Сырае́жка крохкая (Russula fragilis) — шапкавы базідыяльны грыб з роду Сыраежка (Russula) сямейства Сыраежкавыя (Russulaceae).
Пладовае цела грыба — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 2—5 см, пукатая, пазней плоская, з тонкім гладкім або рубчастым краем. У спелых грыбоў часам край шапкі прыўзняты. Скурка чырвонага колеру з фіялетавым адценнем, лёгка адстае ад мякаці. Ножка грыба даўжынёй 3—6 см і 1—1,5 см у дыяметры, круглая, суцэльная. Колер ножкі белы, у дарослых грыбоў часам набывае жаўтаватае адценне. Мякаць белага колеру, крохкая, едкая на смак, без асаблівага паху. Пласцінкі прырослыя, крохкія, белыя. Часам па краю пласцінак прысутнічаюць дробныя зубцы. Споры дробнабарадаўчатыя або шыпаватыя, бясколерныя.
Ядомы грыб.
Грыбы растуць у розных лясах. Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліпені—верасні, паасобку або групамі.