wd wp Пошук:

Правы рэванш

«Правы рэванш» — незарэгістраваная ультраправая беларуская арганізацыя сярэдзіны 1990-х гадоў. Кіраўнікі арганізацыі звярталіся да ідэяў Ніцшэ, Шпэнглера і іншых ідэолагаў радыкальнага кансерватызму і нацыяналізму Заходняй Еўропы[1]. Арганізацыя выкарыстоўвала ў якасці сваё сімволікі чорна-чырвона-чорны сцяг[2].

Перадумовы

Славамір Адамовіч заўсёды сімпатызаваў БНФ, аднак выступаў за стварэнне больш радыкальнай арганізацыі. 27 ліпеня (дзень прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі) 1994 года, беларускія нацыяналісты прайшліся з паходнямі па праспекце Францыска Скарыны ў Мінску.

У канцы кастрычніка 1994 года ў інтэрв’ю гродзенскай «Пагоні» Адамовіч распавёў пра арганізацыю «Правы рэванш», якая павінная была арганізоўвацца пяцёркамі — «актыўна-сілавымі камандамі». Яны павінныя былі б выконваць заданні цэнтра, але мелі б шырокія паўнамоцтвы на месцах. Тамсама Адамовіч агучыў ідэю суполкі: змаганне з «гастралёрамі», якія «прынялі Беларусь за Рыа-дэ-Жанэйра»[3].

Стварэнне

Асноўны артыкул: З’езд беларускіх нацыяналістаў (1994) 26–27 лістапада 1994 года у Віцебску праходзіў з’езд беларускіх нацыяналістаў. У акцыі ўдзельнічала больш за 60 чалавек (прысутнічалі прадстаўнікі незарэгістраванай Нацыянальнай партыі і зарэгістраванай Партыі аматараў піва са сваім лідарам Андрэем Рымашэўскім). Дзень з’езду быў прымеркаваны да дня нараджэння ўраджэнца рэгіёна Уладзіміра Караткевіча.

З’езд праходзіў у мастацкай галерэі Алеся Пушкіна. У першы дзень з’езду яго разагнала міліцыя, заявіўшы, што ў будынку бомба. Удзельнікі з’езду адмовіліся разыходзіцца, і праваахоўнікі выкарысталі сілу, такім чынам, траўмаваўшы журналіста віцебскага выдання «Выбар».

З’езд, дарма што перашкоды, прайшоў. 27 лістапада было абвешчана пра стварэнне «Правага рэваншу», а таксама былі прынятыя патрыятычныя рэзалюцыі. Тады ж быў разагнаны мітынг удзельнікаў з’езду каля помніка Караткевічу. Адамовіч атрымаў трое содняў адміністрацыйнага арышту[3].

Дзейнасць

«Правы рэванш» стаў слаць лісты тым, хто, на думку ягоных чальцоў, здраджвае краіне. У лістах яны патрабавалі ад адрасатаў спыніць сваю дзейнасць. Такія лісты ў канцы 1994 года атрымалі, напрыклад, рэдакцыя «Новай народнай газеты» і Саюз палякаў Беларусі. Апошні даслаў Адамовічу запыт патлумачыць, што і да чаго[3].

6 лютага 1995 года на сходзе рэгіянальных камандаў «Правага рэваншу» ў Мінску быў дадзены адказ, у якім палякі былі названыя «этнапалітычнымі праціўнікамі» беларусаў[3]. Паведамлялася, што перад рэгіянальнымі камандамі пастаўленая задача скасаваць уплыў прапольскіх элементаў на беларускі электарат. Польшча таксама крытыкавалася за тое, што падчас нямецка-фашысцкай акупацыі Армія Краёва знішчала беларусаў. У адказе папярэджваліся тыя, хто меў жаданне ажыццяўляць у Беларусі «брудныя гешэфты». У такім выпадку іх чакала «другая Чачня»[3].

13 сакавіка 1995 года ў Мінску прайшоў літаратурны вечар Славаміра Адамовіча, на якім ён даў інтэрв’ю рэжысёру Юрыю Азаронку і зачытаў яму свой верш «На дзень стварэння арганізацыі “Правы рэванш”». У вершы была агучаная ідэя прыходу да ўлады шляхам дзяржаўнага перавароту (без крыві і ахвяр)[3].

Зноскі

  1. Петр Петровский. Угрожают ли правые силы евразийской интеграции Беларуси? (руск.)  // Евразия эксперт. — 24 Мая 2016 г..
  2. Флаги политических партий Беларуси
  3. 1 2 3 4 5 6 Аляксандр Кур’яновіч. «Хачу ўбачыць паразу ворага і трыумф нацыянальнага духу» (бел.)  // Новы Час. — 19-05-2018.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Старонкі з модулем Hatnote з чырвонай спасылкай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Беларускія нацыяналістычныя арганізацыі
Катэгорыя·Беларускі нацыяналізм
Катэгорыя·Зніклі ў 1990-я гады
Катэгорыя·Вікіпедыя·Ізаляваныя артыкулы/сірата0
Катэгорыя·Арганізацыі, заснаваныя ў 1994 годзе