Персе́паліс (стар.-грэч.: Περσέπολις, перс.: تخت جمشید) — археалагічны помнік на месцы горада, сталіцы Персідскай імперыі (VI—IV стст. да н. э.). Знаходзіцца ў 60,2 км[1] на паўночны ўсход ад сучаснага горада Шыраза. Агульная плошча 13 га.
Персепаліс быў заснаваны ў 515 г. да н. э. Дарыям I як сталіца Персідскай імперыі. Меркаванні археолагаў, якія праводзілі раскопкі ў 1930-ых гг., аб ранейшым заснаванні горада, магчыма Кірам Вялікім, пазней не знайшлі свайго пацвярджэння. Самі персы называлі горад Парса, а старажытныя грэкі — Περσέπολις, літаральна “горад персаў”.
У IV ст. да н. э. Персепаліс займаў велізарную плошчу, яго цэнтрам была валадарская рэзідэнцыя. У іншаземных крыніцах горад узгадваўся рэдка, што потым нават прывяло да спекуляцыйнага сцверджання, быццам бы персідскія манархі трымалі яго існаванне ў сакрэце. На самой справе, Персепаліс будаваўся так, каб рабіць як мага больш вялікі ўплыў на наведвальнікаў. Горад выкарыстоўваўся як сезонная рэзідэнцыя, куды сцякаліся натоўпы падданых да навагодняга свята Нет Рус. Большасць будынкаў была ўзведзена з каменю, але дахі рабіліся драўлянымі, змацаванымі заціскамі з жалеза і свінцу.
У 330 г. да н. э. Персепаліс быў захоплены, а потым разрабаваны і спалены Аляксандрам Македонскім. Некаторы час ён з’яўляўся адміністрацыйным цэнтрам Персіі як правінцыі дзяржавы Селеўкідаў. Але ў II ст. да н. э. адміністрацыя пераехала ў суседні горад Эстахр.
Персепаліс меў вызначальнае значэнне з пункту гледжання развіцця гістарычнага і археалагічнага вывучэння краін Заходняй Азіі.
Відавочна, першым еўрапейцам, які ўзгадаў пра існаванне рэштак старажытнага горада, быў венецыянец Ясафат Барбара (1413 - 1494 гг.), які аднак палічыў, што яны маюць старажытнае яўрэйскае паходжанне[2]. Магчыма, гэта адбылося з-за яго няправільнага тлумачэння каментарыяў да Карана Табары, які параўноўваў палацы Персепаліса з тронам Саламона. Падрабязнае апісанне руін і іх вызначэнне як старажытнай персідскай сталіцы пакінуў Жан Шардэн (1643 - 1713 гг.), французскі вандроўнік XVII ст.
У XVIII - XIX стст. Персепаліс наведвалі даследчыкі з розных еўрапейскіх краін для вывучэння персідскага клінапісу. З’явіліся навуковыя апісанні, фотаздымкі і планы развалін. У канцы XIX - пачатку XX ст. частка знойдзеных у Персепалісе артэфактаў апынулася ў еўрапейскіх музеях.
3 лістапада 1930 г. у Іране быў прыняты закон аб археалагічных раскопках, які забараняў неарганізаваныя даследаванні і раскраданне гістарычных помнікаў. Гэта стымулявала новы этап планамернага вывучэння на аснове выключна навуковых падыходаў. 16 снежня 1930 г. быў выдадзены першы дазвол на раскопкі ў старажытнай сталіцы. Яны вяліся нямецкімі спецыялістамі да 1939 г. на сродкі, сабраныя Чыкагскім ўніверсітэтам. З самага пачатку археолагі бралі на сябе абавязак не толькі рабіць знаходкі, але таксама захоўваць і кансерваваць захаваныя помнікі мінулага. У 1939 - 1940 гг. работы, звязаныя з кансервацыяй, праводзілі ўласна іранскія спецыялісты.
У пасляваенны перыяд вывучэнне Персепаліса вялося рознымі еўрапейскімі археолагамі з непасрэдным удзелам іранцаў. У 1975 г. археалагічныя раскопкі фактычна былі спынены.
У 1979 г. Персепаліс трапіў у спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Персепаліс уяўляе сабою суцэльны комплекс рэштак будынкаў, месцаў археалагічных раскопак і магільняў старажытных персідскіх манархаў. Ён уключае:
Таксама захаваліся фундамент скарбніцы, недабудаваная брама, шматлікія навершы калон, сажалка і г. д.