Пустазе́лле, пустазельныя расліны — расліны, рост якіх на пэўных участках непажаданы.
Пустазеллю ўласцівы вялікая пладавітасць, непатрабавальнасць да якасці глебы і кліматычных умоў. Пустазелле пагаршае ўмовы развіцця культурных раслін, зніжае ураджай і яго якасць, перашкаджае эфектыўнаму выкарыстанню сельскагаспадарчых машын, спрыяе пашырэнню шкоднікаў, змяншэнню прапускной здольнасці меліярацыйных сістэм і інш. Многія з пустазельных раслін ядавітыя.
Мяжа паміж пустазельнымі і культурнымі раслінамі дастаткова ўмоўная. Напрыклад, сланечнік у выпадку асыпання вялікай колькасці насення на глебу, можа засмеціць пасевы азімай пшаніцы[1]. Некаторыя пустазельныя расліны (напрыклад, васілёк сіні) не сустракаюцца па-за межамі аграбіяцэнозаў.
Паводле месца росту пустазелле падзяляецца на
На тэрыторыі Беларусі вядомы каля 300 відаў пустазелля. Найбольш пашырана аднагадовае (лебяда белая, свінакроп палявы, пупок палявы, зоркаўка сярэдняя і інш.) і шматгадовае (пырнік паўзучы, асот палявы, бярозка палявая, шчаўе конскае і інш.)[2]
У мэтах барацьбы з пустазеллем выкарыстоўваюць сістэму мерапрыемстваў[1], у склад якой уваходзяць агратэхнічныя (севазварот, своечасовая апрацоўка глебы і пасеваў, своечасовая сяўба і ўборка ўраджаю, мульчыраванне глебы), хімічныя (апрацоўка гербіцыдамі), карантынныя, кантроль за якасцю і чысцінёй насення і інш.