Стаўбцо́ўская раўні́на[1][2] — фізіка-геаграфічны раён у Беларусі, на паўднёвым захадзе Мінскай і ўсходзе Гродзенскай абласцей, у басейне верхняга цячэння ракі Нёман. Мяжуе з Мінскім узвышшам, Нёманскай нізінай, Цэнтральнабярэзінскай раўнінай, Капыльскай градой. Вышыня 150—200 м.
У тэктанічных адносінах Стаўбцоўская раўніна прымеркавана да цэнтральнай часткі Беларускай антэклізы, дзе Цэнтральнабеларускі масіў сучляняецца з Валожынскім грабенам. Складзена з ніжнепратэразойскіх гнейсаў, кварцытаў, верхнемелавых мергельна-мелавых моцна апясчаненых парод, антрапагенавых чырвона-бурых марэнных супескаў і суглінкаў, месцамі перакрытых водна-ледавіковымі розназярністымі пяскамі і супескамі. Магутнасць антрапагенавых асадкаў 100—150 м.
Раўніна фарміравалася ў зоне акумуляцыі сожскага ледавіка, пасля адступлння якога значна перапрацавана эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі. Паверхня спадзіста-хвалістая, месцамі ўзгорыста-хвалістая. Адносная вышыня — 3—7 м. Трапляюцца забалочаныя і затарфаваныя лагчыны, часам з вадацёкамі; на водападзелах — тэрмакарставыя западзіны; прыдалінныя ўчасткі парэзаны лагамі, зрэдку ярамі. Карысныя выкапні: мел, пясчана-жвіровы матэрыял, будаўнічыя пяскі, лёгкаплаўкія гліны.
Асноўныя рэкі: Нёман, Уса, Ператуць, Лоша, Нёманец, Уздзянка, Тур’я.
Пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы, у паніжэннях — дзярнова-падзолістыя забалочаныя, у далінах рэк — дзярнова-глеістыя (поймавыя) з участкамі тарфяна-балотных.
Лясістасць 30 %. Вялікія масівы на поўначы раўніны. Пераважаюць хвойнікі і ельнікі верасовыя і імшыстыя. Трапляюцца дубровы і другасныя бярэзнікі, у паніжэннях — чорнаалешнікі са сфагнавымі балотамі. Паверхня моцна разараная.
На тэрыторыі раўніны Коласаўскі заказнік.