wd wp Пошук:

Тускарора

Тускарора (саманазва: Tuska:rù:rę) — індзейскі народ, жыхары ЗША і Канады. Паходзяць з Паўночнай Караліны. Тускарора — шосты па ліку народ, які далучыўся да канфедэрацыі іракезаў. Агульная колькасць — 17 420 чал.[1]

Гісторыя

Продкі тускарора і чэрокі з’явіліся на тэрыторыі сучаснай Паўночнай Караліны ў пачатку 2 тысячагоддзя н. э. Да XVII ст. яны ўяўлялі 3 самастойныя групы, што насялялі ўзбярэжжа Атлантычнага акіяна:

У пачатку XVIII ст. яны падзяляліся на 2 палітычныя аб’яднанні — паўночнае і паўднёвае.

З 1653 г. на ўзбярэжжы сяліліся еўрапейскія каланісты. Адносіны паміж імі і тускарора доўгі час заставаліся мірнымі. Але 22 верасня 1711 г.[2] паўднёвае аб’яднанне нечакана пачало ваенныя дзеянні супраць брытанскіх перасяленцаў. У 1713 г. яны былі разбіты. Каля 1,5 тысячы тускарора мігрыравалі ў Нью-Ёрк, дзе ў 1722 г.[3] далучыліся да канфедэрацыі іракезаў.

Паўночныя тускарора ў 1718 г. падпісалі мірны дагавор з калоніяй Паўднёвай Караліны. Яны моцна пацярпелі ад эпідэмічных захворванняў, асабліва жоўтай ліхаманкі, іх тэрыторыі часцяком парушаліся самавольнымі перасяленцамі. Многія паўночныя тускарора мігрыравалі на поўнач услед за паўднёвымі. Пасля 1804 г. у Паўночнай Караліне заставалася толькі некалькі дзесяткаў сем’яў.

Падчас Амерыканскай рэвалюцыі большасць тускарора, што мігрыравалі на поўнач, прынялі бок Вялікабрытаніі. Пасля паражэння частка тускарора разам з лаялістамі пакінула тэрыторыю ЗША і асела ў Антарыа[4]. Астатнія былі вымушаны прыняць нейтралітэт і ў 1803 г. заключылі пагадненне з ЗША, згодна якому атрымалі аўтаномную рэзервацыю ў штаце Нью-Ёрк. У 1813 г. група тускарора на поўначы штата Нью-Ёрк здолела аказаць супраціўленне брытанскай дэсантнай аперацыі, у той час як амерыканскія добраахвотнікі разбегліся. Пазней гэты подзвіг быў ушанаваны манументам[5].

У пачатку XIX ст. урад рэзервацыі абвясціў нацыю тускарора. Ён імкнуўся інтэграваць усіх тускарора ўсходу ЗША. Гэты працэс цягнуўся да 2010 г. Тускарора Канады інтэграваны ў тутэйшае аб’яднанне іракезаў (шасці нацый) і маюць статус першаснай нацыі.

Асаблівасці культуры

Галоўнымі заняткамі тускарора здаўна былі земляробства, рыбалоўства, збіральніцтва і паляванне. Асабліва важнае значэнне мела вырошчванне кукурузы. Пасля з’яўлення англійскіх калоній удзельнічалі ў здабычы і гандлі футрам.

Тускарора Паўночнай Караліны будавалі сталыя паселішчы ўздоўж рэк. Вылучаліся вялікія ўмацаваныя паселішчы teethha, так званыя “гарады”, і малыя вёскі. Вёскі звычайна знаходзіліся ў падпарадкаваным стане ў адносінах да “гарадоў”[6]. Паляванне і збіральніцтва вымушала насельніцтва весці сезонныя міграцыі. Пры гэтым яны сяліліся ў крытых карою вігвамах. Тускарора карысталіся прыладамі з медзі, апраналіся ў вопратку са скур дзікіх жывёл, фарбавалі валасы ў чырвоны колер, каб адрознівацца ад іншых плямён[7].

Асновай традыцыйнага грамадства з’яўляюцца роды. Адлік сваяцтва вядзецца па лініі маці. У мінулым мужчыны пасля жаніцьбы пераязджалі ў род жонкі. У кожным родзе існуе пасада родавай маці — жанчыны, якая зацвярджае правадыроў і мае права суда. Аднак у астатнім кіраўніцтва залежыць ад мужчын. Правадыры абіраюцца мужчынскай радай. Рада вырашае найбольш важныя пытанні[8].

Фальклор тускарора блізкі да іншых іракезаў, асабліва анандага. Вылучаюцца цыклы міфаў пра стварэнне свету, прыгоды казачных істот. Звычайна кожны міф утрымоўвае пэўную практычную выснову[9]. Традыцыйная музыка амаль не захавалася. У другой палове XX ст. узнікла чарага прафесійных спевакоў, якія працуюць у такіх напрамках, як блюз, кантры, інды-поп.

Зноскі

  1. Tuscarora Nation Population Demographics
  2. The Tuscarora War
  3. Tuscarora
  4. 1796 Treaty with the Seven Nations of Canada
  5. HISTORY OF LEWISTON
  6. The Tuscarora
  7. Tuscarora Culture Архівавана 5 ліпеня 2016.
  8. MATRILINEAL CULTURE OF THE TUSCARORA NATION
  9. Tuscarora Myths and Legends

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Іракезы
Катэгорыя·Народы Канады
Катэгорыя·Народы ЗША