У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Рудэнка. Таццяна Аляксееўна Рудэ́нка (22 снежня 1953, г. Тбілісі, Грузія) — беларуская мастачка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Скончыла ў 1976 годзе Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя С. М. Кірава, у 1976—1982 гадах выкладала ў ім. У 1986—2009 гадах працавала на Віцебскім камбінаце «Мастацтва». Удзельніца мастацкіх выстаў з 1976 года.
Член Беларускага саюза мастакоў з 1990 года.
Жыве ў Віцебску.
Працуе ў галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (габелен, батык), займаецца афармленнем сцэн, ювелірным мастацтвам, станковым жывапісам.
Асноўныя працы (у сааўтарстве з Ю. Рудэнкам): габелены «Лістапад», «Зямля» (1987), «Камета», «Цень ад вясёлкі», «Зацьменне», «Стагоддзі», «Азёрны край» (1993); дэкарацыі для тэатра «Вячэрні паказ» (1983), «Урачыстая» (1986), «Кветка папараці» (1987), «Залацістая» (1989); бацікі «Першыя кветкі» (1981), «Бэз» (1990), «Японская акацыя», «Планета» (1991), «Усход» (1992), «Сусвет», «Белая ноч», «Палявыя кветкі» (1994); працы ў змяшанай і аўтарскай тэхніцы «Пачатак» (1988), «Хмара» (1989), «Сухія кветкі» (1991), «Зімовы сон», «Ліпеньская ноч», «Далёкі востраў» (1992), «Апошні ліст», «Код жыцця» (1995); трыпціх «Іерусалім» (2007); мноства ювелірных вырабаў, у тым ліку сімвалічныя пёры — прызы журналістам ІІІ Міжнароднага фестывалю «Славянскі базар».
Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Віцебскім мастацкім музеі, фондах Беларускага саюза мастакоў, Епархіяльным музеі ў г. Катавіцы (Польшча).
У шлюбе з мастаком Юрыем Васілевічам Рудэнкам.