У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Пясочнае (значэнні). Пясо́чнае[1] (трансліт.: Piasočnaje, руск.: Песочное) — аграгарадок у Беларусі, у Капыльскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Бабаўнянскага сельсавета.
Знаходзіцца за 26 км у напрамку на поўнач ад горада Капыль, за 93 км ад Мінска, за 37 км ад чыгуначнай станцыі Цімкавічы[2]. Недалёка ад аграгарадка Пясочнае рэкі Уса (правы прыток) і Лоша (левы прыток) зліваюцца, утвараючы раку Нёман.
Вядома з XVI стагоддзя як мястэчка ў Капыльскім княстве Вялікага Княства Літоўскага[2]. Было ва ўласнасці Алелькавічаў, з XVII стагоддзя — Радзівілаў. З 1791 года Пясочнае ў Случарэцкім павеце Новагародскага ваяводства, з 1793 года ў Расійскай імперыі, у Магільнянскай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні[2]. У пачатку XX стагоддзя ў складзе Цялядавіцкай воласці Слуцкага павета. У 1924—1963 гадах цэнтр Пясочанскага сельсавета[3]. Да 30 сакавіка 2016 года Пясочнае ўваходзіла ў склад Слабада-Кучынскага сельсавета[4].