wd wp Пошук:

Турфанская акруга

Турфанская акруга, гарадзішча Цзяохэ

Турфанская акруга (па-кітайску: 吐鲁番地区) — адміністрацыйная адзінка ў цэнтральнай частцы Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёна на паўночным усходзе Кітайскай Народнай Рэспублікі. Турфанская акруга знаходзіцца ў нізіне (Турфанская нізіна) перад усходнімі адгор’ямі Цяньшаня і прасціраецца прыкладна ад 41°12’ да 43°40’ паўночнай шыраты і ад 87°16’ да 91°55’ усходняй даўгаты. Альтытуда самага нізкага месца Турфанскай нізіны, берагавой лініі возера Айдзін, складае 154,50 м ніжэй узроўню мора. Пасля Мёртвага мора Турфанская нізіна займае другое месца сярод самых нізкіх раёнаў Зямлі. Плошча Турфанскай акругі складае 69.324 км², насельніцтва па стану 2004 года — 570.000 чалавек. Тэлефонны код: 0995. Паштовы індэкс: 838000. Сталіцай з’яўляецца горад Турфан.

Гісторыя

Турфанская даліна была заселена чалавекам яшчэ ў перыяд ранняга неаліту ў 6-7 тысячагоддзі да н.э.,асноўным заняткам тагачасных плямёнаў былі паляванне і збіральніцтва. З пераходам да феадальнага строю і развіццём сельскай гаспадаркі і сродкаў вытворчасці людзі паступова пераходзілі да асёдлага вобразу жыцця. Як сведчаць кітайскія летапісныя крыніцы, першымі вядомымі жыхарамі Турфанскай катлавіны былі сагдыйцы — старажытны ўсходне-іранскі этнас. Сагдыйцы добра ведалі тэхніку кярызнага абваднення, а таму паспяхова валодалі майстэрствам ажыўлення пустынь. Пранікненне кітайцаў у рэгіён сучаснай Турфанскай акругі пачалося толькі ў II ст. да н.э., дзе яны напаткалі нешматлікі самастойны этнас, які атрымаў назву чэшы.[1].

Клімат

Турфанская даліна з’яўляецца самым гарачым месцам Кітая. Тып клімату — кантынентальна-арыдны. Гадавы тэмпературны інтэграл Турфанскай нізіны дасягае 4500-5500 °C. Лета знойнае, зімы халодныя. Беззамаразкавы перыяд каля 220 дзён. Сярэднегадавая колькасць ападкаў каля 10 мм, выпаральнасць каля 3000 мм.

Дэмаграфія

Народ/этнас Колькасць Суадносіны
Уйгуры 385.546 70,01 %
Хань 128.313 23,3 %
Хуэй 35.140 6,38 %
Казахі 321 0,06 %
Тудзя 274 0,05 %
Маньджуры 254 0,04 %
Манголы 158 0,03 %
Ту 154 0,03 %
Тыбетцы 105 0,02 %
Мяо 98 0,02 %
Джуан 88 0,02 %
Дунгане 79 0,01 %
Іншыя 201 0,04 %

Адпаведна апошняму перапісу насельніцтва ў 2000 годзе насельніцтва Турфана складала 251,652 чалавек, з якіх 70,38 % — уйгуры. Шчыльнасць насельніцтва — 7,94 чалавек/км².

Адміністрацыйны падзел

Турфан 吐鲁番市 г. павятовага значэння   13.650 км² 250.000 чал.
Шаньшань  鄯善县 павет 39.548 км² 210.000 чал.
Токсунь 托克逊县 павет 16.126 км² 110.000 чал.

Эканоміка

На сёння ў Турфанскай акрузе выяўлена звыш 60 відаў карысных выкапняў і мінералаў, у тым ліку нафта, прыродны газ, каменны вугаль, золата, жалеза, медзь, мірабіліт (глаўберава соль), граніт, калійная салетра (нітрат калію), натрыевая салетра, бараты і іншыя. Турфан-Хамійскае нафтагазавае радовішча з’яўляецца аднім з трох найбуйнейшых нафтагазавых радовішч Кітая. Турфан-Хамійскае вугальнае радовішча ўваходзіць у склад 10 буйнейшых у свеце вугальных басейнаў, запасы вугля басейна дасягаюць 500 мільярдаў тон. Агульная плошча яго нафтагазаносных пластоў дасягае 25 тысяч км². У 2004 годзе сукупны ўнутраны прадукт Турфанскай акругі склаў каля 9.759.000.000 юаняў.

Галоўнае месца ў аграрным сектары Турфанскай акругі, як і наогул у Сіньцзяне займае аазісная сельская гаспадарка, магчымасці якой абмежаваны спецыфічнымі кліматычнымі ўмовамі рэгіёна. У Турфанскім аазізе паспяхова развіваюцца хлапкаводства і вінаградарства. Сусветнавядомы турфанскі белы бяскостачкавы вінаград з Вінаграднай даліны вызначаецца высокім утрыманнем цукру (каля 20-22 %) і выдатнымі смакавымі якасцямі. 75 % сукупнай вытворчасці разынак Кітая паходзяць адсюль, з Турфанскага аазіса, разынкі паспяхова экспартуюцца ў краіны свету і прывабліваюць турыстаў ці гасцей даліны. Таксама славіцца Турфанская акруга сваімі сакавітымі хамійскімі дынямі.

Гістарычныя помнікі

Турфанская даліна мае багатае культурна-гістарычнае мінулае. Тут знаходзяцца звыш 200 гістарычных помнікаў і мясцін з вялікай культурнай каштоўнацю. Сярод іх адзін аб’ект дзяржаўнага значэння (катэгорыя 4A), 6 ахоўваемых культура-гістарычных аб’ектаў дзяржаўнага ўзроўню, 32 ахоўваемых аб’екта на ўзроўні аўтаномнага раёна.

Мінарэт Іміна

Гарадзішча Дзяохэ (交河故城) Знаходзіцца ў 10 км ад Турфана. Заснавальнікамі старажытнага горада былі чэшы, першыя жыхары Турфанскай даліны. Знаходзіцца на ў месцы раздваення ракі. Знішчана манголамі ў 13 стагоддзі.

Гарадзішча Гаочан (高昌故城) На месцы сённяшняга гарадзішча Гаочан стаяў старажытны горад. Гарадзішча знаходзіцца ў 30 км на паўднёвым захадзе ад сучаснага Турфана. Гаочан быў заснаваны ў 1 стагоддзі да н.э. Знічшаны пажарам у час вайны ў 14 стагоддзі.

Мінарэт Іміна (苏公塔 ці 额敏塔) Помнік мусульманскага дойлідства. Будаўніцтва мінарэта было завершана ў 1778 годзе ў часы княжання Сулеймана, сына Іміна. Мінарэт Іміна аб’яўлены ахоўваемым помнікам дзяржаўнага значэння.

Бацыклікскія пячоры (柏孜克里克千佛洞) Базыклікскія пячоры тысячы Буддаў знаходзяцца на адлегласці 45 км ад Турфана. Узніклі яны ў 5-9 стагоддях н.э. паміж гарадамі Турфан і Шаньшань (Лоўлань) на паўночным усходзе пустыні Такла-Макан. Некалі існавала звыш 80 пячор, з якіх захаваліся толькі 40, 6 з якіх адчыненыя для наведвальнікаў. У пячорах захавалася вялікая колькасць фрэсак, матывы якія сведчаць аб тагачасным жыцці манахаў. На пачатку 20 ст. гэтыя будыйскія помнікі былі часткова знішчаны, большая частка фрэсак разрабавана.

Рэлігія

Прыблізна ў 5 стагоддзі квітнеючы ва ўнутраных раёнах Кітая даасізм быў прынесены ханьцамі ў Сіньцзян. Распаўсюджваўся не шырока, спачатку быў успрыняты толькі ў Турфане і Хамі, дзе кампактна пражывалі ханьцы. Толькі пачынаючы з дынастыі Цын даасізм распаўсюдзіўся ва ўсіх раёнах Сіньцзяна. Прыблізна ў 6 стагоддзі з Персіі праз Сярэднюю Азію ў Сіньцзян пранікла маніхейства. У сярэдзіне 9 стагоддзя уйгуры, дзяржаўнай верай якіх было маніхейства, пасля перасялення ў Сіньцзян паспрыялі развіццю гэтай веры ў Сіньцзяне. Уйгуры-маніхейцы пабудавалі ў Турфанскім раёне мноства манастыроў, прабілі каменныя пячоры, пераклалі каноны, узбагацілі мастацтва фрэскамі, распаўсюджваючы такім чынам догмы і культуру маніхейства.

Іншае

Першае дасканалае еўрапейскае апісанне Турфанскай даліны была зроблена рускім географам Р. Я. Грум-Гржымайла ў 1889 годзе, пасля экспедыцыі ў Люкчунскую яміну (Турфанская катлавіна).

Крыніцы

  1. Гумилев Л. Н. История народа Хунну. VII. Взлет дракона

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Адміністрацыйны падзел Кітая
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·Сіньцзян-Уйгурскі аўтаномны раён