wd wp Пошук:

Стрынатка звычайная

Аўся́нка (стрынатка) звычайная (Emberiza citrinella) — пеўчая птушка сямейства Аўсянкавыя (Emberizidae).

Апісанне

Даўжыня цела 16—18 см, размах крылаў 23—29,5 см. Палавы дымарфізм слабы. Жоўта-карычневая з надхвосцем рудога колеру і белымі крайнімі рулявымі (якія добра бачныя ў палёце). Самец увесну з ярка-жоўтымі галавой і нізам цела. У сaмкі і маладых птушак менш жоўтага колеру і больш цёмных плям. Маладыя падобныя да самкі.

Пашырэнне

Арэал: Еўропа (ад паўночнай часткі Іспаніі), Каўказ, Заходняя Сібір да вярхоўя Лены. Інтрадуцыравана ў Новай Зеландыі. Насяляе сухія сонечныя адкрытыя ландшафты паркавага тыпу, ускрайкі лясоў, негустыя дрэвастоі паблізу адкрытых месцаў і сярод поля, пагоркі, на поўначы — пояс бярозавых лясоў; крыху радзей — сады на межах палёў. У Татрах даходзіць да вышыні 1800 м, у Італьянскіх Альпах — 2100 м, на Каўказе — да 2000 м над у.м. Сустракаецца на востраве Мядзведжым, у Ісландыі, на Фарэрскіх астравах, Балеарах і Мальце.

У асноўным аселая птушка. Папуляцыі з паўночнай часткі арэала пералётныя. Месцы зімовак у межах гнездавога арэала, а таксама Паўднёвая Еўропа, Малая Азія, Блізкі Усход, Сярэдняя Азія, Паўночна-Заходняя Афрыка.

Асаблівасці біялогіі

Гняздо будуе на зямлі ў ямцы, у добра праграваемым сонцам месцы пад галінкамі куста або навіслай травяністай расліннасцю, якія яго добра маскіруюць, звычайна каля вадацёку ці асновы невялікага пагорка, малога дрэўца або куста, у ажыне або глогу. У выключным выпадку — у перакрыжаваных галінках адразу над зямлёй (не вышэй за 1 м). Знешняя частка гнязда са сцёблаў і лістоў траў, заламаных па краі, па-за гняздо тырчаць некалькі канцоў. Унутраная частка шчыльная і тоўстая, з вузкіх выгнутых лістоў травы (часам з прымессю моху і завяўшых раслінных валокнаў). Высцілка з тонкіх сухіх карэньчыкаў і конскага воласу.

Яйкі (3—5, часам 2—6) асіметрычныя, з вострым вузейшым канцом, шараватыя, крыху пурпуровыя, фіялетава-блакітныя, брудна-белыя, белыя з фіялетавым адценнем або бела-карычневыя, з мноствам карычнева-фіялетавых, іржава-пурпуровых, чорна-фіялетавых або чорных завіткоў і рысак, раскіданых нерэгулярна па паверхні або ўтвараючых кальцо вакол шырэйшага канца. Птушаняты вылупліваюцца праз 12—14 сутак і яшчэ праз 9—10 сутак вылятаюць з гнязда.

Кормяцца птушкі насеннем раслін і насякомымі.

Падвiды

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Птушкі Еўразіі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Птушкі Новай Зеландыі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Аўсянкавыя
Катэгорыя·Біялагічныя артыкулы без EOL