі (1921), «Фаўст» Шарля Гуно (1921), «Паяцы» Леанкавалы (1922), «Кармэн» Жоржа Бізэ (1924) і іншыя. Аформіў таксама пастаноўку «Разбойнікаў» Фрыдрыха Шылера (1928)[4].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 Pylimo galerija
  2. Didžiokienė-Gorochova Barbora (Varvara)
  3. VLE
  4. 1 2 Kauno žmonės

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (11):
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Вільнюсе
Катэгорыя·Памерлі ў 1942 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1889 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў Каўнасе
Катэгорыя·Нарадзіліся 1 верасня
Катэгорыя·Мастакі Літвы
Катэгорыя·Памерлі 7 кастрычніка
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Сцэнографы Літвы